Падводныя паляўнічыя абураныя тым, што для рэалізацыі іхняга захаплення ім выдалі вадаёмы, якія не падыходзяць для гэтага па сваіх прыродна-біялагічных умовах.

Карыстальнік з нікам Buba1404 пракаментаваў новаўвядзенне наступным чынам:

«Я жыву ў Бабруйску, у Бабруйскім раёне. Нам, падводным паляўнічым, выдзелілі тры вадаёмы на ўвесь раён для занятку падводным паляваннем! З іх возера Драгічын (балота, у якім ніколі не бывае празрыстай вады і куды дабрацца можна толькі на верталёце), возера Плывун, у якім таксама ніколі няма празрыстасці, і возера Снарады, у якім празрыстая вада бывае раз на 3-4 гады.

У суседніх раёнах сітуацыя такая ж. У Асіповіцкім дазволілі Асіповіцкае вадасховішча і раку Свіслач, у якіх няма празрыстасці. У Глускім — рака Пціч, у якой штосьці можна ўбачыць адзін месяц у годзе. І так можна пералічыць усе найбліжэйшыя раёны.

Мы лічым, што гэта проста здзек з нашай супольнасці падводных паляўнічых, якія плацяць, у адрозненне ад рыбакоў, унёскі, але скарыстацца сваім правам не могуць! Улічваючы, што нас на ўсю Беларусь каля 3000 чалавек.

Цалкам падтрымліваю варыянт вяртання да спісаў забароненых вадаёмаў. А калі пакуль такой магчымасці няма, трэба раіцца з супольнасцю наконт кожнага вадаёма, які вы ўносіце ў спіс дазволеных вадаёмаў.

На гэты момант нам займацца падводным паляваннем няма дзе! А грошы мы заплацілі! Пытанне: за што?»

«Падводная рыбалка (паляванне) — вельмі складаны і цяжкі працэс, патрабуе сур’ёзнай фізічнай, маральнай, матэрыяльнай падрыхтоўкі, які, насуперак распаўсюджанаму памылковаму меркаванню, не забяспечвае вялікага рэгулярнага ўлову, — піша іншы карыстальнік, «balorek by Мелешко». — Акрамя гэтага, падводны паляўнічы сістэматычна выяўляе сеткі, у тым ліку і забытыя, жакі, і наогул раздражняе браканьераў.

У нашых рэаліях зусім незразумелая матывацыя чыноўнікаў для забароны тых ці іншых вадаёмаў. Забарона не грунтуецца ні на якіх навуковых даных, выніках даследаванняў, а толькі на прынцыпе перакладання адказнасці.

Напрыклад, мясцовай адміністрацыі Клічаўскага раёна зусім нецікавы лёс ракі Ольса, але вось падводнае паляванне ў гэтай рацэ яны чамусьці забаранілі. Чаму? На чым грунтуецца рашэнне аб забароне падводнага палявання на гэтым вадаёме? Чыгірынскае вадасховішча — гіганцкі вадаём, чаму там забароненая падводная рыбалка (паляванне)?»

«Вельмі доўга ўводзяцца дапаўненні да пераліку дазволеных вадаёмаў. А цяпер яшчэ і баяцца, ці правільна зрабілі, і прыдумалі абмеркаванне. Такія дапаўненні трэба рабіць кожны месяц, а не раз у год і потым выхваляцца, што вось мы выдалі дакумент і прарабілі вялікую працу.

Людзям рыбачыць цяпер няма дзе. Неабходна пашыраць пералік і вельмі значна. Раней больш за 10 000 вадаёмаў былі дазволеныя, а цяпер сотні. Што памянялася?

Норма лоўлі для ўсіх спосабаў аднолькавая, дык навошта гэтыя абмежаванні цяпер? Ці раней, на працягу многіх гадоў, нехта моцна памыляўся, дазваляючы рыбачыць у такой колькасці вадаёмаў? Не, цяпер дапусцілі памылку і, нават можна сказаць, уціск правоў грамадзян. З гэтымі спісамі дазволеных вадаёмаў ужо сутыкаліся раней, і было шмат перагібаў на месцах, некампетэнтнасці», — так пракаментаваў дакумент карыстальнік Валерый Сінкевіч.

Чытайце таксама:

У Мазыры п'яныя рыбаловы не падзялілі ўлоўнае месца, ёсць ахвяра

Пінскі паляўнічы-падводнік расказаў пра рэкордных самоў

Нават на 9 месяцы цяжарнасці ездзіла на начную рыбалку: жанчына з Віцебска распавяла пра сваё захапленне

Клас
11
Панылы сорам
5
Ха-ха
11
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
9