Улетку 2023 года арганізацыі спажывецкай кааперацыі нарыхтавалі 177 тон чарніц. Для параўнання: за летні сезон 2022 года Белкаапсаюз набыў 1 300 тон чарніц у насельніцтва. Змянілася і закупачная цана: калі ў папярэднім годзе яна была каля 5 рублёў, то ў гэтым — ад 1,5 да 4 рублёў, пішуць «Мінск-Навіны».

Начальнік упраўлення нарыхтовак Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Аксана Скіндэр патлумачыла, што ўмовы надвор'я сёлета не спрыялі паспяванню ягад. Паводле пяцібальнай шкалы ўраджайнасць чарніц на Міншчыне не перавышае аднаго бала, а ў іншых рэгіёнах — двух балаў.

— Яшчэ адным стрымальным фактарам для нарыхтоўкі чарніц стаў у гэтым сезоне радыяцыйны фон. Для Беларусі норма — 185 бекерэляў на кілаграм, а для дзіцячага харчавання — 37 Бк/кг. Раней усе ягады, што закупляліся на тэрыторыі Гомельскай вобласці і ў іншых экалагічна бяспечных раёнах, экспартаваліся. Узровень утрымання бекерэляў, дапушчальны ў краінах ЕС, у разы вышэйшы — да 600 Бк/кг, — адзначыла начальнік упраўлення нарыхтовак. — Але эканамічныя санкцыі, накладзеныя Еўрасаюзам на Беларусь, зрабілі ягады менш запатрабаванымі. Адпаведна, паменшалі аб'ёмы нарыхтоўкі.

Яна падкрэсліла, што ў пачатку 2023 года ўведзена мытная пошліна памерам 12% на ўвоз беларускіх чарніц у краіны ЕС, што таксама ўплывае на канчатковую цану прадукту.

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0