Расейскі вайсковец нясе варту ў раёне Запарожскай АЭС Российский военный охраняет Запорожскую АЭС A Russian serviceman guards an area of the Zaporizhzhia Nuclear Power Station

Расійскі вайсковец нясе варту ў раёне Запарожскай АЭС. 1 мая 2022 года. Фота: AP Photo

Па словах Лаўрова, падобныя заявы робяцца ў рамках інфармацыйнай вайны супраць Масквы.

«Гэта бязглуздзіца, мы ўжо шматразова ўсё гэта каментавалі», — сказаў міністр у адказ на просьбу пракаментаваць адпаведныя заявы.

«Тое, што гэтае зацяганае папярэджанне ўжо шматразова ўсплывае ў медыйнай прасторы, перш за ўсё вуснамі прадстаўнікоў кіеўскага рэжыму, гаворыць толькі аб адным: усе гэтыя людзі натрэніраваныя, у тым ліку для вядзення інфармацыйнай вайны, перш за ўсё англасаксамі, палякамі і нават прыбалтамі, якія для Украіны сталі старэйшымі таварышамі», — адзначыў Лаўроў.

«Калі вынікі гэтых трэніровак настолькі жаласныя, настолькі непераканаўчыя, то мне шкада тых грошай, якія заходнія падаткаплацельшчыкі марнуюць на выплату заробкаў настаўнікам, якія трэніруюць такіх абсалютна няздольных, не помнячых сябе вучняў», — дадаў кіраўнік МЗС Расіі.

Як вядома, крызіс на Запарожскай АЭС пачаўся ў сувязі з яе акупацыяй расійскімі войскамі 3-4 сакавіка 2022 года. 11 верасня мінулага года яна была цалкам спыненая.

Аднак два рэактары знаходзіліся ў рэжыме «гарачага спынення», забяспечваючы парай і цяплом станцыю і горад Энергадар. На пачатак чэрвеня гэтага года ў такім стане знаходзіўся толькі адзін энергаблок.

22 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з экстранным відэазваротам, у якім заявіў, што Расія, верагодна, рыхтуецца здзейсніць тэракт на Запарожскай атамнай станцыі, які можа прывесці да выкіду радыяцыі.

У інтэрв'ю The New Statesman, якое выйшла 23 чэрвеня, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Кірыла Буданаў падкрэсліў, што Расія завяршыла падрыхтоўку да тэракту. Начыненая выбухоўкай тэхніка размешчаная каля чатырох з шасці энергаблокаў станцыі.

25 чэрвеня Уладзімір Зяленскі заявіў, што размаўляў з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, прэм'ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо і прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудай. 

Па яго словах, сярод іншага ён абмеркаваў з імі сітуацыю на Запарожскай атамнай станцыі. 

«Увага свету да наяўнай расійскай пагрозы на Запарожскай станцыі, на жаль, пакуль недастатковая. Як была недастатковай і рэакцыя на расійскі падрыў Кахоўскай гідраэлектрастанцыі і свядомую спробу расійскіх тэрарыстаў трапіць у дамбу іншага вадасховішча ў Крывым Рогу. Давёў партнёрам інфармацыю, якая ёсць у нас, у нашай разведкі аб расійскім сцэнары з мініраваннем Запарожскай АЭС, які для тэрарыстаў, відавочна, зацверджаны», — заявіў Зяленскі.

Пакуль Расія нічога не здзейсніла. Але трэба памятаць, што 18 лютага 2022 года з такой жа ўпэўненасцю Лаўроў называў бязглуздзіцай сцвярджэнні Захаду і Кіева аб падрыхтоўцы нападу на Украіну. Праз шэсць дзён Расія гэта зрабіла.

Чытайце яшчэ:

Зяленскі пацвердзіў, што Украіна пачала контрнаступленне

Акупацыйная адміністрацыя Запарожжа заявіла, што вывозіла ўкраінскіх дзяцей у Беларусь

Расійскія войскі маглі замініраваць Запарожскую АЭС — The Insider

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?