Фота: Jerome Delay / AP

Фота: Jerome Delay / AP

Прачнуўшыся раніцай 10 ліпеня, жыхары Іаганесбурга, найбуйнейшага горада Паўднёвай Афрыкі, убачылі за вокнамі снег. Ліпень у Паўднёвым паўшар'і — зімовы месяц, але снег тут не выпадаў вось ужо 10 гадоў, піша Бі-бі-сі.

Улады параілі паўднёваафрыканцам апранацца цяплей, бо халодны фронт накрыў большую частку краіны і застанецца тут як мінімум на тыдзень.

«Пакуль што снегапад не выклікаў сур'ёзных праблем», —паведаміў прадстаўнік Паўднёваафрыканскай метэаралагічнай службы.

Жыхары Іаганесбурга зачараваныя заснежанымі вуліцамі — рэдкім відовішчам у іх шыротах.

«Некаторыя вучні і я разам з імі пайшлі знаёміцца са снегам бліжэй … сёй-той ужо ведае, што такое снег, а іншыя думалі, што гэта проста такі дождж», — распавяла настаўніца пачатковых класаў Агнес Мідзева.

Хатняя работніца Набухосі Стомпі сказала, што ехала на працу па заснежанай дарозе і яшчэ ніколі такога не бачыла.

«У нас у дамах цёпла, так што ўсё ў парадку, — адзначыў наглядчык Білі Нксумала. — Снег ляжаў паўсюль, ён накрыў палі побач з нашым раёнам — гэта было сапраўды прыгожа».

Снег выпаў у цэлым шэрагу правінцый Паўднёвай Афрыкі, уключаючы Усходні Кейп, Мпумалангу і рэгіён Гаўтэнг, у які ўваходзяць Іаганесбург і Соўэта.

Метэаролагі параілі фермерам знайсці прыдатныя цёплыя памяшканні для жывёлы, асабліва ў халоднае надвор'е.

Пакуль нельга сказаць, ці з'яўляецца незвычайна халоднае надвор'е і снег вынікам кліматычных змен.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?