Ілюстрацыйнае фота. Фота: AP Photo/Eric Risberg

Ілюстрацыйнае фота. Фота: AP Photo/Eric Risberg

Маёмасць у абмен на даўгі

Як піша Tagesspiegel, праект «Вялікага шоўкавага шляху», які першапачаткова ахопліваў прастору ад Ціхага акіяна да Балтыйскага мора, за гады рэалізацыі значна пашырыў геаграфію. Ініцыятыва пашырылася на ўсю Афрыку, а часам сягае і да Паўднёвай Амерыкі. У 2017 годзе Кітай паабяцаў крэдыты на 8 трыльёнаў даляраў 68 краінам.

Але гэтыя крэдыты, як адзначае выданне, усё часцей заканчваюцца неплацежаздольнасцю краін-атрымальнікаў. Журналісты цытуюць словы Джона Байдэна аб тым, што «ініцыятыва «Адзін пояс — адзін шлях» была выкрытая як праграма канфіскацыі актываў за даўгі».

члены Азиатского банка инфраструктурных инвестиций the members of the Asian Infrastructure Investment Bank члены Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый

Новы шаўковы шлях у дзеянні. Сябры Азіяцкага банка інфраструктурных інвестыцый. Фота: Wikimedia Commons

З гэтым пагаджаецца, як адзначае Tagesspiegel, даследчык Філіп Матэйс (Philipp Mattheis), аўтар кнігі «Брудны шаўковы шлях. Як кітайская эканамічная палітыка падрывае дзяржавы і дэмакратыі ва ўсім свеце», якая выйшла ў мінулым месяцы.

Матэйс лічыць, што

«Пекін выдае крэдыты і ў выпадку, калі краіна-атрымальнік не можа плаціць, прысвойвае дзяржаўную маёмасць».

Але, на яго думку, ініцыятыву нельга разглядаць як праект, які першапачаткова быў распрацаваны з мэтай руйнавання эканомік безабаронных дзяржаў. У яго былі іншыя мэты:

«Па аўтамагістралях і чыгунцы перавозяцца не толькі кітайскія тавары, але і ідэалогія ды панаванне. А таксама прыгнёт уйгураў».

З такім поглядам пагаджаецца і палітычны аналітык берлінскага аналітычнага цэнтра Merics Франчэска Гірэці (Francesca Ghiretti):

«З самага пачатку ініцыятыва Вялікага шаўковага шляху была таксама дыпламатычным інструментам для ўзмацнення палітычнага ўплыву Кітая. Але што мяне здзіўляе, так гэта тое, што, нягледзячы на дэфолты і іншыя негатыўныя прыклады, у краінах, якія развіваюцца, усё яшчэ існуе вялікая цікавасць да ініцыятывы».

Tagesspiegel спасылаецца на даныя аналітычнай кампаніі Grodium Group аб тым, што з 2020-га па сакавік 2023 года доўг краін перад Кітаем, які мусіў быць спісаны ці перагледжаны, склаў 78 мільярдаў даляраў. Гэтая сума ў тры разы большая за паказчык трох папярэдніх гадоў.

У сваёй кнізе Матэйс адзначае, што шмат у якіх краінах ён назіраў «сумесь дрэннага планавання, карупцыі і нечаканага застою». Па яго словах, абяцанне «выйгрыш-выйгрыш» часта пераўтваралася ў «выйгрыш-пройгрыш», а часам нават у «пройгрыш-выйгрыш».

У якасці прыкладу даследчык прыводзіць Чарнагорыю. У 2022 годзе ў балканскай дзяржаве адкрылі адну з самых дарагіх аўтамагістраляў у свеце. На будаўніцтва 41 кіламетра патрацілі мільярд даляраў і восем гадоў. Аднак гэтая дарога вядзе ў нікуды. Астатнія 122 кіламетры да Белграда, якія ў першую чаргу зрабілі б дарогу карыснай, імаверна, ніколі не будуць дабудаваныя.

Іншы прыклад — Шры-Ланка. Спустошаная грамадзянскай вайной дзяржава ўбачыла выратавальную саломінку ў Пекіне і ў 2017 годзе была вымушаная здаць порт Хамбантота ў арэнду кітайскай дзяржаўнай кампаніі на 99 гадоў. «Па сутнасці, ён не падыходзіць ні для чаго, акрамя толькі як для геапалітычных варот Пекіна», — тлумачыць Матэйс.

Небяспечнае супрацоўніцтва

Ад небяспекі не застрахаваная і Германія, як адзначае Tagesspigel. Так, канцлер Олаф Шольц, нягледзячы на супраціў органаў бяспекі і парламенцкай кааліцыі, даў дазвол на частковы ўваход кітайскай дзяржаўнай кампаніі Cosco ў тэрмінал порта Гамбурга, які лічыцца аб'ектам крытычнай інфраструктуры, што можа быць выкарыстаная для шпіянажу ці сабатажу.

