Віктар Пранюк і Вольга Бондарава. Фота: slonves.by, скрын з ютуб-канала Вольгі Бондаравай

Віктар Пранюк і Вольга Бондарава. Фота: slonves.by, скрын з ютуб-канала Вольгі Бондаравай

Нагодаю для зняволення Алеся Пушкіна стаў партрэт пасляваеннага антысавецкага партызана Яўгена Жыхара. Карціна была выстаўленая ў гродзенскім прыватным Цэнтры гарадскога жыцця. На ёй мастак ахарактарызаваў Жыхара як чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі.

У гэтым выказванні пракуратура ўгледзела «рэабілітацыю і апраўданне нацызму» ды распачала крымінальную справу.

Раней за пракуратуру на выставу накінулася серыйная скаржніца і прарасійская актывістка Вольга Бондарава. З яе даносу пачаўся пераслед Алеся Пушкіна.

У сваім відэа 22 сакавіка 2021 года ад імя «грамадскасці і народу» яна заяўляла, што цэнтр і выстава з карцінай Яўгена Жыхара — «рассаднік і прапаганда нацызму».

Пагутарыць з Бондаравай «Нашай Ніве» не ўдалося. На тэлефанаванні яна не адзываецца.

22 сакавіка 2021 года дзяржаўная газета «СБ. Беларусь сегодня» апублікавала артыкул з тымі ж акцэнтамі, што былі ў відэа Бондаравай.

У каментары намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк абяцаў, што «выпадак» будзе «старанна вывучаны і атрымае прынцыповую ацэнку».

Праз тыдзень, 30 сакавіка 2021 года, Алеся Пушкіна схапілі.

Чыноўнік Віктар Пранюк паходзіць з гродзенскай глыбінкі. Ён нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Пяскі Лідскага раёна.

Па прафесіі ён настаўнік фізікі і інфарматыкі, выпускнік педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Працоўную дзейнасць пачынаў з настаўніцтва ў лідскіх школах.

Віктару Пранюку ўручаюць хлеб і соль ад падначаленых. Фота: region.grodno.by

Віктару Пранюку ўручаюць хлеб і соль ад падначаленых. Фота: region.grodno.by

Былыя яго калегі кажуць, што педагагічным талентам Пранюк не вылучаўся, але быў някепскім арганізатарам, умеў падабацца начальству і быў упартым у ажыццяўленні сваіх ідэй.

У 2003 годзе Пранюк стаў самым маладым дырэктарам першага ў Лідзе і раёне ліцэя. Ліцэй падаваўся як установа адукацыі новага тыпу, а кіраўніка лічылі аўтарам складання яго гуманістычнай канцэпцыі. Навучэнцы ліцэя штогод выбіраюць сабе прэзідэнта.

У ліцэі настаўнічала і жонка будучага чыноўніка — Людміла Пранюк.

Кар’ера настаўніка для Пранюка скончылася ў 2011 годзе, калі яго прызначылі намеснікам кіраўніка Лідскага райвыканкама.

Яго паставілі адказваць за ідэалогію і сацыяльныя пытанні. Ён часта сустракаўся з насельніцтвам.

У 2015 годзе падчас прэзідэнцкай кампаніі Пранюк дыскутаваў з кандыдаткай на прэзідэнцтва Таццянай Караткевіч. З ім яна сустрэлася ў 10-тысячным мястэчку Бярозаўка.

Віктар Пранюк (на пярэднім плане) і Таццяна Караткевіч. Фота: svaboda.org

Віктар Пранюк (на пярэднім плане) і Таццяна Караткевіч. Фота: svaboda.org

Пранюку не спадабалася ідэя Караткевіч, каб чыноўнікаў выбіралі.

«Задачы ў мяне адны — у мяне ёсць службовая інструкцыя, якую я выконваю», — даводзіў чыноўнік.

У 2019-м, калі перыяд лібералізацыі завяршаўся, Віктар Пранюк тлумачыў неабходнасць усталявання ў Лідзе помніка Гедыміну.

