Эдуард Апсіт аказаўся ў цэнтры публікацый «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Калаж «Нашай Нівы»

Эдуард Апсіт аказаўся ў цэнтры публікацый «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Калаж «Нашай Нівы»

Кантракт з Брэсцкім вагонным участкам

Беларускі расследавальніцкі цэнтр кажа, што не абвінавачваў кампанію «Чысты свет плюс» у крадзяжы пяці мільёнаў даляраў на тэндары па абслугоўванні Брэсцкага лакаматыўнага дэпо. І тлумачыць далей па гэтым кейсе:

«Чысты свет плюс» уклаў дамову з Брэсцкім вагонным участкам 30 верасня 2015 года. Амаль праз тры тыдні, 20 кастрычніка 2015 года, было ўкладзенае дадатковае пагадненне, паводле якога кошт дамовы істотна павялічыўся. На гэта звярнуў увагу колішні майстар Брэсцкага вагоннага ўчастка Аляксандр Клачкоў. Ягоны каментар прыводзіцца ў матэрыяле «Народнага рэпарцёра». Паводле слоў Клачкова, расцэнкі на некаторыя паслугі па дамове былі завышаныя ў тысячу разоў. Клачкоў паскардзіўся на дзеянні кіраўніка Брэсцкага вагоннага ўчастка ў дзяржаўныя органы. У лютым 2016 года кантрольна-рэвізійны аддзел Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі правёў праверку. Яна выявіла, што кампаніі «Чысты свет плюс» згодна з актам прыёмкі-здачы выкананай працы ад 31 студзеня 2016 года неабгрунтавана выплацілі 9 363 500 рублёў. 

Брэсцкая транспартная пракуратура таксама правяла праверку пасля звароту Клачкова і накіравала яму адказ. Гэты ліст прыводзіцца ў тым жа матэрыяле «Народнага рэпарцёра». Там сказана, што падстаў для завядзення крымінальнай справы няма, але кіраўніку Брэсцкага вагоннага ўчастка вынеслі папярэджанне і аб’явілі заўвагу за «здзяйсненне правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі». Адказ пракуратуры датуецца ліпенем 2016 года. Праз некалькі месяцаў, 31 кастрычніка 2016 года, пра гэтую гісторыю напісала выданне bg.media. «За работы, выкананыя па завышаным тарыфе ў лістападзе 2015 года, вагонным участкам было выплачана каля 11 млн рублёў, тады як, паводле першапачатковых умоваў дамовы, іх кошт складаў крыху больш за 1,6 млн», — гаворыцца ў артыкуле. Розніца акурат складае тыя самыя 9,4 млн рублёў.

Крыніца: Youtube-канал «Народны рэпарцёр» / Адказ Брэсцкай транспартнай пракуратуры

Паколькі адказ пракуратуры і артыкул выйшлі ўжо пасля правядзення дэнамінацыі (ад 1 ліпеня 2016 года), мы сыходзілі з таго, што сумы там пазначаныя з улікам дэнамінацыі. Калі перавесці 9,4 млн рублёў у долары па тагачасным курсе, атрымаецца каля 5 млн долараў. Гэта сума, на якую завышаная першапачатковая дамова.

Мы не выключаем, што маглі памыліцца ў падліках, і сумы пазначаныя ў недэнамінаваных рублях. Але гэта не адмяняе факт, што расцэнкі на паслугі былі завышаныя. І па гэтых завышаных расцэнках «Чысты свет плюс» паспеў выканаць некаторы аб'ём прац, пакуль не пачаліся праверкі».

Тэндары прэзідэнцкага медцэнтра 

БРЦ лічыць, што імітацыя канкурэнцыі на некаторых тэндарах з удзелам кампаній Апсіта была, і прыводзіць адзін з такіх тэндараў.

«28 верасня 2016 года «Рэспубліканскі клінічны медычны цэнтр» пры Упраўленні справамі прэзідэнта (прэзідэнцкі медцэнтр) абвясціў тэндар на працы па комплексным абслугоўванні памяшканняў на наступны год. Дакументацыю па гэтым тэндары можна паглядзець тут. Так, мы не пазначылі ў расследаванні, што на конкурс падаліся некалькі ўдзельнікаў, але не ўсе яны дайшлі на таргоў 8 снежня 2016 года. 