Выданне нагадвае, што пра жаданне далучыцца да ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» заявіла Бразілія. Падчас дзяржаўнага візіту ў Пекін прэзідэнта Лулу да Сілва суправаджала дэлегацыя з 200 чалавек.

Кітай таксама паспяховы ва Усходняй Афрыцы. У Кеніі порт Мамбасы, праз які праходзіць большая частка сыравіны рэгіёна, знаходзіцца ў руках Кітая.

У 2017 годзе Народна-вызваленчая армія Кітая пашырыла сваю прысутнасць у Афрыцы, заснаваўшы сваю першую замежную базу ў Джыбуці — невялікай краіне, якая мае важнае стратэгічнае значэнне для кантролю над Чырвоным морам і Адэнскім залівам.

Гэта была першая замежная вайсковая база Кітая. Гэты крок засведчыў глабальныя амбіцыі краіны і выклікаў занепакоенасць іншых дзяржаў, такіх як ЗША, Францыя і Японія, якія таксама маюць свае базы ў Джыбуці.

Выданне нагадвае, што Кітай вылучаецца сваёй пазіцыяй адносна Афганістана. За два тыдні да пачатку вываду амерыканскіх войскаў з гэтай краіны міністр замежных спраў Кітая прыняў дэлегацыю талібаў. Пазней Кітай не прызнаў новы ісламісцкі рэжым, але дазволіў яму заняць пасольства Афганістана ў Пекіне.

У гэтым, як адзначае Tagesspigel, заключаецца прагматызм знешняй палітыкі Кітая. На працягу многіх гадоў Кітай прыгнятаў мусульманскую меншасць у Сіньцзяне на падставе «народнай вайны» супраць ісламісцкага тэрору. Але гэта не перашкодзіла Пекіну ў пачатку 2023-га падпісаць нафтавую здзелку з тым самым рэжымам талібаў, які, у першую чаргу, зрабіў магчымымі тэракты 11 верасня 2001 года.

Змяніліся, як адзначае выданне, і прынцыпы, адпаведна якім Кітай прасоўваў свае інтарэсы ў свеце. Калі раней гэта быў прынцып «схавай сваю сілу і чакай», які агучыў у 1980-х тагачасны лідар краіны Дэн Сяапін, то пры Сі Цзіньпіне ён стаў іншым: «вось і мы — паглядзім, як вы з намі паладзіце».

Калі Дэн заклікаў хаваць амбіцыі, то Сі не хавае свайго імкнення ўзначаліць свет. Да 2049 года, як нагадвае выданне, гэтая краіна паставіла за мэту выхад на першае месца ў свеце як у эканамічных, так і ў вайсковых адносінах.

Выданне адзначае, што Кітай паскорыў абнаўленне сваёй арміі, якое павінна завяршыцца ў 2027 годзе.

На фоне гэтага лідар краіны ўсё часцей папярэджвае пра цяжкія часы. А на сустрэчы з прадстаўнікамі службы бяспекі ў маі гэтага года Сі заявіў пра тое, што краіна павінна рыхтавацца да «экстрэмальных сцэнарыяў» і вытрымаць «небяспечныя штормы».

Выданне перадае словы нямецкіх дыпламатаў аб тым, што ў апошнія гады тон вышэйшых кітайскіх дыпламатаў стаў больш рэзкім. Сі патрабуе ад свайго міністэрства замежных спраў «сілы» і «баявога духу» і атрымлівае іх.

Супольнасць адзінага лёсу

Аўтары артыкула нагадваюць, што яшчэ ў 2015 годзе Сі Цзіньпін у сваім выступе на Генеральнай Асамблеі ААН гаварыў пра «сусветную супольнасць адзінага лёсу». У сённяшніх умовах, на думку экспертаў, Кітай разглядае сябе як уплывовага дыпламата. Так, Пекін выступіў пасярэднікам у вайне Расіі ва Украіне. Але пры гэтым Сі так і не асудзіў вайну, а замест гэтага пашырыў супрацоўніцтва з Масквой у сферы эканомікі і бяспекі.

У іншых месцах Кітай дасягнуў большых поспехаў. Так, у сакавіку пры яго пасярэдніцтве было заключанае пагадненне паміж Іранам і Саудаўскай Аравіяй. Нешта падобнае краіна хоча паспрабаваць і ў канфлікце на Блізкім Усходзе.

