Таццяна Царова: Перад ад’ездам з краіны не мелі часу развітацца з роднымі і сабраць чамаданы

Заўсёды была чалавекам з абвостраным пачуццём справядлівасці, заступалася за слабых. Па стане на 2020-ы працавала фітнэс-трэнеркай, цікавілася псіхалогіяй — я псіхолаг па адукацыі. Ніколі б не думала, што мяне закіне ў праваабарону. 

Але 10 жніўня 2020-га затрымалі майго мужа. Мы ехалі па Мінску, і каля Дружнай нас спыніла машына ДАІ, як мы думалі, для праверкі дакументаў. Калі мы спыніліся, да нас падбеглі пяць амапаўцаў і пачалі выцягваць з машыны мяне, мужа і яго сябра.

Без тлумачэння прычын іх затрымалі і звезлі, мяне таксама хацелі затрымаць, але адпусцілі. Чатыры дні я не магла знайсці мужа, а потым аказалася, што яго звезлі ў Заводскае РУУС, усю ноч катавалі і пасля гэтага адвезлі ў жодзінскую турму. Праз некалькі дзён, калі затрыманых сталі масава выпускаць, адпусцілі і майго мужа. 

Потым я пабачыла, што ў камітэт шукаюць валанцёраў, і падалася туды: маўляў, трэба знайсці ўсіх злачынцаў! А праз некалькі месяцаў мне прапанавалі тут штатную працу.

Таццяна Царова. Фота: архіў суразмоўцы

Таццяна Царова. Фота: архіў суразмоўцы

Мы ўтварыліся ў жніўні 2020-га і адразу ж пачалі актыўна дакументаваць катаванні, бо плынь ахвяр была вялікая, часам праводзілі па тры-пяць інтэрв’ю штодзень.

Тады яшчэ не сутыкаліся з палітычнымі крымінальнымі справамі, толькі з адміністрацыйнымі, і працавалі так шмат, як маглі. Потым вырашылі, што трэба ад колькасці пераходзіць да якасці, сталі наведваць розныя трэнінгі, праходзілі навучанне ў замежных партнёраў з вялікім досведам. Працуем цяпер не толькі з тымі, хто адседзеў суткі, але і з экс-палітвязнямі, таксама з тымі, каго адпусцілі з-пад варты на час абскарджвання прысуду і хто праз гэта здолеў збегчы, робім расследаванні пра катаванні.

Калі мы яшчэ былі ў Мінску, працавалі ў офісе ў цэнтры горада, то сустракаліся з людзьмі і дакументавалі іх гісторыі. Было дужа страшна, бо ніколі не ведаеш, хто прыйдзе на сустрэчу, пацярпелы або ціхар.

Таксама трэба было не выдаць месца, дзе знаходзіўся офіс, каб потым нас не накрылі «маскі-шоу». Звычайна мы сустракаліся з людзьмі ва ўмоўным месцы, і потым я суправаджала іх у офіс.

Такое напружанне стамляла. Спачатку здавалася, што мы хутка пераможам і ўсіх вінаватых прыцягнуць да адказнасці. Цяпер жа гэта ўсё выглядае наіўным, разумееш, што гэта не стаметроўка, а забег на доўгую дыстанцыю. І ўсё роўна важна збіраць інфармацыю пра катаванні, каб яна не знікла, бо з цягам часу людзі нешта забываюць. У выніку гэтая інфармацыя мусіць трапіць у незалежныя і непрадузятыя суды, і ўжо цяпер некалькі дзясяткаў такіх спраў расследуецца па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі. 

Мы з’ехалі з Беларусі ўсёй камандай 15 сакавіка 2021 года, на першым магчымым авіярэйсе. ГУБАЗіК затрымаў аднаго нашага супрацоўніка і пад катаваннямі выбіў у яго інфармацыю, праз якую мы аказаліся ў небяспецы.