Першапачатковы кошт электроннага аўкцыёну — 715 936,65 рублёў. У пратаколе таргоў тры ўдзельнікі: «БЕЛЭЗ», «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія «Фасіліком»». «БЕЛЭЗ» уваходзіць у структуру Упраўлення справамі прэзідэнта, як, дарэчы, і медцэнтр, які абвясціў тэндар. «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія «Фасіліком»» падкантрольныя сям’і Апсіт. З пратакола правядзення таргоў вынікае, што стаўка «БЕЛЭЗ» складае 622 434,38 рублёў з 15% прэферэнцыяй, стаўка «Кіруючай кампаніі «Фасіліком»» — 620 787,72 рублёў, стаўка «Чысты свет плюс» — 619 964,39 рублёў. Стаўка «Чысты свет плюс» аказалася самай нізкай. І яна, сапраўды, на 13,4% ніжэйшая за першапачатковы кошт электроннага аўкцыёну — але толькі на 0,1% менш за стаўку афіляванай кампаніі «Кіруючая кампанія «Фасіліком»». 

Нюанс у тым, што кампаніі павінны пацвердзіць свае стаўкі электронным лічбавым подпісам (ЭЛП), што з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў таргах. «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія «Фасіліком»» пацвердзілі свае стаўкі ЭЛП, а «БЕЛЭЗ» не».

«У выніковым пратаколе ад 16 снежня 2016 года пазначаныя толькі дзве кампаніі — «Чысты свет плюс» і «Кіруючая кампанія «Фасіліком»». То-бок, камісія абірала пераможцу паміж імі», — працягвае БРЦ. 

Расследавальнікі пішуць, што падобныя сітуацыі з лічбавым подпісам склаліся і на іншых тэндарах прэзідэнцкага медцэнтра з удзелам кампаній Апсітаў.

«Апрача таго, мы знайшлі тэндары дзяржаўных арганізацый, дзе не было іншых удзельнікаў, апрача кампаній Апсітаў», — дадае БРЦ. І прыводзіць спасылкі (першая і другая).

Крыніца: Інтэрнэт-версія інфармацыйнай сістэмы «Тэндары» www.icetrade.by

«Удзел афіляваных кампаній у таргах не забаронены беларускім заканадаўствам, але такая практыка крытыкуецца. Гэта, па сутнасці, як конкурс паміж левай і правай кішэняй адных портак. Напрыклад, ва Украіне кампаніі, звязаныя з Апсітам, пакаралі штрафам за імітацыю канкурэнцыі на таргах Львоўскай чыгункі», — піша БРЦ. 

Крымінальная справа ў Беларусі

У матэрыяле БРЦ згадваецца крымінальная справа, заведзеная на дырэктара «Чысты свет плюс» Валерыя Гатоўчыка. Упершыню пра яе стала вядома ў сакавіку 2019 года. Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне дырэктара «Чысты свет плюс» па абвінавачванні ў дачы хабару. БРЦ піша:

«З дапамогай «Кіберпартызан» мы даведаліся акалічнасці гэтай справы. Там мінімум тры эпізоды. Паводле фабулы справы Гатоўчыка, менавіта ён даваў хабар чыноўнікам з рознымі мэтамі. Як мінімум 2500 даляраў, каб перамагчы на тэндары Банку ВТБ; 500 даляраў, каб алкагольны холдынг «Мінск Крышталь» разлічыўся за раней выкананыя працы; 500 даляраў, каб прэзідэнцкая клініка лаяльна паставілася да працы, якую выконвае «Чысты свет плюс». Прычым хабар галоўны інжынер прэзідэнцкай клінікі Людміла Любчук атрымала ў лютым 2019 года, а ў ліпені таго ж года прэзідэнцкая клініка ўклала з «Чыстым светам плюс» новы кантракт. 

Крыніца: «Кіберпартызаны»

Крыніца: «Кіберпартызаны»

Агулам, па нашых падліках, пасля завядзення крымінальнай справы «Чысты свет плюс» падпісаў дамовы з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі на суму больш за мільён рублёў. Пакуль «Чысты свет плюс» удзельнічаў у тэндарах, расследванне крымінальнай справы супраць Гатоўчыка працягвалася.

