Доля носителей государственных языков, кроме русского, в населении регионов России Share of speakers of state languages other than Russian in the population of Russian regions Доля носьбітаў дзяржаўных моваў, акрамя расійскай, у насельніцтве рэгіёнаў Расіі

Інфаграфіка: tochno.st

Згодна з данымі Усерасійскага перапісу насельніцтва 2020—2021 гадоў, насельніцтва гэтай краіны размаўляе на 133 мовах, якія па класіфікацыі Расійскай акадэміі навук адносяцца да моў народаў Расіі (уключаючы рускую мову жэстаў і тактыльнае пісьмо). З іх больш за 30 моў дзяржаўныя на тэрыторыі пэўных суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У некаторых рэспубліках, напрыклад, у Дагестане і Карачаева-Чаркесіі, дзяржаўных моў больш за дзве.

Моўная сітуацыя

Самымі буйнымі (пасля рускай) па колькасці тых, хто імі валодае, з'яўляюцца татарская (на ёй размаўляе 3,3 млн чалавек), чачэнская (1,5 млн), башкірская (1,08 млн), чувашская (700 тысяч) і аварская (654 тысячы) мовы.

Аўтары артыкула на сайце арганізацыі «Если быть точным» сумесна з навукоўцамі з Расійскай эканамічнай школы адзначаюць, што колькасць носьбітаў большасці фармальна дзяржаўных моў у параўнанні з 2002 годам скарацілася. Выключэннем сталі толькі чачэнская (+13%), тувінская (у 2020 годзе налічвалася 253 тысячы носьбітаў, +4%) і тацкая, адна з моў Дагестана (3,2 тысячы носьбітаў у 2020-м годзе, +7%).

How the number of speakers of Russian state languages changed from 2002 to 2020 Как менялось количество носителей государственных языков в России с 2002 по 2020 год Як змянілася колькасць носьбітаў дзяржаўныз моваў Расіі з 2002 па 2020 год

Інфаграфіка: tochno.st

Колькасць носьбітаў усіх астатніх моў, якія маюць статус дзяржаўнай, знізілася. Гэта асабліва характэрна для фіна-ўгорскіх моў: марыйскай (падзенне на 43%), удмурцкай (-45%), мардоўскай, мокша-мардоўскай і эрзя-мардоўскай (-54%). А самае істотнае зніжэнне (-74%) адбылося з колькасцю тых, хто валодае карэльскай мовай. Пры гэтым медыянны ўзрост яе носьбітаў склаў 64 гады.

Калі на тувінскай і чачэнскай мовах дома размаўляе кожнае пятае дзіця і сярод гэтых народаў адна з самых высокіх доляў тых, хто не валодае рускай мовай, то доля дзяцей, якія размаўляюць на карэльскай мове, складае толькі 0,5%.

У Карэліі, у адрозненне ад той жа Чачні, мова карэннага народа не з'яўляецца дзяржаўнай, а мае толькі статус афіцыйнай. Яна можа выкарыстоўвацца органамі мясцовага самакіравання. Для таго, каб карэльская мова атрымала статус дзяржаўнай, неабходна спецыяльнае рашэнне Дзяржаўнай Думы. Прычына — у лацініцы, якую выкарыстоўвае гэтая мова. Па заканадаўстве Расіі дзяржаўная мова павінна выкарыстоўваць кірыліцу.

чым старэй носьбіт, тым хутчэй памірае мова чем старше носитель, тем быстрее умирает язык the older the speaker, the faster the language dies

Інфаграфіка: tochno.st

Паводле шкалы вітальнасці моў EGIDS (Expanded Graded Intergenerational Disruption Scale — пашыраная ступеньчатая шкала страты мовы між пакаленнямі), у выпадку, калі самымі маладымі носьбітамі мовы з'яўляюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення, мова лічыцца «асуджанай на смерць». Наступную прыступку ўніз — «на парозе знікнення» — займае мова, носьбітамі якой з'яўляюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення (бабулі, дзядулі і больш пажылыя людзі), якія рэдка маюць магчымасць выкарыстоўваць сваю родную мову.

Па шкале EGIDS вышэй за ўсё з дзяржаўных моў расійскіх рэспублік (трэці ўзровень — рэгіянальныя мовы) знаходзяцца адыгейская, алтайская, чачэнская, якуцкая, татарская і калмыцкая мовы.

Чаму адбываецца русіфікацыя рэгіёнаў

Аўтары адзначаюць, што моўная палітыка ў Расіі накіраваная на распаўсюджванне рускай мовы. Яны цытуюць заключэнне Рады Еўропы аб правах нацыянальных меншасцяў у Расіі: «Афіцыйная палітыка ў дачыненні да меншасцяў падкрэслівае значэнне рускай этнічнай прыналежнасці і рускай мовы як асновы ўсеагульнай нацыянальнай ідэнтычнасці».