Мы не выбіралі, куды будзем эміграваць, а паляцелі на тым самалёце, што быў першым, нават не мелі часу развітацца з роднымі і сабраць чамадан. 

«Раней у мяне былі ружовыя акуляры, але потым звыклы свет абрынуўся»

Да 2020 года не магла сабе ўявіць, што могуць адбывацца такія зверствы, і на іх адрэагавала шокам.

Напрыклад, моцна ўражвалі гісторыі, калі здзекі тычыліся не толькі асноўнай ахвяры, але і яе блізкіх, дзяцей. Ці калі ты дакументуеш катаванні па крыміналцы і даведваешся пра тое, як уладкаваны турэмны свет — для законапаслухмянага чалавека гэтыя рэчы часам за межамі разумення. Або калі чуеш пра яўны садызм.

Спрабуеш зразумець, што рухала тымі, хто ўдзельнічае ў катаваннях. У іх асаблівы тып асобы? На іх нехта паўплываў? Пагружаешся ў гэта і шукаеш лагічнае тлумачэнне, чаму здарыліся гэтыя зверствы, але не знаходзіш. 

Мне здаецца, гэта робяць траўмаваныя людзі дзеля самасцвярджэння за кошт іншых, таму спаганяюць на людзях сваю агрэсію і незадаволенасць жыццём. Праз здзекі яны спрабуюць паставіць сябе на ўзровень вышэй, чым іх ахвяра. А ёсць і проста садысты, хто атрымлівае задавальненне ад здзекаў з іншых, яны катуюць людзей не па загадзе, а проста таму што ім гэта ў кайф. 

Мяркую, што ў некаторых людзях на тым баку ёсць нешта чалавечнае, трохі сумлення. Але праз свой страх і маладушнасць яны працягваюць рабіць тое, што робяць. Ім гэта не надта падабаецца, але паміж сваёй выгадай і іншым чалавекам яны выбіраюць сябе.

Здавалася, што я вельмі моцная і стрэсаўстойлівая, і мая псіхіка здольная вытрымаць гэтую працу. Але насамрэч існуе траўма сведкі, і яна адбываецца ў тым ліку тады, калі ты рэгулярна слухаеш пра катаванні і гвалт. Часам расказваюць такое, што не ўяўляеш, як гэта можа адбывацца, бо гэта выходзіць за межы ўспрыняцця свету. Да 2020-га ў мяне былі ружовыя акуляры, здавалася, што ўсё ў свеце цудоўна. Але потым звыклы свет абрынуўся і я пачала глядзець на ўсё іншымі вачыма.

Моцна пераацэньваеш каштоўнасці, твая асоба трансфармуецца. У нейкі момант заўважаеш у сябе прыкметы выгарання і разумееш, што цяпер мусіш дапамагаць самому сабе. Бо калі прапускаць кожную гісторыю праз сябе, ты альбо звар’яцееш, альбо выгарыш так, што не здолееш працягваць гэтую працу. Таму кожны дакументатар, нават калі ён добра сябе адчувае, мае ўласнага псіхолага. Мне вельмі дапамагае, што ёсць такі чалавек, каму можна выказацца.

Раней я была вельмі мяккай і гібкай, вельмі наіўнай і з адкрытай душой. Але калі ты рэгулярна чуеш пра жудасныя рэчы, пачынаеш прыглядацца да людзей і менш ім давяраць, не так часта падпускаеш людзей да сябе блізка, дзелішся важнай інфармацыяй толькі з праверанымі людзьмі.

Я стала больш цынічнай. Калі раней была гатовая дапамагаць усім і ў любой сітуацыі, то цяпер не хачу растрачваць сваю энергію на тых, каму прасцей вырашыць пытанне з маёй дапамогай, але хто і сам даў бы рады. Гэта рэжым самазахоўвання. 