У пазнейшых дакументах прадстаўнікоў Банку ВТБ і «Мінск Крышталь» выкарыстоўваецца іншая фармулёўка — нібыта яны завалодалі грашыма Гатоўчыка шляхам падману. У фабуле справы Любчук такой фармулёўкі няма. У дакументах напісана, што ёй перадалі хабар ад «Чыстага свету плюс» за лаяльнае стаўленне пры прыёмцы прац, якія клінеры выконваюць па раней заключаных дамовах».

Бізнэс у Расіі

Далей БРЦ дае адказ наконт вядзення бізнэсу Апсітаў у Расіі:

«Эдуарду і Алене Апсіт належыць маскоўская кампанія «Фасіліком». Яна з’яўляецца праваўладальнікам некалькіх гандлёвых знакаў, сярод якіх — «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым». Ліцэнзіятамі гэтых гандлёвых знакаў з’яўляюцца дзясяткі кампаній, і ўжо яны ўдзельнічаюць у тэндарах. Паводле расійскіх законаў, праваўладальнік гандлёвага знака і ліцэнзіят нясуць салідарную адказнасць, калі да працы ліцэнзіята ўзнікаюць пытанні.

У пісьмовым тлумачэнні для латвійскіх следчых юрысты кампаніі распавялі, што ў 1998 годзе сямейны бізнэс Апсітаў з Беларусі пашырыўся на Расію. У 2006-2007 гадах бізнэс у Расіі быў рэструктураваны. Апсіты перайшлі ад непасрэднага аказання клінінгавых паслуг кліентам да перадачы гэтых функцый субпадрадчыкам. Менавіта яны ўжо выконвалі замовы кліентаў. Далей сказана, што клінінгавы бізнэс Апсітаў займае лідзіруючыя пазіцыі на расійскім рынку і вядомы пад гандлёвым знакам «Чысты свет». 

Латвійскія следчыя таксама атрымалі тлумачэнні ад банку ABLV, дзе афшорныя кампаніі Апсітаў мелі рахункі. З тлумачэнняў банку вынікае, што Апсіты зараблялі грошы ў тым ліку на клінінгу ў Беларусі, Украіне і Расіі. Сярод эксклюзіўных кліентаў называюцца Крэмль, Вярхоўны суд і Цэнтральны банк Расіі. 

З іншай крыніцы нам вядома, што Апсіты абралі стратэгію працы на расійскім рынку праз субпадрадчыкаў, каб у тым ліку засцерагчы свой бізнэс ад магчымых праблем з праваахоўнікамі. То-бок з сярэдзіны 2000-х Апсіты зараблялі грошы ў Расіі не наўпрост, а праз кампаніі, якім выдавалі ліцэнзіі на карыстанне гандлёвымі знакамі «Фасіліком». Паводле расійскіх законаў, ліцэнзіяр выдае ліцэнзіяту права толькі на карыстанне гандлёвым знакам, тым часам як па франшызе можна карыстацца не толькі гандлёвым знакам, але і сакрэтамі вытворчасці, камерцыйным досведам, дзелавой рэпутацыяй».

Казармы ў акупаваным Крыме

БРЦ дае тлумачэння па некаторых канкрэтных падрадах:

«У 2015—2016 гадах кампанія «Флагман Клін» выйграла сем тэндараў Міністэрства абароны на прыборку казармаў у акупаваным Крыме. На гэтых падрадах кампанія атрымала з бюджэту каля 30 млн еўра. «Флагман Клін» была ліцэнзіятам гандлёвых знакаў «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцейшым». Кіраўніцай «Флагман Клін» у 2016 годзе была Галіна Сірацініна. Да гэтага яна працавала ў кампаніі «Чысты свет сэрвіс», якой валодалі Эдуард і Алена Апсіт. Пра гэтую акалічнасць НН у сваім артыкуле не згадвае. Пры гэтым адначасова з працай у акупаваным Крыме звязаныя з Апсітам кампаніі вялі бізнэс ва Украіне, дзе падкантрольныя яму і ягоным менеджарам фірмы злавілі на маніпуляцыях на тэндарах і пакаралі штрафам».