У сённяшніх умовах, як працягвае Tagesspiegel, стары Шаўковы шлях, які калісьці быў аднапалосным, стаў шматпалосным інструментам для дасягнення большага, чым эканоміка. З дапамогай інвестыцый і эканамічнай дапамогі Кітай імкнецца звязаць партнёраў ідэалагічна.

З гэтай мэтай Сі прывёў чатыры планы дзеянняў, якія скіраваныя на дасягненне глабальнага кантролю над сферамі развіцця, цывілізацыі, навакольнага асяроддзя і бяспекі.

Але падыходы, якія ў іх утрымліваюцца, істотна адрозніваюцца ад заходніх. Выданне прыводзіць меркаванне даследчыка Кітая з Ельскага ўніверсітэта Морыца Рудольфа (Moritz Rudolf):

«Сі прапагандуе сваю мантру «мадэрнізацыя не азначае вестэрнізацыю» і ставіць пад сумнеў прынцып вяршэнства права і ўніверсальнасць правоў чалавека. Гэта выклік Кітая Захаду».

Правал «мяккай сілы» Кітая

Выданне адзначае, што ў рэйтынгу мяккай сілы даследчай фірмы BrandFinance краіна займае пятае месца пасля ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і Японіі. Але існуе разрыў паміж амбіцыямі Кітая і яго іміджам у свеце. У рэйтынгу рэпутацыі краіна займае 26 пазіцыю, што сведчыць пра недастатковую эфектыўнасць мяккай сілы.

Да гэтага часу, як заўважае Tagesspigel, Кітаю не ўдалося экспартаваць сваю культуру паўсюдна. Сапраўднага адказу Галівуду няма. Аўтары артыкула працягваюць: дыктатуры з творчым розумам, які ўтаймаваны цэнзурай, як правіла, не дзейнічаюць па-за сваёй ідэалогіяй. Патрыятычныя фільмы, якіх патрабуе Сі, за мяжой выглядаюць жорстка.

Па даных Аўстралійскага аналітычнага цэнтра Lowy Institute, якія прыводзіць выданне, нават у Азіі культурны ўплыў ЗША амаль удвая перавышае ўплыў Кітая.

Частковы поспех мелі і Інстытуты Канфуцыя, якія Кітай адкрывае за мяжою пачынаючы з 2004 года. Яны цяпер падвяргаюцца рэзкай крытыцы, паколькі падпарадкоўваюцца Камуністычнай партыі і перашкаджаюць акадэмічнай свабодзе.

А скіраванне пандаў у еўрапейскія заапаркі, выступы дзяржаўнага цырку Кітая і фільмы пра кунг-фу не маюць ніякага дачынення да амерыканскай культурнай гегемоніі, як адзначае выданне.

Аднак, на думку аўтараў артыкула, па меншай меры ў адным Кітай атрымаў перамогу: ён стварыў вобраз таго, што ЗША знаходзяцца ў заняпадзе, хаця, як пракаментавала выданню Франчэска Гірэці, няма ніякіх звестак, што гэта пацвярджаюць.

«Я не ўпэўненая, ці сапраўды Кітай быў калі-небудзь на шляху да таго, каб стаць сусветнай дзяржавай нумар адзін», — адзначае экспертка.

У той жа час, як заўважае выданне, аповед аб тым, што Кітайскай Народнай Рэспубліцы наканавана лёсам выцесніць ЗША, прыносіць плён. Гэта шмат у чым звязана з распаўсюджаным на Захадзе арыенталісцкім уяўленнем пра Кітай.

Там краіна лічыцца загадкавым Усходам, мудрай Сярэдзіннай імперыяй, чые рэпрэсіі і пагрозы вайны выдаюцца за культурныя адрозненні.

Сі ўзмацняе гэтую этнарамантыку гістарычным аповедам пра нібыта 5000-гадовую нацыянальную гісторыю, якую ён атаясамлівае з 74-гадовай Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Многія з праблем Кітая, якія сёння відавочныя (напрыклад, старэнне насельніцтва або не аптымальнае размеркаванне рэсурсаў паміж дзяржаўнымі кампаніямі), існавалі даўно, так адзначае ў інтэрвʼю нямецкаму выданню Гірэці. Аднак, па яе словах,

«свет проста вырашыў ігнараваць іх, таму што ўзыходжанне Кітая выглядала як эканамічная поспех-гісторыя. І мы ўсе хацелі прыняць у ёй удзел».

Чытайце яшчэ:

Сі Цзіньпін сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Энтані Блінкенам у Пекіне

Кітай пабудуе ў Беларусі некалькі медустаноў «пад ключ»

Кітай хоча, каб штучны інтэлект адлюстроўваў асноўныя каштоўнасці сацыялізму

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?