«Гэта даніна павагі да гістарычнай асобы і дзяржаўнага дзеяча, які змог аб'яднаць мультыкультурнае і разнамоўнае Вялікае Княства Літоўскае, — падкрэсліваў тады чыноўнік. — Ён адзін з самых яскравых прыкладаў мудрага кіраўніка-патрыёта, сімвалізуе справядлівасць і адзінства».

У 2019 годзе Лукашэнка прызначыў Віктара Пранюка намеснікам старшыні аблвыканкама. Ён курыруе ідэалогію і сацыяльна-культурныя пытанні.

Чыноўнік засядае ў Савеце Рэспублікі. Мае падзяку ад Лукашэнкі за прафесіяналізм і грамату нацыянальнага сходу. Быў узнагароджаны юбілейнымі медалямі да 65-годдзя «Перамогі ў Айчыннай вайне» і «Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

На чыноўніцкую кар’еру Пранюка ў аблвыканкаме прыпала пандэмія, выбары, пратэсты і тэрор.

У канцы жніўня 2020 года Віктар Пранюк прысунічаў у гродзенскім гарвыканкаме на перамовах пратэстоўцаў з прадстаўнікамі мясцовай улады.

Тады чыноўнікам перадалі патрабаванні аб адстаўцы Лукашэнкі, кіраўнікоў МУС, арышце сяброў ЦВК ды вызваленні палітычных зняволеных. Кіраўніцтва гарвыканкама адмовілася выйсці да пратэстоўцаў.

У 2021 годзе, падчас міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы, Пранюк даводзіў экспертам Еўракамісіі, што ўлады добра абыходзяцца з замежнікамі ў транспартна-лагістычным цэнтры «Брузгі».

Мігранты ў цэнтры «Брузгі». Фота: БелТА

Мігранты ў цэнтры «Брузгі». Фота: БелТА

Чыноўнік казаў, што мігранты ў ім могуць знаходзіцца да той пары, пакуль не збудзецца іх мара: або яны паедуць дамоў, або ў Еўропу. Праз тры месяцы цэнтр спыніў працу.

У 2022 годзе Пранюка паставілі кіраваць праўладнай «Белай Руссю». На адным са сходаў ён заяўляў, што аб’яднанне павінна «ўзяць актыўны ўдзел у арганізацыі выбарчай кампаніі» ў мясцовыя саветы і Палату прадстаўнікоў.

«Правесці назіранне за выбарамі шырока і масава, каб не было прыдзірак, каб усе ўбачылі, што выбары ў Рэспубліцы Беларусь праходзяць празрыста і дакладна», — даводзіў ён.

Даведацца, як Віктар Пранюк успрыняў навіну пра смерць зняволенага Алеся Пушкіна, не ўдалося. У аблвыканкаме паведамілі, што чыноўнік да 28 ліпеня ў водпуску.

Алеся Пушкіна суддзя Алена Шылько летась 25 сакавіка адправіла на 5 гадоў у калонію строгага рэжыму па абвінавачванні ў «здзеку з дзяржаўных сімвалаў» і «распальванні варожасці». Дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляў на судзе Аляксандр Кароль.

Вядомы беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гродна. Палітвязень памёр у ноч на 11 ліпеня ў шпіталі, куды яго даставілі ў непрытомным стане.

Глядзіце таксама:

«Шанцаў на выратаванне не было». Падрабязнасці смерці мастака Алеся Пушкіна

У розных гарадах Еўропы адбыліся акцыі памяці Алеся Пушкіна ФОТЫ

«Яго творчасць была ўвасабленнем нязломнага духу беларускага народа» — Ціханоўская пра Пушкіна

«Паўтара месяца няма лістоў…» Мастак Алесь Пушкін знаходзіцца на турэмным рэжыме

Хто такія вамбаты? Як лукашыстаў падзяліла на два лагеры адно пытанне

Клас
4
Панылы сорам
8
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
12
Абуральна
95

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?