Як сцвярджае пракуратура, вымаганне працягвалася з красавіка па лістапад 2022 года. Мінскі падлетак нібыта неаднаразова патрабаваў у 12-гадовага знаёмага аддаць яму грошы — ад 25 да 1500 рублёў. Пры гэтым пагражаў гвалтам, а таксама біў па галаве, руках і нагах. Акрамя таго, палохаў тым, што агучыць «звесткі, якія хлопчык хацеў захаваць у таямніцы».

«Спачатку абвінавачваны вырашыў «пагаварыць» з пацярпелым каля крамы, пасля чаго стаў сістэматычна падыходзіць да яго ў школе на перапынках. Часам такія «размовы» праходзілі ў прысутнасці іншых хлопцаў», — распавялі ў пракуратуры.

Шасцікласнік, як сцвярджаецца, трываў здзекі да моманту, пакуль крыўдзіцель чарговы раз яго не штурхнуў, і потым распавёў пра ўсё педагогу.

Цяпер 15-гадовага падлетка абвінавачваюць па ч. 2 арт. 208 КК — «Вымаганне, здзейсненае з ужываннем гвалту, не небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелага». Ён знаходзіцца пад вартай.

Здавалася б, гэта звычайная крымінальная справа без ніякай палітычнай падкладкі. Але падобна да таго, што палітычная матывацыя тут ёсць, бо ўсё сведчыць пра тое, што гаворка ідзе пра 15-гадовага Арцёма Вайцяховіча. Гэта малодшы брат адміністратара тэлеграм-канала «Беларуская супольнасць чыгуначнікаў».

Сілавікі патрабавалі, каб быў выдалены пратэсны канал чыгуначнікаў, у абмен на вызваленне падлетка. Падрабязна пра гэта расказваў сам адміністратар канала Сяргей Вайцяховіч у інтэрв'ю «Нашай Ніве» ў лютым гэтага года.

Па гэтым артыкуле падлетку пагражае да 10-ці гадоў зняволення.

Пасля арышту Арцёма тры дні трымалі ў ізалятары на Акрэсціна. Да яго не пускалі ні бацькоў, ні адваката. Потым адправілі ў РНПЦ псіхічнага здароўя («Навінкі»).

Цяпер Арцёма Вайцяховіча ўтрымліваюць на Валадарцы.

Чытайце таксама:

Сын палітыка, брат каліноўца. Палітвязні, якіх пасадзілі ў знак помсты сваякам

На 15-гадовага брата адміна канала чыгуначнікаў завялі крымінальную справу

 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?