«У першую чаргу трэба дапамагаць сабе, і тады ты будзеш у рэсурсе, каб дапамагаць іншым людзям»

З аднаго боку, я люблю тое, што раблю. Але з іншага, калі праца адбываецца ў такім хуткім тэмпе і так стрэсава, часам хочацца запаволіцца і пабыць сам-насам з сабой, прыслухацца да сваіх жаданняў. Каб рабіць гэтую працу, мы вельмі часта вымушаныя ахвяраваць нечым сваім: камунікацыяй з блізкімі, хобі, — бо элементарна няма часу на сябе. У нас ёсць і запланаваныя справы з дакладным дэдлайнам, і рэчы, якія трэба вырашыць тут і цяпер. Часам ты з ранку да вечара пагружаны ў працу, і нават калі ў цябе выхадны, табе могуць пісаць па звязаных з ёй пытаннях. Так ты прачынаешся з думкамі пра яе, засынаеш з думкамі пра яе, і часам здаецца, што ўсё тваё жыццё ператварылася ў суцэльную працу.

Звычайна людзі, асабліва мужчыны, стараюцца падчас інтэрв’ю трымаць эмоцыі пад кантролем, не жадаюць паказацца слабымі. Але насамрэч тэмбр голасу, жэсты і міміка выдаюць іх стан, часам чалавек пачынае нервова курыць або пацепвацца. Калі бачыш такія прыкметы таго, што чалавеку не надта добра, патроху вядзеш размову ў іншы бок, даеш суразмоўцу адпачыць, і пасля такога перапынку спрабуеш па-новаму падысці да складанай тэмы. 

Пасля гутаркі пацярпелыя часта мне пішуць, часам дзякуюць і кажуць, што, акрамя мяне, ім больш не было каму распавесці свае гісторыі. Нехта маўчыць праз сорам, нехта — праз вінаватасць, часам проста няма з кім пагутарыць. Бывае, людзі не расказваюць блізкім пра катаванні, бо баяцца іх траўмаваць або пачуць ад іх папрокі ці насмешку. Часам ахвяры катаванняў не гатовыя пра іх расказваць нават самым блізкім людзям. Чужому чалавеку, можа быць, прасцей адкрыцца, бо ты ведаеш, што далей табе не трэба з ім ісці па жыцці. Гэта як размова двух спадарожнікаў, толькі спадарожнік яшчэ можа камусьці выдаць твой сакрэт, а ў нашым выпадку мы падпісваем пагадненне аб канфідэнцыйнасці. 

Адкуль у іх віна і сорам? Часта людзі, якія прайшлі праз катаванні, пачынаюць сябе абвінавачваць у тым, што пацярпелі: маўляў, яны нібыта вінаватыя, што не сядзелі дома і пайшлі на мітынг, нібыта яны самі напрасіліся на катаванні. А калі мела месца пагроза сэксуальным гвалтам, людзі могуць адчуваць моцны сорам: ім здаецца, што вінаваты не сілавік, а яны, што сілавік іх зганьбіў.

У мінулым годзе ў мяне назбіралася моцная стомленасць, было адчуванне, што выгараю. Думала, ці не дарма ўсё гэта раблю, апускаліся рукі. Але перамены дакладна некалі адбудуцца, і вера ў тое, што гэта здарыцца і наша праца спатрэбіцца, дужа падбадзёрвае і дапамагае працягваць. 

Гэтую працу цяжка рабіць. Якім бы моцным чалавекам ты ні быў, усё роўна знойдуцца рэчы, якія будуць прабіваць цябе да слёз, і потым ты доўга застаешся ва ўзбуджаным стане. У нас ёсць прынцып, што ў першую чаргу трэба дапамагаць сабе, толькі тады ты будзеш мець рэсурс, каб дапамагаць іншым людзям. Трэба ставіць бар’ер і размяжоўваць працу, дзе ты гатовы дапамагаць людзям, і адпачынак, дзе ты пераключаешся і гатовы радавацца жыццю, каб ты таксама не лёг на алтар і не падумаў праз нейкі час, на што сышло тваё жыццё.