У значнай ступені, як заўважаюць аўтары артыкула, гэта спадчына савецкага перыяду. Калі ў 1920—1930-ыя гады мовы народаў СССР атрымлівалі шырокую дзяржаўную падтрымку (ствараліся алфавіты на аснове лацінкі, у шматлікіх рэспубліках адукацыя актыўна вялася на родных мовах), то з сярэдзіны 1930-х гадоў быў узяты курс на паўсюднае распаўсюджванне рускай мовы — з'явілася ідэя зрабіць з рускай мову для міжнацыянальных зносін. У 1938 годзе выйшла пастанова аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей.

У сучаснай Расіі, як адзначаюць спецыялісты, працягваецца савецкая тэндэнцыя ўмацавання пазіцый рускай мовы. Так, у 2020 годзе ў Канстытуцыю Расіі было ўнесена палажэнне аб рускай мове як мове дзяржаваўтваральнага народа. У лютым 2023 года ў закон «Аб дзяржаўнай мове» былі ўнесеныя змены, якія падкрэслілі асаблівую ролю рускай мовы як дзяржаўнай і прадугледзелі абмежаванні на выкарыстанне запазычанняў.

У той жа час у 2018 годзе прэзідэнт Расіі падпісаў указ, які адмяняе абавязковае вывучэнне родных моў. На той час яно дзейнічала ў Татарстане, Башкартастане і Рэспубліцы Комі.

Спецыялісты звяртаюць увагу, што колькасць дзяцей, якія вучацца на роднай мове, падае амаль для ўсіх дзяржаўных моў Расіі. Калі ў 2016 годзе на іншых, акрамя рускай, мовах вучылася 293 тысячы дзяцей, то ў 2022 — 186 тысяч. А ў некаторых выпадках выкладанне на нацыянальных мовах адмяняецца цалкам. Напрыклад, калі ў 2016 годзе пяць тысяч дзяцей усіх узростаў да 18 гадоў вучыліся на калмыцкай мове, то ў 2021 не засталося ніводнага такога вучня. Тое ж адбылося з тацкай, інгушскай, хакаскай, алтайскай, чачэнскай, адыгейскай мовамі. Па ацэнках спецыялістаў, для 15% расійскіх дзяцей мова навучання ў школе не супадае з іх першай мовай.

the number of children who study entirely in their mother tongue количество детей, полностью обучающихся на родном языке колькасць дзяцей, якія цалкам вучацца на роднай мове

Навошта падтрымліваць нацыянальныя мовы

Эксперты адзначаюць, што магчымасць размаўляць на сваёй мове, а для дзіцяці таксама вучыцца на мове, на якой гавораць у сям'і, важны фактар дабрабыту і ўпэўненасці ў сабе. У адпаведнасці з рознымі даследаваннямі, вывучэнне некалькіх моў у раннім дзяцінстве спрыяе развіццю кагнітыўных здольнасцяў, а дзеці, якія навучаюцца на роднай мове, дэманструюць больш высокую паспяховасць.

Напрыклад, даследаванне кагнітыўных здольнасцяў дзяцей у Індыі паказала, што двухмоўныя і шматмоўныя дзеці дэманструюць лепшыя здольнасці думаць лагічна і вырашаць нязвыклыя задачы. У іх таксама лепшая працоўная памяць, чым у іх аднамоўных аднагодкаў.

Аўтары даследавання таксама адзначаюць, што сярод дзяцей, якія валодаюць толькі адной мовай, з заданнямі лепш справіліся тыя, чыё паўсядзённае жыццё праходзіла ва ўмовах большай моўнай разнастайнасці.

Вынікі даследавання навукоўцаў з Нідэрландаў дазваляюць сцвярджаць, што двухмоўныя дзеці дэманструюць больш высокія вынікі ў тэстах на селектыўную ўвагу (здольнасць сфакусавацца на задачы).

Навукоўцы адзначаюць важнасць моўнай разнастайнасці і для сацыяльнай інтэграцыі. Цярпімасць да прадстаўнікоў іншых культур непасрэдна звязана з тым, наколькі чалавек прывыкае да ўзаемадзеяння ў шматмоўным асяроддзі.

З іншага боку, спецыялісты згодныя з тым, што няма прамой эканамічнай выгады ад вывучэння моў народаў Расіі. Але гэта дапамагае іх носьбітам, на думку прафесара Расійскай эканамічнай школы Шлома Вэбера, адчуваць сябе ўключанымі ў жыццё краіны:

«Гэта падтрымлівае ідэнтычнасць людзей, яны матываваныя нечым займацца, адчуваюць павагу да сябе. А калі ў нас ёсць насельніцтва, нават невялікае, якое нічога не хоча, нічога не вырабляе, мы ў тым ліку губляем частку ВУП».

Па словах прафесара, каб змагацца з сепаратысцкімі настроямі, трэба, наадварот, падтрымліваць культуру і мову народа, даваць больш свабоды, у тым ліку эканамічнай.

Чытайце яшчэ:

«У сына ў класе — дзеці 14 нацыянальнасцяў». Пісьменніца Наталка Харытанюк пра беларушчыну ў выгнанні, новыя кнігі і масты ў Беларусь

Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі: вынікі новага апытання

Чаму Малдова адмаўляецца ад малдаўскай мовы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?