У чорнай робе Алег Груздзіловіч заходзіць у пакой. Рукі трымае ззаду, дубінкай яго падганяе «супрацоўнік калоніі».

«На нормальном языке говорі», — патрабуе прадставіцца ў адказ на беларускамоўны рапарт Груздзіловіча.

«З якім заданнем прыбыў?» — пытае «супрацоўнік» (яго ролю ўзяў на сябе палітык Анатоль Лябедзька).

«Збіраць матэрыял для кнігі», — адказвае Груздзіловіч. 

Фота: Радыё Свабода

Фота: Радыё Свабода

З такой сцэны (яна спісаная з рэальнай сітуацыі) у Вільні пачалася прэзентацыя кнігі журналіста і былога палітвязня Алега Груздзіловіча «Мае турэмныя муры».

Чорная турэмная куртка, у якой прыйшоў журналіст, называецца кліф, але само гэта слова ў калоніі забаронена. 

«На мяне аднойчы за яго ўжыванне склалі рапарт і адправілі ў ШІЗА», — дзеліцца журналіст. ШІЗА ў магілёўскай калоніі, дзе ён сядзеў, вязні паміж сабой называлі Мальдывы.

Сваю кнігу ён пісаў тры з паловай месяцы, у дзень па старонцы. У гэтых успамінах — ізалятар у Баранавічах, Акрэсціна, СІЗА на Валадарскага, калонія ў Магілёве.

«Неяк па калідоры на Валадарцы чуў грукат. Аказалася, Алеся Пушкіна цягнулі ў карцар. Ён сам адмовіўся ісці», — згадвае былы палітвязень.

У сваёй кнізе ён не толькі апісаў умовы, у якіх знаходзяцца людзі ў зняволенні (бо тыя не расказваюць пра гэта ў лістах — цэнзура можа не прапусціць), але і прывёў свае разважанні пра тое, што з Беларуссю адбывалася гэтыя 30 гадоў. 

Груздзіловіч дзеліцца, што за кратамі на вагу золата добрыя расказчыкі. З ім на Акрэсціна, напрыклад, сядзеў чалавек, які ведаў кнігі на памяць. 

«І мне давялося быць у такой ролі: расказваў то пра Шушкевіча, то пра іншых. А калі згадаў, што ў футбол з Лукашэнкам гуляў….»

Згадвае, што самай папулярнай кнігай на Валадарцы быў раман «Граф Монтэ-Крыста» Дзюма — пра ўцёкі з-за кратаў і помсту.

За кратамі журналіст пачаў маляваць людзей. Дагэтуль маляваў толькі пейзажы — прывозіў малюнкі з падарожжаў па Беларусі. Але калі дасылаў малюнкі турэмнага жыцця з Валадаркі, цэнзар не прапускаў, прарвалася толькі пару малюнкаў. Таму малюнкі да кнігі са сцэнкамі турэмнага жыцця ствараў ужо пасля турмы.

На прэзентацыю кнігі прыйшлі журналісты, былыя палітвязні, гісторыкі, паслы.

Кнігі «Мае турэмныя муры» не будзе ў продажы, але ў доступ выкладуць яе PDF-версію. Главы з кнігі публікаваліся таксама на «Радыё Свабода».

Чытайце таксама:

Праводзяць з калоніі па ўсіх традыцыях: з гарбатай, пажаданнямі і моцным выспяткам — заключны фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча

«Ваша прашэнне будзе падпісанае пры ўмове, што вы адразу з'едзеце за мяжу». Алег Груздзіловіч расказаў, як вызваляўся з калоніі

«У цябе было чатыры месяцы, даўно мог уцячы. Вось цяпер пасядзіш». Алег Груздзіловіч расказаў, як пісаў прашэнне на імя Лукашэнкі

Клас
28
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
0