Картэльная змова на таргах Мінабароны

«У 2016 годзе Федэральная антыманапольная служба (ФАС) РФ выявіла картэльную змову на аўкцыёнах па комплексным абслугоўванні ваенных гарадкоў і іншых аб'ектаў, — піша БРЦ. — У таргах удзельнічалі дзевяць кампаній, якія меркавана адмаўляліся ад паўнавартаснага суперніцтва, з-за чаго ўсе дзяржкантракты заключылі з нязначным зніжэннем пачатковай максімальнай цаны — не больш за 1,5%. У ходзе разбору антыманапольнай службе ўдалося даказаць змову паміж 8 кампаніямі. На агульную суму пачатковага максімальнага кошту кантрактаў у 28 млн еўра. З матэрыяламі справы можна азнаёміцца па спасылцы

ФАС згадвала дзве групы кампаній-змоўніц. Першая — гэта кампаніі «Кампанент», «Экабалт», «РусКомплекс», «Спецрэсурс», «Мегалайн». Расійскі Фонд барацьбы з карупцыяй высветліў, што яны звязаныя з Яўгенам Прыгожыным. 

Другая ўмоўная група ўключала фірмы «Белы мядзведзь», «Коралклін» і «Міленіум клін». Кампаніі з’явіліся ў 2014 годзе і былі ліквідаваныя ў 2022-м. Ланцужок ад іх вядзе да Апсітаў. Кіраўнікі і ўладальнікі ўсіх трох кампаній у свой час працавалі на фірмы, якім Апсіты выдалі ліцэнзію на карыстанне гандлёвымі знакамі, якія належаць «Фасіліком». І сярод такіх людзей не толькі Людміла Чакарая. Разам з ёй такіх пяць чалавек».

БРЦ званіў Чакарая. Яна пацвердзіла, што раней працавала на Апсітаў, у тым ліку ў кампаніі «Коралклін».

«Жанчына сказала, што нічога не памятае пра ўдзел «Коралклін» у змове на тэндарах Мінабароны, бо мела іншыя абавязкі — адказвала ў групе кампаній «Фасіліком» за якасць працы. 

Вернемся да справы аб картэльнай змове, бо ў ёй ёсць цікавыя высновы. З матэрыялаў ФАС вынікае, што «Белы мядзведзь», «Коралклін» і «Міленіум клін» карысталіся адным IP-адрасам і МАС-адрасамі пры падачы заявак на таргі. На думку спецыялістаў ФАС Расіі, гэта сведчыць аб «працяглых і ўстойлівых сувязях» паміж кампаніямі. Акрамя таго, у матэрыялах ФАС пазначана, што заяўкі на конкурс падаваліся аднымі і тымі ж карыстальнікамі. Прычым адзін і той жа карыстальнік падаваў заяўкі на аўкцыён ад імя фірмаў з розных груп. Да прыкладу, Канцемір Емішаў падаваў заяўкі як ад імя «Кампанент», «РусКомплекс», «Мегалайн», так і ад імя «Коралклін». 

Некаторыя файлы, якія змяшчаюцца ў заяўках, створаныя пад адным уліковым запісам, адначасова і ідэнтычныя па памеры і змесце. ФАС прыйшла да высновы, што дакументы на конкурсы рыхтаваліся сумесна. Прасцей кажучы, людзі, звязаныя з Апсітам, дамовіліся з людзьмі, звязанымі з Прыгожыным. Раней выданне РБК высветліла, што рынак вайсковага клінінгу Прыгожын дзяліў з кампаніямі, якія могуць быць звязаны з групай «Фасіліком».

Бізнэс у розных краінах і адмыванне грошай

«Мы не абвінавачваем Апсіта ў злачынствах, — даводзіць БРЦ. — У расследаваннях мы паказваем, як ён вядзе бізнэс у розных краінах. І гэты бізнэс суправаджаецца судовымі справамі — у Латвіі яго бізнэс падазраюць у адмыве грошай, а ў Беларусі топ-менеджар яго кампаніі асуджаны за хабарніцтва. 