Кацярына: Хацела пайсці з вуліц, бо на пратэстах мяне пачалі пазнаваць амапаўцы

Да 2020-га я не была звязаная з праваабаронай і не ўяўляла, што такая сфера існуе. Мне было трохі за 20, вучылася на чацвёртым курсе ўніверсітэта і працавала ў рэкламе. Хадзіла на пратэсты, дзе мяне двойчы затрымлівалі. Упершыню гэта здарылася 14 ліпеня 2020 года, у дзень, калі Віктара Бабарыку не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты. Не збіралася нікуды выходзіць [на пратэст], думала, што гэта было б нейкім мазахізмам, але не ўтрымалася і ўсё-такі выйшла, мяне затрымалі. 8 верасня 2020 года трапілася зноў.

Камітэт узнік у жніўні 2020 года, і я працую ў ім з самага пачатку. Проста пабачыла, што арганізацыі патрэбныя валанцёры, і падала заяўку. Тады не разумела, наколькі гэта сур’ёзна і чым будзем займацца, актыўна ўдзельнічала ў пратэстах і хацела змяніць кірунак дзейнасці, пайсці з вуліц. Бо даходзіла да таго, што на пратэстах мяне пачалі пазнаваць амапаўцы, такое трохі пужае.

Для нас правялі анлайн-трэнінг па тым, як дакументаваць катаванні, але ўсё роўна я не разумела, наколькі гэта будзе цяжка і адказна. Спачатку працавала як валанцёр, рабіла некалькі інтэрв’ю на месяц, а потым мне прапанавалі штатную працу. Стала рабіць некалькі дзясяткаў гутарак на месяц, і гэта было цяжка, бо інтэрв’ю заўсёды вельмі эмацыйныя.

Налепка ў Мінску. 2020 год. Архіўнае фота

Налепка ў Мінску. 2020 год. Архіўнае фота

Мне спадабалася гэтая праца тым, што яна практычная, бачны яе вынікі. Ты выслухоўваеш людзей, і гэта дапамога ў нейкім сэнсе. Яны выгаворваюцца, пакуль маюць свежыя ўспаміны, ты гэта дакументуеш, і ў будучыні яны спатрэбіцца. Палічыла, што гэта больш карысна, чым выхад на вуліцу, і больш бяспечна, хаця, калі пачала працаваць, з вуліц да канца не пайшла.

Тады адчувала, што дзякуючы гэтай працы я датычная да чагосьці важнага, дапамагаю людзям, нібыта раблю перамогу бліжэйшай. Цяпер здаецца, што гэтая справа дапамагае мне не аддаляцца ад дому, ад моманту, калі я туды вярнуся. Атрымліваецца комба: гэтая справа мне падабаецца і дапамагае адчуваць, што нават праз тры гады я не бяздзейнічаю.

Усведамляю, нібыта з кожным інтэрв’ю ўласнымі рукамі раблю сабе шлях дадому. Але цяпер, праз тры гады, яшчэ і адчуваю, наколькі гэтая праца нашкодзіла маёй псіхіцы і як яна падзяліла маё жыццё на да і пасля.

Раней мы дакументавалі ў Мінску, пакуль наша каманда не была вымушаная з’ехаць. Працавалі ў пастаянным стрэсе: дойдзе чалавек да нас ці не, ці пройдзе ўсё бяспечна? Здаецца, тады яшчэ не заўважала, як стрэс уплывае на псіхіку, рабіла па 30 інтэрв’ю на месяц і пастаянна была ў мітусні. Цяпер, у эміграцыі, дакументую не так шмат, бо стала складаней знаходзіць новых людзей з іх гісторыямі. Людзі часцей трапляюць не на суткі, а на доўгі тэрмін зняволення.

