Газета «Брестский курьер» — адно з першых грамадска-палітычных рэгіянальных выданняў Беларусі, створаных пасля абвяшчэння незалежнасці краіны. Першы нумар выйшаў у чэрвені 1990 года і быў надрукаваны ў Вільні, а са снежня таго года газета пачала друкавацца ў родным горадзе, піша БАЖ.

Газета выходзіла раз на тыдзень і асвятляла значныя грамадскія падзеі ў рэгіёне і Беларусі. Тэматычны і жанравы дыяпазон «Брестского курьера» складаўся з навін, каментароў, рэпартажаў, журналісцкіх расследаванняў, аналітычных аглядаў і лістоў чытачоў. Выданне шмат увагі надавала падзеям з культурніцкага і спартыўнага жыцця рэгіёна.

У 1999 годзе газеце «Брестский курьер» была прысуджана міжнародная прэмія «Маладая прэса Усходняй Еўропы» нямецкага фонду Zeit-Stiftung.

У сувязі з эканамічным крызісам у Беларусі ў 2015 годзе рэдакцыя была вымушаная скараціць наклад, а ў канцы 2017 года штотыднёвік праз фінансавыя праблемы пачаў выходзіць нерэгулярна. У 2018 годзе папяровая версія «Брестского курьера» цалкам спыніла існаванне, а яшчэ праз год уладальнікі выдання выставілі на продаж рэдакцыйны будынак. З таго часу перыядычна абнаўляецца толькі сайт «Брестского курьера», дзе змяшчаюцца пераважна матэрыялы культурніцкага зместу.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, з ліпеня 2020 года і на гэты момант суды Брэсцкай вобласці ўжо 212 разоў прызнавалі «непажаданымі» ў той ці іншай форме сайты, старонкі ў сацыяльных сетках, чаты альбо каналы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
4