«Што, вы ў гэтым месяцы збіраліся прыехаць? Я нешта думала, што ў наступным»

Паліна:

− Мы вырашылі паехаць у Брэст парамі — я з мужам і сяброўка з хлопцам. Я ўзяла на сябе ўсе арганізацыйныя пытанні. А паколькі я чалавек адказны, то яшчэ за два месяцы пачала шукаць месца, дзе мы будзем жыць. Некалькі дзён глядзела аб’явы на розных сайтах, знайшла варыянт, які нам спадабаўся. Я стэлефанавалася з жанчынай, якая здавала кватэру, і дамовілася з ёй — нават унесла 50% перадаплаты, бо яна вельмі хвалявалася, што мы можам не прыехаць.

І вось за тыдзень да вандроўкі я вырашыла на ўсялякі выпадак стэлефанавацца і яшчэ раз усё ўдакладніць. Адказ мяне шакаваў: «Што, вы ў гэтым месяцы збіраліся прыехаць? Я нешта думала, што ў наступным. Не, у гэтым нельга — вашы даты занятыя. Магу прапанаваць два варыянты: або я вяртаю вам перадаплату і вы шукаеце нешта іншае, або прыязджайце праз месяц». Канешне, мы не сталі пераносіць вандроўку. 

Добра, што жанчына ўсё ж сапраўды аператыўна вярнула грошы. А я ў стрэсе шукала іншае жыллё — увогуле, атрымалася знайсці толькі хостэл. Шчыра кажучы, я іх не люблю, але варыянтаў было не вельмі шмат.

«На фразу «Мы з дзіцём» мне адказвалі: «Мы падумаем, ці хочам вас бачыць, і ператэлефануем».

Павел:

− Мы з жонкай экспромтам вырашылі паехаць у Гродна з нашай гадавалай дачкой. Шчыра кажучы, жыллё шукаць пачалі позна. Бо ў мяне спантанна атрымалася ўзяць хаця б тыдзень адпачынку летам.

Спачатку думалі паехаць у гатэль «Кронан Парк», але там вольным быў толькі самы дарагі нумар. Зразумелі, што варыянт не для нашага бюджэту. Вось тады я ўпершыню адчуў, як моцна мне не хапае «Букінга». Няма сайта, дзе былі б сабраныя ўсе гатэлі. Трэба самаму спачатку гугліць, шукаць іх сайты, недзе яшчэ трэба патэлефанаваць, каб удакладніць, ці ёсць вольныя месцы…

Усе вольныя варыянты жонцы не падабаліся. Мы вырашылі пашукаць кватэру — хацелася нешта «інстаграмнае» і не вельмі далёка ад цэнтра горада. Шукаў я на realt.by. Дзіўна, але ж знайсці здавальняючую цалкам кватэру мы змаглі даволі хутка. Выдыхнулі і пачалі планаваць адпачынак далей.

Але не ўсё так проста. Мы павінны былі заехаць у панядзелак, а перад гэтым у суботу жанчына, з якой я дамаўляўся, напісала: «Выбачайцеся, але ж мужчына, які арандуе кватэру да вас, вырашыў, што хоча застацца яшчэ на дзень. Гэта значыць, вы можаце прыехаць у аўторак».

Сказаць, што раззлаваўся — гэта нічога не сказаць. Чаму тое, што ў іншага чалавека змяніліся планы, павінна быць маёй праблемай? Хай ён новае жыллё шукае.

Я вырашыў прынцыпова знайсці іншую кватэру — і патраціў шэсць гадзін на тэлефанаванне і перапіску. Гэта быў нейкі трэш. Спачатку я пабачыў варыянт за тыя ж грошы, але з аграгламурным рамонтам і далей ад цэнтра. Патэлефанаваў, а там яшчэ і гарачую ваду якраз адключалі. Але мужчына не здаваўся: «Да якая вам розніца! Вы ж не мыцца сюды едзеце». Тое, што ў нас маленькае дзіця, ён аргументам не палічыў.

Потым было яшчэ шмат дзіўных размоў. Дзесьці на фразу «Мы з дзіцём» мне адказвалі: «Мы падумаем, ці хочам вас бачыць, і ператэлефануем». Дзесьці мне пачыналі адказваць у месенджары і кідалі на паўслове. Яшчэ адна жанчына (мне здаецца, яна была не вельмі цвярозая), сказала, што мы можам прыязджаць, калі жадаем. Я папрасіў яе даслаць мне хаця б у Viber пацвярджэнне, што мы дамовіліся. Яна гэтага не зрабіла.

Яшчэ вельмі злуе тое, што кошт у аб’яве ніколі не адпавядае рэчаіснасці. Ты тэлефануеш і аказваецца, што гэты кошт сапраўдны пры засяленні аднаго чалавека мінімум на 10 або нават 14 дзён. А для трох чалавек на тыдзень — гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Плюс выходныя дні заўсёды аплачваюцца асобна — яны даражэйшыя.

Карацей кажучы, праз шэсць гадзін я здаўся. Патэлефанаваў першай жанчыне і сказаў, што мы гатовы прыехаць не ў панядзелак, а ў аўторак. Здаецца, яна крыху адчувала віну, таму што паабяцала палічыць усе дні па прэйскуранце будняў. 

Але я да апошняга вельмі хваляваўся, ці заселяць нас — а раптам папярэдні арандатар зноў вырашыць застацца на некалькі дзён? На шчасце, усё прайшло выдатна.

«Ты спрабуеш зарэзерваваць жыллё і не атрымліваеш пацвярджэння гадзінамі»

Марына:

— Мы з сяброўкамі вырашылі паехаць у Віцебск на выходныя. Я чула, што «Куфар» стварыў сэрвіс пошуку жылля накшталт «Букінга» і вырашыла паспрабаваць.

Я зарэзервавала кватэру. Але потым мне патрэбна было ўдакладніць адно пытанне ў гаспадара і на гэта спатрэбілася шмат часу. На паведамленні ён не адказваў, а адшукаць яго нумар было складана. Нарэшце мы стэлефанаваліся і ён як бы паміж іншым сказаў, што ў кватэры не будзе гарачай вады. «Вы згодныя?» Мне хацелася крычаць на яго. За 350 рублёў за дзве ночы — і без гарачай вады?! Зніжку ён за нязручнасць нават не падумаў прапанаваць. Вядома мы нязгодныя! Я сказала хлопцу, каб ён скасаваў рэзервацыю. Адбылося гэта за два дні да паездкі.

Я паспрабавала адшукаць іншы варыянт праз «Куфар». Але проста дарма патраціла час. Ты спрабуеш зарэзерваваць жыллё і не атрымліваеш пацвярджэння гадзінамі. 

У выніку пачала гугліць. Знайшла нейкі мясцовы сайт і пачала тэлефанаваць. Канешне, шмат чаго было занята, але ж знайсці вольнае жыллё атрымалася. Сумна, што тое, што раней можна было зрабіць хвілін за 15, зараз займае палову дня — яшчэ і з бясконцымі званкамі і размовамі.

Чытайце таксама:

«Белавія» запускае рэйсы ў Індыю. Без перасадак

Наплыў турыстаў — кватэры ў цэнтры Гродна здаюць і па 100 даляраў за суткі. «З такімі цэнамі кватэру можна адбіць за некалькі гадоў»

Вільня ці Варшава? Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў гэтых сталіцах

Клас
2
Панылы сорам
14
Ха-ха
13
Ого
4
Сумна
15
Абуральна
8