«Чалавек у нашай дзейнасці заўсёды на першым месцы»

У пачатку занадта лёгка ставілася да гэтай дзейнасці, але гэта не датычыла перажыванняў ахвяр. Умоўна кажучы, пацярпелы выйшаў на волю і адразу пайшоў на сустрэчу да цябе, і сядзіць перад табой з перабінтаванай галавой, і ты на ўласныя вочы бачыш наступствы катаванняў.

Цяпер мы збольшага працуем анлайн, і гэта зусім іншыя адчуванні. Таксама людзі звычайна не звяртаюцца да цябе адразу пасля зняволення, а бяруць час на тое, каб прыйсці ў сябе, і таму ты не бачыш наступстваў іх траўмаў. Калі ж чалавек сядзіць перад табой, ты бачыш спустошанасць і слёзы ў яго вачах, мусіш неяк рэагаваць на гэта — падтрымаць, змяніць тэму. Жывы кантакт заўсёды лепшы за анлайн-гутарку, бо так ты лепш адчуваеш чалавека, але, калі пацярпелы сядзіць перад табой, яго боль яшчэ мацней на цябе ўплывае. 

Таму гутаркі з ахвярамі — не асноўная частка нашай працы, збольшага займаемся аналітыкай. Але ўсё роўна мы акружаныя тэкстамі пра жорсткае стаўленне да людзей, пра катаванні, таму я займаюся з псіхолагам. Гутарым з ёй збольшага не пра мяне, а пра ахвяр: ці правільна я падтрымала чалавека падчас інтэрв’ю, як мушу сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі.

Адчуваю, што я ў пастаянным стрэсе, бо непасрэдна камунікую з ахвярамі катаванняў, гэтая інфармацыя заўсёды ў маім тэлефоне, тэлеграме, сігнале. У нейкі момант пачала ўспрымаць свой тэлефон як ворага. Стараюся не заходзіць на працоўныя акаўнты пасля шасці вечара і потым адчуваю трывогу: раптам нешта здарылася і камусьці трэба дапамагчы? Складана аддзяляць працоўны час ад асабістага, але спрабую да гэтага прывучвацца.

Раней магла прызначаць інтэрв’ю на суботу ці нядзелю, калі суразмоўцу так было зручней. Цяпер прыняла рашэнне, што хаця б два дні на тыдзень мушу ўвогуле не працаваць і не забіваць усім гэтым галаву. Хаця чалавек у нашай дзейнасці заўсёды на першым месцы.

Яшчэ да 2020-га мела абсэсіўна-кампульсіўны разлад, і, магчыма, ён узмацняецца праз маю працу, або яна як мінімум не робіць маю сітуацыю больш лёгкай. Так што падтрымліваю псіхіку з дапамогай лекаў.

Мы не раз абмяркоўвалі з калегамі, як гэтая праца на нас паўплывала. Існуе паняцце вікарнай траўмы, калі табе шкодзіць камунікацыя з пацярпелымі, і я адчуваю яе ўплыў на сваю псіхіку. Праз мяне прайшлі сотні гісторый. Інтэрв’ю доўжыцца ад гадзіны і можа даходзіць да шасці-васьмі гадзін, і я неяк зразумела, што калі скласці ўсе аўдыядарожкі маіх гутарак, атрымаецца шмат дзён расказаў пра збіванні і катаванні, якія ты праслухаў. 

У мяне знізіўся ўзровень талерантнасці да гвалту. Гісторыі пра адзін удар кулаком цяпер здаюцца нечым лайтовым. На жаль, мяне ўжо складана прабіць на эмоцыі чымсьці меншым за пераломы або іншыя сур’ёзныя траўмы, вось такія пабочныя эфекты працы.

Але для мяне галоўнае, што нашай арганізацыі важны кожны выпадак, у тым ліку і тыя, дзе быў адзін удар ці штуршок.