Апрача таго мы паказваем, што ў розных краінах гэты бізнэс вядзецца па-рознаму. У Беларусі Апсіты працуюць наўпрост праз падкантрольныя фірмы і атрымліваюць дзяржаўныя замовы ад такіх устаноў, як шпіталі, універсітэты, чыгунка, Нацыянальная бібліятэка, Нацыянальная тэлерадыёкампанія, Парк высокіх тэхналогіяў і іншыя. Агульны кошт кантрактаў за дзесяць гадоў — каля 40 млн еўра па курсе на дзень публікацыі. 

Ва Украіне Апсіт валодаў бізнэсам наўпрост разам са сваімі менеджарамі, але пасля акупацыі Крыму і вайны на Данбасе ён выйшаў са складу ўдзельнікаў усіх вядомых нам кампаній. Украінская група кампаній «Чыста», сувязь з якой мае Апсіт, прыбірае важныя стратэгічныя аб’екты, тым часам як Апсіт мае расійскае грамадзянства. Але фармальна яго няма сярод уладальнікаў украінскіх кампаній. 

Тым часам як Апсіт вядзе бізнэс ва Украіне, звязаныя з ім фірмы атрымліваюць замовы ад расійскага Міністэрства абароны. Але, каб схаваць такую сувязь, у Расіі Апсіты працуюць не наўпрост, а праз субпадрадчыкаў, якія карыстаюцца ліцэнзіямі «Чысты свет» і «Чысты свет. Мы робім свет чысцей». То-бок, Апсіт выглядае бізнэсоўцам, які спрабуе ўседзець адразу на некалькіх крэслах. 

Заробленыя ў Беларусі, Украіне і Расіі сродкі выводзіліся на рахункі афшорных кампаній у латвійскім банку ABLV праз фіктыўныя крэдытныя і іншыя дамовы, падазраюць латвійскія следчыя. Яны адзначаюць, што, паводле гэтых дамоваў, мільёны еўра пераводзіліся на рахункі афшорных кампаній Апсіта «без эканамічнай логікі» з мэтай схаваць паходжанне сродкаў. Праваахоўнікі прыйшлі да высновы, што пад Апсіта ў банку ABLV была створана адмысловая «пральня». Дарэчы, бізнэсовец быў таемным акцыянерам банку праз дзве кіпрскія кампаніі. Як высветлілі ў OCCRP, ён валодаў адным адсоткам акцый ABLV і 21% — звязанай з банкам інвестыцыйнай кампаніі AmberStone Group. 

Мы размаўлялі з Апсітам каля трох гадзін, прапаноўвалі яму даць нам разгорнуты каментар на камеру, але ён адмовіўся. У нашым расследаванні мы пераказалі ягоную пазіцыю, падрыхтаваную адвакатамі. Яна заключаецца ў адмаўленні ўсяго таго, пра што мы пісалі вышэй».

БРЦ патлумачыў таксама пытанне дапамогі Апсіту і ягоным сямейнікам з боку дэмакратычных сілаў з легалізацыяй у Літве.

«Асоба бізнэсоўца бачыцца нам спрэчнай для такой падтрымкі», — піша БРЦ.

Каментар ад Рэдакцыі «Нашай Нівы»

«Наша Ніва» зацікавілася бізнэсоўцам Эдуарда Апсітам і ягонымі бізнэсамі пасля публікацыі БРЦ і вырашыла напісаць на гэтую тэму, калі пабачыла ў публікацыі відавочныя памылкі — перабольшванне сумы ў 10 000 разоў — або перабольшванні, як з дзейнасцю франшызы.

Публікацыі БРЦ нас зацікавілі, бо мы пабачылі, як памылкі журналістаў прывялі да публічнага даносу на, магчыма, фундатара беларускага незалежнага грамадства.

Ніхто яшчэ і ніколі добраахвотна і публічна не выдаваў лукашэнкаўцам імёны фундатараў фондаў салідарнасці без іх згоды. 

У сваім адказе БРЦ цытуе інфармацыю, атрыманую імі ад «латышскіх следчых». 

