У штаце Арызона на гэтым тыдні былі неміласэрныя +47°С. Прычым уначы слупок тэрмометра не апускаўся ніжэй за +32°С. Фота: Vlad Georgescu / Getty Images
Толькі за мінулы тыдзень новыя тэмпературныя рэкорды былі ўсталяваныя адразу на трох кантынентах: у Еўропе, Азіі і Паўночнай Амерыцы.
У каліфарнійскай Даліне Смерці на мінулых выхадных слупок тэрмометра падняўся вышэй за 53 градусаў па Цэльсію — значэнне не рэкорднае, але блізкае да яго.
А першы тыдзень ліпеня, паводле папярэдніх звестак, і зусім стаў самым гарачым тыднем на планеце за ўсю гісторыю назіранняў.
Па меры пацяплення глабальнага клімату ўсё часцей гучыць пытанне: пры якой тэмпературы ахаладжальныя сістэмы нашага арганізма (у першую чаргу потавыдзяленне) перастануць спраўляцца са спякотай?
Навука дала адказ на гэтае пытанне яшчэ ў 2010 годзе, калі аўстралійскія даследчыкі ўзяліся разлічыць максімальную тэмпературу, якую на працягу адносна доўгага часу можа вытрываць здаровы чалавек.
«Многія мяркуюць, што [па меры росту тэмператур] людзі змогуць адаптавацца да любога магчымага пацяплення, — пісалі аўтары даследавання, апублікаванага Амерыканскай акадэміяй навук. — Мы сцвярджаем, што цеплавы стрэс накладае надзейную верхнюю мяжу такой адаптацыі».
Вялікі ўплыў на здольнасць нашага арганізма падтрымліваць камфортную для яго тэмпературу ў спякоту аказвае вільготнасць паветра. Чым яна вышэйшая, тым павольней выпараецца пот — і тым горш ідзе працэс ахаладжэння.
Па выніках праведзеных разлікаў навукоўцы тады прыйшлі да высновы: мяжа бяспечнай для чалавека тэмпературы «па вільготным тэрмометры» (гэта значыць з улікам ахаладжэння цела за кошт выпарэння поту) не можа перавышаць 35 градусаў.
Цяпер супрацоўнікі Універсітэта Пенсільваніі вырашылі праверыць разлікі аўстралійцаў на практыцы і правялі эксперымент з удзелам 24 маладых і цалкам здаровых валанцёраў.
Усім удзельнікам далі праглынуць пілюлю з тэрмометрам, які бесперапынна адсочвае тэмпературу ўнутры цела, пасля чаго добраахвотнікаў змясцілі ва ўмовы герметычнай капсулы, дзе правялі сотні замераў.
Патроху падвышаючы то тэмпературу, то адносную вільготнасць або і тое, і другое адначасова, навукоўцы сачылі, у які момант ва ўдзельнікаў пачынае расці ўнутраная тэмпература.
Рэч у тым, што адносна стабільную ўнутраную тэмпературу наш арганізм здольны падтрымліваць толькі да пэўнага ўзроўню, вядомага як «крытычная мяжа навакольнага асяроддзя».
«Пры перавышэнні гэтай мяжы ўнутраная тэмпература пачынае бесперапынна расці, а рызыка разладу здароўя пры працяглым уздзеянні спёкі істотна павялічваецца», — тлумачаць аўтары.
У цэлым жа вынікі эксперымента, апублікаваныя ў часопісе Applied Physiology, дэманструюць, што ва ўмовах 50-працэнтнай вільготнасці перагрэў, які не кантралюецца, нават маладога і здаровага арганізма пачынаецца ўжо пры тэмпературы вільготнага тэрмометра каля 31 градуса па Цэльсію.
Навукоўцы адзначаюць, што апошнія пару дзесяцігоддзяў перыяды экстрэмальнага надвор'я — і холаду, і спёкі — істотна пачасціліся па ўсім свеце.
Больш за тое, у экспертаў няма сумненняў: пакуль наша планета працягвае награвацца (у асноўным за кошт спальвання выкапнёвага паліва і выкідаў парніковых газаў), катаклізмы надвор'я будуць здарацца ўсё часцей і працягвацца ўсё даўжэй.
Чытайце таксама:
«Ціхі забойца». Bloomberg паведаміў пра спёку +50°С у Еўропе з-за цеплавога выбуху





