Валерыю Пашкевічу з Гродна — 30 гадоў. Днём ён працуе мыйшчыкам грузавых аўтамабіляў, а ўвечары — жвава і бадзёра пераскоквае цераз парэнчы і іншыя перашкоды ў горадзе, робіць трайныя сальта ў паветры, саскоквае з дахаў гаражоў, выклікаючы здзіўленне і захапленне (гэта радзей) у мінакоў.

Першыя трукі паркура гродзенец асвоіў, калі яму было ўсяго 10 гадоў. І вось на працягу 20 гадоў ён адточвае сваё акрабатычнае майстэрства, якое тонка мяжуе з рызыкай. Відэа трэніровак Валерый выкладвае ў сваім інстаграме, актыўна збіраючы «сэрцайкі» і каментары аўдыторыі.

Гледзячы на такую актыўнасць і колькасць падпісчыкаў (135 тысяч), цяжка ўявіць, што гродзенец толькі пару месяцаў таму пачаў актыўна весці сваю старонку. Між тым некаторыя яго відэа набіраюць па 4 800 000 праглядаў.

Сустрэцца з ім дамовіліся на другім паверсе паркоўкі гандлёвага цэнтра. Мускулісты і падцягнуты хлопец невысокага росту адразу згадзіўся папазіраваць для фота да артыкула. Ён жвава падыходзіць да парэнчаў, ацэньваючы адлегласці да зямлі.

— А можна нешта прасцейшае? — папрасілі ў яго, бо адрэналіну ад убачанага ў інстаграме хапала і так.

— Ну, тады проста стойка! — хлопец у адну секунду стаў рукамі на парэнчы, за якімі метраў з 10 да зямлі.

Паркурам Валера пачаў захапляцца ў дзесяцігадовым узросце пасля таго, як разам са старэйшым братам паглядзелі фільм «13-ы раён». З таго моманту пачаў вывучаць ролікі ў інтэрнэце і спрабаваць паўтарыць найпрасцейшыя элементы гэтага віду спорту.

У былыя часы, распавядае суразмоўца, людзей, якія захапляліся паркурам, было болей. Разам яны трэніраваліся, дзяліліся ведамі і ездзілі на спаборніцтвы. Двойчы гродзенец займаў першыя месцы — у Мінску і Маскве.

— Цяпер людзей, якія займаюцца паркурам, вельмі мала… Добра, калі чалавек з 20 набярэцца па ўсёй краіне…

— Раскажы, як праходзіць твая трэніроўка?

— Любая трэніроўка пачынаецца з размінкі. Трэба разагрэць суставы і цела. Мы называем гэта «ваўты». Гэта калі проста пераскокваць лёгкімі спосабамі цераз парэнчы, затым — з разваротамі. Потым, калі ўжо размяліся нармальна, ідзём па горадзе і шукаем цікавыя месцы.

— Ці атрымліваў калі-небудзь сур'ёзныя траўмы?

— Я нічога не ламаў ніколі, цьху-цьху-цьху. Зашывалі некалькі разоў рукі, ногі, галаву. Ірваў звязкі на галёнкаступнёвым суставе некалькі разоў. Усё гэта было праз не вельмі ўдалае прызямленне.

— Калі цябе зашывалі, не было думак усё кінуць і жыць сабе спакойна?

— Не, такіх думак не было. Было жаданне прааналізаваць, што зрабіў не так, і больш такога не паўтараць.

— А як бацькі ставяцца? Не спрабавалі адгаварыць?

— Першы час спрабавалі. Цяпер ужо нічога не гавораць. Ну, толькі калі нешта небяспечнае раблю.

— А небяспечнае ў тваім разуменні — гэта што?

— Трайное сальта з двухметровага турніка, напрыклад. Ці вось рабіў сальта з трэцяга паверха. Людзі, якія гэта бачылі, казалі: што ты робіш, падумай пра бацькоў!

— А пра што ты пры гэтым думаў, калі ляцеў уніз?

— Для мяне ўсё запавольваецца. Сэрца пачынае хутка стукаць, у кроў паступаюць розныя гармоны. Збоку гэты палёт здаецца адной секундай, для мяне ён цягнецца доўга. Я паспяваю пра многае падумаць. І гэта, напэўна, самае цікавае адчуванне. Мозг нібы спрабуе цябе ўратаваць, і ў палёце ты думаеш, як лепш прызямліцца, што ідзе не так… Магу яшчэ і па баках паглядзець…

— Што галоўнае ў гэтым відзе спорту? Патрэбны спартыўны спрыт ці нешта большае?