БРЦ тлумачыць, што яны «не выключаюць памылкі ў падліках» сумы выплат на Брэсцкім вагонным участку, таму што не заўважылі даты на дакуменце. Але можна заўважыць, што вагонны ўчастак Брэсцкага філіяла Белчыгункі ніколі не меў фінансавай магчымасці аднамомантава выплаціць 5 мільёнаў даляраў за клінінгавыя паслугі. 

Паводле базы тэндараў, максімальная сума, якую калі-небудзь адзінаразова траціў увесь Брэсцкі філіял Белчыгункі — 371 тысяча беларускіх рублёў (на закупку тысяч пар спецыялізаванага абутку). 

Пяць мільёнаў даляраў сёння — гэта 3 новыя лакаматывы ТМЭ3, на 2015 год — гэта амаль што 4-вагонны «Штадлер». Гэта тая сума, якую рэдка калі можа адзінаразова патраціць нават галаўная арганізацыя Белчыгункі, і тое з выкарыстаннем крэдытных рэсурсаў. 

Сама гісторыя ў Брэсцкім вагонным участку — гэта гісторыя міжасабістых адносін майстра вагоннага ўчастка Аляксандра Клачкова і начальніка брэсцкага аддзялення чыгункі Аляксандра Афанасьева, якая ў дэталях апісаная сайтам BGmedia. 

Тэзіс пра «тысячаразовае завышэнне цаны» належыць Клачкову. Але Афанасьеў, на якога Клачкоў пісаў заявы ў пракуратуру, сцвярджае: 

«Было 7 праверак па гэтай справе, правярала пракуратура, двойчы АБЭЗ. […] Але сутнасць у тым, што сума, на якую абвяшчаўся тэндар, ні ў дамове, ні ў дадатковым пагадненні не змянілася. […] Не выяўлена пры правядзенні тэндара ніякіх карупцыйных праяваў […]», — кажа Афанасьеў. Ëн лічыць справу вынікам персанальнага канфлікту. 

Сума не змянілася, кажа Афанасьеў, але ў адзіным дакуменце мы бачым, што змянілася. Як такое можа быць? Афанасьеў хлусіць? 

Мы не ведаем. У гэтай сітуацыі бракуе фактаў і тэндарнай дакументацыі, каб яе аб'ектыўна апісаць.

Але мы дакладна разумеем, у якіх выпадках такое бывае. 

Апісанне Афанасьева выглядае апісаннем перасорціцы ў рамках закупкі. Дапусцім, ёсць сума кантракта — 100 рублёў. У рамках яго ёсць паслугі на 50 рублёў, тры рублі, дзесяць і гэтак далей.

Але па ходу высвятляецца, што нешта не ўлічылі, тут трэба не на 10, а на 30, а тут не на 50, а на 20. Адбываецца бухгалтарскае адлюстраванне перасорціцы праз залік рэальных цэнаў паслуг ці тавараў у параўнанні з запланаванымі.

Сума застаецца тая ж, але яе размеркаванне ўнутры — мяняецца.

І, звычайна, гэта адбываецца ў рамках нейкага большага кантракта. Што азначае, што мы не ведаем цаны закупкі, мы ведаем толькі памер перасорціцы. 

Увогуле, разбор тэндарных нюансаў, імаверна, будзе малацікавым шырокай чытацкай аўдыторыі. Але праз важнасць некаторых момантаў мы прывядзем некалькі тлумачэнняў.

«Нюанс у тым, што кампаніі павінны пацвердзіць свае стаўкі электронным лічбавым подпісам (ЭЛП), што з’яўляецца абавязковай умовай для ўдзелу ў таргах. «Чысты свет плюс» і «Кіраўнічая кампанія «Фасіліком» пацвердзілі свае стаўкі ЭЛП, а «БЕЛЭЗ» не. Чамусьці ў артыкуле НН пра гэта не згадваецца. У выніковым пратаколе ад 16 снежня 2016 года пазначаныя толькі дзве кампаніі — «Чысты свет плюс» і «Кіраўнічая кампанія «Фасіліком». То-бок, камісія абірала пераможцу паміж імі», — кажа ў сваім адказе БРЦ.

У рэальнасці ж гэта агульная працэдура. 