«У 2020-м спрабавала знайсці сілавікам апраўданне, маўляў, яны нядрэнныя людзі»

У нас працуе прэзумпцыя даверу да ахвяры, і не мае значэння, што расказвае чалавек. Але мы заўсёды просім пацярпелых паказаць нам дакументы, калі гэта магчыма, напрыклад, квіткі аб аплаце за харчаванне. Усё гэта дапамагае верыфікаваць іх гісторыі, але часта такіх дакументаў можа і не быць.

Напэўна, лагічна, што ў людзей падае цікавасць да рэпрэсій. Калі пачалася вайна, мой псіхолаг сказаў, што людзі не могуць пастаянна быць на піку актыўнасці, з часам яны да ўсяго прывыкаюць, і толькі насамрэч гучныя падзеі могуць зноў прыцягнуць іх увагу. Таму зразумела, што людзі стамляюцца і больш сіл аддаюць уласнаму жыццю.

Радая за тых, хто не выпадае з навін, ходзіць на тэматычныя мерапрыемствы, але не асуджаю і тых, хто праз год-два вырашыў скласці рукі. Любое наша рашэнне чымсьці абумоўленае. Магчыма, такога чалавека абараняе яго псіхіка, бо калі ён працягне актыўнічаць, яму стане дужа дрэнна, таму ён робіць перапынак.

Я жыву ў Грузіі. Нядаўна ехала аўтобусам і была сведкай, як грузін пачаў крычаць на чалавека славянскай знешнасці: маўляў, яму непрыемна ехаць з ім на суседніх месцах. Хлопец устаў са свайго месца. Мяне гэтая сітуацыя дужа абурыла: а што калі гэты грузін і мяне прымусіць сысці? Я нікуды не пайду, я заплаціла за праезд і маю права тут сядзець!

Любая несправядлівасць мяне вельмі абурае. І гэтая сітуацыя ў аўтобусе мне паказала, што я працую на сваім месцы, бо цяпер мне ёсць што рабіць з гэтай несправядлівасцю ў Беларусі. То-бок гэтая мая рыса характару знайшла прымяненне. 

У 2020-м я спрабавала знайсці сілавікам апраўданне, маўляў, яны нядрэнныя людзі, проста ў іх праблемы з псіхікай, можа, жыццё не склалася. Хацела апраўдаць тое, што яны не адыходзяць са службы і выконваюць злачынныя загады — магчыма, трэба іх проста фінансава забяспечыць? Цяпер я разумею, што тыя, хто хацеў, адтуль пайшлі, магчыма, яшчэ да жніўня 2020-га, калі запахла смажаным.

Усе яны дарослыя людзі са сваёй галавой на плячах, якія мелі магчымасць прааналізаваць свае дзеянні і вызначыць, што яны робяць дрэнныя рэчы і што трэба сказаць «не». Няхай будуць наступствы, магчыма, сур’ёзныя, і можа, ва ўсіх іх сем’і, але часам трэба прыслухацца да свайго сэрца і розуму. Тыя, хто застаўся, для мяне відавочныя злачынцы. Не жадаю іх праклінаць, проста хачу, каб яны ў будучыні былі пакараныя за ўчыненае.

Пакуль зрабіць гэта немагчыма, але, я так разумею, у новай Беларусі будуць створаны незалежныя суды. Хвалююся, каб ніхто з вінаватых не збег з краіны — ні тыя, хто выконваў загады, ні тыя, хто іх аддаваў.

Даведацца больш пра фіксацыю катаванняў ці звязацца з дакументатарамі, каб распавесці сваю гісторыю, можна праз сайт Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Катаванні палітычных у ІЧУ: «Бывалыя зэкі шкадуюць і дзеляцца чым могуць»

З'явілася калекцыя ўпрыгажэнняў, грошы ад продажу якой пойдуць на падтрымку палітвязняў

Праваабаронцы расказалі, колькі мігрантаў загінула на мяжы Беларусі і ЕС і што цяпер з тымі, хто застаўся ў краіне

Клас
44
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
21
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?