— Галоўнае — прыходзіць да ўсяго паступова. Спачатку трэніравацца фізічна, каб была хоць нейкая сіла — падцягванні і адцісканні, напрыклад. Потым ужо рабіць мінімальныя базавыя элементы, розныя сальта: задняе, арабскае і пярэдняе. Потым ад іх ужо ўсе астатнія вытворныя элементы робяцца…

— Ці выкарыстоўваеш ты свае навыкі ў штодзённым жыцці? Напрыклад, калі кудысьці вельмі спяшаешся…

— Вядома, выкарыстоўваю. Не ўвесь час, але калі ёсць спосаб ашчадзіць хвілінку, я абавязкова гэтым скарыстаюся…

— На тваю думку, чаго больш у паркуры — акрабатыкі, атлетыкі ці баявога віду спорту?

— Увогуле, родапачынальнік паркура — Давід Бель. Ягоныя бацька і дзед былі пажарнікамі і часта распавядалі пра гераічныя ўчынкі сваіх калег, як яны ратавалі людзей, на якія дзеянні для гэтага наважваліся… І ў яго развілася цікавасць, як можна максімальна хутка пераадолець перашкоды, пры гэтым самому не трапіць у пастку, не нашкодзіць сабе. Так і з'явіўся гэты спорт…

— Як ты можаш ацаніць яго развіццё ў Беларусі?

— У нашай краіне ён, на жаль, не вельмі развіты. У Мінску, я ведаю, ёсць пляцоўка для скейтбордаў і паркура. Калі б такіх пляцовак было больш, было б добра. У Гродне мы зрабілі пляцоўку для трэніровак на беразе Нёмана, каля Ласосны…

Я заўважыў, што сёлета пачалі спілоўваць на стадыёнах жалезныя турнікі і парэнчы… Таму цяпер праблематычна ўжо знайсці, дзе можна патрэніравацца ў горадзе. Сучасныя дзіцячыя пляцоўкі — не варыянт…

— Не думаў, каб адкрыць сваю школу або секцыю для навучання дзяцей?

— Думаў. Некаторы час нават спрабавалі дамовіцца з заламі, з Лядовым палацам… Нават набор дзяцей аднойчы зрабілі. Да нас хадзілі трэніравацца, але потым нам сказалі: «Не, не коціць, не падыходзіць, занадта небяспечна…»

— Твой асабісты трук і рэкорды, якімі ты ганарышся?

— Каля рэстарана «Залатое цяля» ёсць высокая, амаль шасціметровая сцяна. Я на яе забягаў вертыкальна. Часу на падрыхтоўку сышло шмат, праўда. Спачатку я трэніраваўся на невялікіх узвышшах, паступова павялічваючы вышыню перашкоды.

Так я і апынуўся ля гэтай сцяны. Сем гадоў таму было шмат спроб яе заваяваць. У гэтым годзе раблю гэта з другога разу ўжо.

Што тычыцца асабістых рэкордаў, то я скакаў з вышыні 7,5 метра, а самы доўгі скачок таксама быў прыкладна 7 метраў…

— А па дахах бегаў?

— Калісьці вельмі даўно залазіў на тэлевежу. Мне проста захацелася паглядзець на горад з вышыні. Калі спускаўся, унізе мяне ўжо чакалі ахоўнікі з уключанымі пражэктарамі…

— У цябе ў інстраграме 135 тысяч падпісчыкаў, а некаторыя твае відэа набіраюць па 4,8 мільёна праглядаў. Раскажы, як ты прыйшоў да гэтых лічбаў?

— У маі гэтага года ў мяне было толькі 100 падпісчыкаў. Мой сябар мне параіў проста выкладаць відэа караценькія. Я пачаў гэта рабіць — і ўсё!

Яшчэ тады думаў, прышпільна было б набраць да канца лета хаця б тысячу падпісчыкаў. Шчыра кажучы, я сам не заўважыў, як вырасла аўдыторыя. Людзі рэпосцяць мае відэа, дзеляцца з сябрамі, і яны «залятаюць» у топ…

— Адчуў на сабе гэтую папулярнасць?

— Ну, паступова паступаюць нейкія прапановы супрацоўніцтва, але я пакуль да канца не разабраўся, што з імі яшчэ рабіць… Здымаўся неяк у Мінску для рэкламы матрацаў. Тады мне трэба было па-асабліваму заскокваць на ложак.

Што тычыцца паркура, то хай гэта застанецца проста хобі. У адваротным выпадку ён можа проста мне надакучыць. А гэтага мне б не хацелася…

Чытайце таксама:

«Як Вікіпедыя, але толькі ў свеце картаў». Гродзенец расказаў пра сваё незвычайнае хобі

«За 100 000 даляраў можна ўсе машыны прадаць, але я не прадаю». Гродзенец сабраў унікальную калекцыю рэтрааўтамабіляў

63-гадовы венгр першым у свеце прайшоў па канаце цераз Дунай без страхоўкі ВІДЭА

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?