У выніковым пратаколе аўкцыёну па адным лоце заўсёды пазначаюцца толькі дзве кампаніі незалежна ад колькасці ўдзельнікаў. Таму што толькі гэта юрыдычна значна — у выпадку адмовы ці немагчымасці першай кампаніяй выканаць кантракт ён аўтаматычна пераходзіць да другой кампаніі. 

Што датычыць ЭЛП (электроннага лічбавага подпісу), то ўдзел у аўкцыёне без яго немагчымы і подпіс ставак адбываецца да пачатку аўкцыёну, а не пры канцы.

Удзельнік аўкцыёну не можа прайграць яго выпадкова, толькі таму што забыўся падпісаць нейкую адну стаўку. 

«Пры ўваходзе на таргі ўдзельнікі падпісваюць ЭЛП паведамленне наступнага зместу: «Гэтым паведамленнем прызнаю юрыдычную значнасць ставак, зробленых мной у таргах па электроннаму аўкцыёну AU<…..>, […]», — апісвае працэдуру таргоў пункт 7, падпункт 67 «Рэгламенту арганізацыі і правядзення працэдур закупак у электронным фармаце на электроннай гандлёвай пляцоўцы ААТ «Беларуская ўніверсальная таварная біржа».

Мы ўзялі ў базе тэндараў адвольныя аўкцыёны па той жа катэгорыі паслуг, але ў якіх не ўдзельнічалі кампаніі Эдуарда Апсіта.

Што мы пабачылі? У выніковым пратаколе фігуруюць толькі дзве кампаніі, незалежна ад колькасці ўдзельнікаў, а ў аўкцыённых дакументах «засведчанымі стаўкамі ЭЛП» адзначаныя толькі пераможцы.

Пратакол адвольнага аўкцыёну

Пратакол адвольнага аўкцыёну

БРЦ аналізуе адкрытую інфармацыю на сайце icetrade.by і ў якасці аднаго з прыкладаў прыводзіць скрыншот з тлумачэннем, што ў тэндары ўдзельнічалі толькі дзве кампаніі Апсіта. Але гэта чарговая памылка. Гэта толькі адлюстраванне, што кампаніі Апсіта занялі першае і другое месца. 

Скрыншот, які прыводзіць БРЦ у сваім адказе, як ілюстрацыю фіктыўных аўкцыёнаў

Скрыншот, які прыводзіць БРЦ у сваім адказе, як ілюстрацыю фіктыўных аўкцыёнаў

А калі капнуць глыбей і знайсці аўкцыённыя дакументы, то мы знаходзім канкурэнтны тэндар і, як мінімум, яшчэ адну кампанію, якая дайшла да аўкцыёну. У гэтым выпадку гэта ўсё той жа «БелЭЗ». 

Скрыншот з аўкцыённай дакументацыі па тым жа тэндары 

Скрыншот з аўкцыённай дакументацыі па тым жа тэндары 

Кампаніі зрабілі 375 крокаў на зніжэнне па 0,1% ад першапачатковай цаны кожная. 

Ні ў «Нашай Нівы», ні ў «БРЦ» няма адказу на пытанне, што ж у рэальнасці адбылося з крымінальнай справай на дырэктара «Чыстага свету» Гатоўчыка.

Чаму яго арыштоўвалі і адпускалі ў 2019-м, а потым у 2021-м садзілі не за тое, што напісана ў фабуле першапачатковай крымінальнай справы? 

Што да датычнасці Апсіта да картэльнай змовы, то ў аўдыязапісе размовы карэспандэнта БРЦ з Чакарая мы пачулі, што яна звольнілася з «Фасілікома» Апсітаў мінімум у 2014-м, а картэльная змова была раскрытая ФАСам у 2016-м, а адбылася ў 2015-м. 

У кожным разе, сярод кампаній-удзельніц картэльнай змовы, якіх пакаралі штрафам, не было кампаній Апсіта. 

Такім чынам, адказы БРЦ не пераканалі нас, што мы ў нечым памыліліся ў нашым артыкуле «Як 398 еўра ператварыліся ў 5 мільёнаў. Справа Апсіта: каму і чаму падыгралі расследавальнікі?».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?