Максім Недасекаў. Фота: АР

 Максім Недасекаў. Фота: АР

Недасекаў расказаў, што нядаўняя смерць яго трэнера Таццяны Нарэйкі, якая была для яго «як другая маці», моцна падкасіла і выбіла з каляіны.

Месяц ён не мог сябе знайсці ні ў трэніровачным працэсе, ні ў жыцці. «Быў цалкам згублены». Ён кажа, што жыццё падзялілася на да і пасля.

— Правялі працяглы збор у Кіславодску. Выдатна папрацавалі. Надышоў час вяртацца дадому, і тут усе заўважылі, што Таццяне Фёдараўне як быццам нядобра. Сама яна ні на што ніколі не скардзілася, падумалі — можа, проста стамілася. Пералёт аказаўся цяжкім — каля дзесяці гадзін з перасадкамі, але і дома паляпшэнняў не было. Падскочыла тэмпература пад 40, аднак да дактароў Таццяна Фёдараўна звяртацца не хацела. Я настаяў. Прыехала хуткая, забралі ў лякарню. Праз пару тыдняў, як гром сярод яснага неба: у рэанімацыі! Што? Як? Чаму? Мы — туды. Ад убачанага, прызнаюся, абамлеў: свайго трэнера не пазнаў. Быў уражаны, як чалавек можа за такі кароткі час згарэць. Стала страшна. Унутры ўсё ўпала. Мы ж з 2016 года разам працавалі, столькі прайшлі і перажылі… Шок! Не мог трэніравацца, думкі былі далёка, поўная расканцэнтрацыя, — распавёў Максім.

Выпрабаванні ў апошні час на Максіма сыплюцца градам, піша выданне. Апошні раз ён выходзіў у сектар амаль год таму, калі на чэмпіянаце Беларусі атрымаў непрыемную траўму — парваў ахіл…

Ён кажа, праблема была ў абутку — «Пума» яму не пасавала, памяняў абутак на «Найк» — «пайшоў рост вынікаў».

Але пакуль нага яшчэ баліць, таму нічога канкрэтнага аб спаборніцкіх планах сказаць не можа — будзе глядзець па самаадчуванні.

Наконт Алімпіяды ў Парыжы ён стараецца не думаць.

— Дапусцяць — паедзем, не дапусцяць — не паедзем. Мы на гэта ніяк не можам паўплываць. Альтэрнатыва, дзе выступіць, упэўнены, знойдзецца: наша краіна, Расія здолеюць арганізаваць дастойныя спаборніцтвы, на якія падцягнуцца спартсмены з іншых краін, — кажа ён.

Але ў Расію з'язджаць ён не збіраецца.

Пра ўкраінскіх спартсменаў

Недасекаў традыцыйна займае праўладную пазіцыю. Тое самае тычыцца і вайны. 

— Украіна вядзе баявыя дзеянні, гінуць людзі, а іх атлеты выступаюць і радуюцца. Яны нас любяць вінаваціць, што мы спаборнічаем, усміхаемся, а там, маўляў, баі. Хаця, заўважу, Беларусь у СВА не ўдзельнічае.

Мы з Расіяй Саюзная дзяржава, а таму аказваем падтрымку. Але гэта натуральна і нармальна, так павінна быць. А вось ці нармальна, што спартсмены краіны, якая ваюе, спакойна ездзяць па камерцыйных стартах, зарабляюць грошы і вяселяцца, калі іх суайчыннікі ваююць на фронце? Па іх логіцы, мы павінны сумаваць замест іх, а яны працягваць атрымліваць асалоду ад, — гаворыць ён, называючы вайну «СВА».

Сам ён знаходзіцца ў спартыўным камітэце Узброеных Сіл Беларусі, яго званне — прапаршчык.

— Заўсёды казаў і пацвярджаю: калі спатрэбіцца, не задумваючыся пайду абараняць Радзіму. Сваю сямʼю. Сядзець пад ліштвай або ездзіць па камерцыйных спаборніцтвах, як гэта робяць некаторыя, не буду, — сцвярджае ён.

Пра асабістае жыццё

Недасекаў распавёў, што ён развёўся, цяпер сустракаецца з дзяўчынай.

— Жывем разам. Адчуваем сябе камфортна. Абое. 

Пракаментаваў ён і чуткі, што стаў выпіваць.

— Не стаў, а скончыў. Пасля смерці Таццяны Фёдараўны некаторы час сапраўды ўжываў. Як ужо казаў, было вельмі цяжка на душы, а гэта аказаўся самы лёгкі спосаб зняць напружанне і заснуць. Нават бацькі ўзялі тыдзень за свой кошт і прыехалі з Віцебску ў Мінск, каб мяне падтрымаць.

Расказаў і пра матэрыяльнае становішча, бо, паводле карэспандэнта, ходзяць чуткі, што ў яго сканчаюцца грошы.

Але Недасекаў кажа, што на жыццё хапае.

— Машыну вось прадаў, зʼехала ў Маскву мая шыкоўная BMW, — дадае ён.

На заўвагу карэспандэнта, што цяпер усе скажуць, што ён прадае старыя запасы, каб неяк звесці канцы з канцамі, Максім адказаў:

— Няхай гавораць. Паглядзім, што яны заспяваюць праз год, калі даведаюцца, з якой мэтай я гэта зрабіў.

Максім Недасекаў нарадзіўся ў 1998 годзе. Рэкардсмен Беларусі ў скачках у вышыню з вынікам 2 метры 37 сантыметраў. Бронзавы прызёр Алімпіяды ў Токіа, чэмпіён II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Вырас у спартыўнай сямʼі: мама — майстар спорту ў скачках у даўжыню, тата — у барʼерным бегу. Займае пралукашэнкаўскую пазіцыю.

Чытайце таксама:

Дык ці паедзе Недасекаў на Алімпіяду? Вось чаго чакаць ад аслаблення спартовага бану

Прадае тэлефон, выступае на расійскіх турнірах. Чым жывуць найбольш прыкметныя спартсмены — прыхільнікі Лукашэнкі

Максім Недасекаў пра Ціманоўскую: «Мне не падабаецца гэты чалавек. З ёй паступілі правільна»

Клас
4
Панылы сорам
20
Ха-ха
10
Ого
5
Сумна
3
Абуральна
22