Вядома, што на ўездзе ў Беларусь бываюць выпадкі, калі грамадзян нашай краіны пры праходжанні памежнага кантролю «адводзяць убок» асобы ў цывільным, якія пачынаюць задаваць пытанні на палітычныя тэмы, патрабаваць доступ да дэвайсаў і гэтак далей. 

Група рызыкі ў гэтых выпадках — тыя беларусы, якія прыцягваліся да адміністратыўнай адказнасці па «палітычных» артыкулах у апошнія гады. 

Звычайна ў дэвайсах правяраюць перапіскі ў сацыяльных сетках, падпіскі на забароненыя дзяржавай рэсурсы, фотаальбомы на прадмет нацыянальнай беларускай сімволікі і ўдзелу ў акцыях. 

Але, як нам стала вядома, дадаўся новы пункт у ходзе такога нефармальнага электроннага вобшуку: спецслужбісты часам правяраюць ІМЕІ мабільнага тэлефона чалавека, якога яны адвялі на допыт. 

Звычайна ў меню «асабістых даных» тэлефона можна ўвайсці, увёўшы *#06#.

Код ІМЕІ унікальны для кожнага дэвайса, ён выкарыстоўваецца для ідэнтыфікацыі тэлефона ў сетцы.

Мабільныя аператары ведаюць, да якога дэвайса якая сімка была прывязаная. Так, у прыватнасці, шукаюць скрадзеныя мабільныя — як толькі ў сетцы з'яўляецца тэлефон з ІМЕІ, ідэнтычным скрадзенаму дэвайсу, злодзея знаходзяць. 

Беларускія аператары мабільнай сувязі захоўваюць архіў не толькі таго, якія сімкі знаходзіліся ў якой зоне мабільнай сувязі, але і якія ІМЕІ. І па сімках, і па ІМЕІ можна рэканструяваць маршрут руху любога тэлефоннага апарата — а, адпаведна, яго ўладальніка, па краіне. 

Па ІМЕІ можна ідэнтыфікаваць, скажам, апараты, якія засвяціліся ў пэўнай мабільнай зоне ў пэўны момант часу 2020-га, або апараты, якія засвяціліся вакол аэрадрома Мачулішчы ў лютым 2023-га, або з якіх рабіўся званок, напрыклад, супрацоўнікам МУС, СК ці іншых сілавых структур, нават калі ў апараце ў гэты час стаяла не беларуская, а замежная сімка. 

Здаецца, ІМЕІ правяраюць найперш у тых, хто часта ездзіць за мяжу і можа карыстацца замежнай сім-картай, а таксама ў замежнікаў, перадусім украінцаў.

Для чаго людзей шукаюць па ІМЕІ, мы не ведаем. Але мы ведаем, што шукаюць.

Чытайце таксама:

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

Як падрыхтавацца да пераходу мяжы? Распыталі ў тых, хто яе нядаўна праходзіў

«Полк Каліноўскага прыйдзе вызваляць Беларусь — ты будзеш рады»? Што пытаюцца і што глядзяць у тэлефоне — расказвае чалавек, які нядаўна праходзіў мяжу

Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?