Выява: Anker

Выява: Anker

Імкненне цывілізаваных краін да зялёнай энергіі рухае тэхналогіі наперад у гэтым кірунку. Anker — амерыканскі брэнд, найбольш вядомы сваімі кабелямі і партатыўнымі зараднымі прыладамі. Але кампанія паступова нарошчвала свае партатыўныя рашэнні для энергасілкавання і цяпер прэзентавала новую лінейку вялікіх акумулятараў Solix, якая, як абяцаюць, зможа падтрымліваць працу ўсяго дома ў выпадку адключэнняў цэнтралізаванай энергасеткі.

Нягледзячы на ​​тое, што кошт сонечнай тэхналогіі паступова становіцца больш даступным для многіх домаўласнікаў, яна мае свае ўнікальныя праблемы, у прыватнасці, надзейнасць. То-бок пакуль не заўсёды можна быць упэўненым, што сонечная панэль на даху будзе выпрацоўваць дастатковую колькасць энергіі для задавальнення вашых патрэб на працягу 24 гадзін і без выхадных, таму лепш спалучаць яе акурат з акумулятарам, каб назапашваць энергію, калі яе зашмат, і выкарыстоўваць, калі яе не хапае.

І тут у гульню ўваходзіць сістэма назапашвання Solix, пра якую расказвае Gizmodo. Кампанія абяцае, што ў наступным годзе батарэя будзе даступная ў розных ёмістасцях і памерах, прычым самы вялікі варыянт будзе памерам з невялікі халадзільнік. Батарэі таксама распрацаваныя як модульныя, так што некалькі блокаў змогуць быць злучаныя ў ланцужок для забеспячэння большай магутнасці і ёмістасці па меры неабходнасці: ад 5 кВт*гадз (што дастаткова для падтрымання працы дома сярэдняга памеру цягам некалькіх гадзін) да 180 кВт*гадз (што дастаткова для падтрымання электраэнергіі ў доме на працягу тыдня).

Выява: Anker

Выява: Anker

Гэта больш, чым ёмістасць, якую можна дасягнуць, напрыклад, з сістэмай Tesla Powerwall 2, якую можна павялічыць максімум да 135 кВт*гадз. Anker абяцае, што іх рэзервовая сістэма Solix, што працуе на літый-жалеза-фасфатных акумулятарах і кантралюецца апаратным і праграмным забеспячэннем кампаніі, будзе сумяшчальная з існымі і новымі сонечнымі панэлямі, а ў канчатковым выніку таксама зможа зараджаць і электрамабілі.

Новая лінейка Anker Solix таксама падыдзе для будынкаў, на даху якіх па тых ці іншых прычынах немажліва змясціць сонечную панэль. Уладальнікі кватэр у Еўропе, у якіх, напрыклад, няма ўласнага даху ці задняга двара, ужо маюць магчымасць набыць балконную сістэму з сонечнай панэллю Anker Solix RS40. Зноў-такі фірма абяцае, што пачынаючы з наступнага года гэтая сонечная сістэма зможа спалучацца з модульнымі батарэямі Solix Solarbank ёмістасцю ад 1,6 кВт*гадз да 3,2 кВт*гадз, што забяспечыць аварыйнае сілкаванне на некалькі гадзін у выпадку адключэння энергіі.

Адзінае, што ў Anker не раскрылі наконт лініі Solix, — гэта тое, колькі яна будзе каштаваць. Але, напрыклад, у лінейцы партатыўных электрастанцый Anker PowerHouse ёсць мадэль Anker Solix F2000, якая прапануе больш за 2 кВт*гадз энергіі за 2000 даляраў, што дае прыблізнае ўяўленне, колькі будзе каштаваць ёмістасць 180 кВт*гадз.

Чытайце таксама:

Вялізныя «пясчаныя батарэі» — новая тэхналогія для захоўвання лішкаў сонечнай і ветравой энергіі

Новая акумулятарная тэхналогія можа зрабіць электрасамалёты рэальнасцю

Цягам некалькіх гадоў запрацуе першы ў свеце камерцыйны тэрмаядзерны рэактар — The Wall Street Journal

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?