Так выглядаюць газоны ў Гомелі. Іх выпаліла спёка. Гомельшчына найбольш пакутуе ад засухі. Фота: з рэсурсу «У нас на районе»

Так выглядаюць газоны ў Гомелі. Іх выпаліла спёка. Гомельшчына найбольш пакутуе ад засухі. Фота: з рэсурсу «У нас на районе»

У Беларусі, як і ў цэлым у Еўропе, змяненне клімату і павышэнне тэмпературы адбываецца хутчэй, чым у сярэднім на планеце, як адзначае Васіль Сімакоў.

«Агульная колькасць ападкаў змяняецца неістотна, але мяняецца размеркаванне ападкаў цягам года. Іх выпадзенне становіцца ўсё больш нераўнамерным», — тлумачыць ён.

У ХХ стагоддзі ў Беларусі былі перыяды больш халодныя і больш цёплыя. Напрыклад, халодныя гады прыпалі на Другую сусветную вайну. 1950-я былі больш засушлівыя.

Засуха на Гомельшчыне. Палі з зерневымі ператвараюцца ў пустэльню. Фота: gomel.belgidromet.by

Засуха на Гомельшчыне. Палі з зерневымі ператвараюцца ў пустэльню. Фота: gomel.belgidromet.by

«Назіранні апошніх двух дзесяцігоддзяў сведчаць, што цяперашняя кліматычная сітуацыя ў гэтую варыятыўнасць не трапляе, а выходзіць за яе межы», — заўважае эксперт.

На кліматычную абстаноўку ўсё больш уплываюць працэсы глабальнага пацяплення, асноўная прычына якога — дзейнасць чалавека, выкарыстанне выкапнёвага паліва і выкіды парніковых газаў.

Экстрэмальнае сёлетняе надвор’е звязваюць і з іншымі фактарамі, якія ўзмацняюць глабальнае пацяпленне.

«Цячэнне Эль-Ніньё ля берагоў Лацінскай Амерыкі, якое кожныя 2-3 гады звычайна прыносіць дадатковае пацяпленне на ўсю глабальную кліматычную сістэму. Новы цыкл Эль-Ніньё чакаецца ў 2023-2024 гадах. Гэтыя працэсы пацяплення клімату, якія мы назіраем, будуць нават узмацняцца», — даводзіць Васіль Сімакоў.

Засуха пануе ў Беларусі з мая. Май выдаўся халодным, асабліва першая яго палова з начнымі замаразкамі. А вось дажджоў за месяц выпала толькі траціна ад нормы, а на Гомельшчыне — меней за 10 працэнтаў.

«Такога засушлівага мая не было з 1945 года», — адзначае Васіль Сімакоў.

У першай палове чэрвеня без дажджоў пакутавалі ўсходняя і цэнтральная часткі Беларусі. Ад спёкі павыгарала трава на газонах. Камунальнікі не спраўляюцца з паліваннем кветнікаў. 

Акцыя Мінпрыроды «Палівай дрэва — захавай яму жыццё» ў Магілёве. Фота: instagram.com / my.mogilev

Акцыя Мінпрыроды «Палівай дрэва — захавай яму жыццё» ў Магілёве. Фота: instagram.com / my.mogilev

У большасці рэк прыкметна спаў узровень вады. Абмяленне Дзвіны, Нёмана, Дняпра, Бярэзіны, Сожа стала крытычным для суднаходства.

Працяглы час трывае забарона на наведванне лясоў праз рызыку пажараў.

Аграрнікі бядуюць, што давядзецца перасяваць зерневыя, бо верхні слой глебы высушаны да 10 сантыментаў. 

«Сур'ёзны дэфіцыт глебавай вільгаці можа негатыўна адбіцца на фармаванні прадуктыўнасці коласу збожжавых культур, ён не спрыяе адрастанню травы пасля ўкосу і запавольвае рост сцябла лёну», — адзначаюць яны.

Засуха выпаліла газоны ў гарадах. Такая карціна характэрная для Магілёва. Фота: сацыяльныя сеткі

Засуха выпаліла газоны ў гарадах. Такая карціна характэрная для Магілёва. Фота: сацыяльныя сеткі

Такая засуха ў пачатку лета апошні раз была ў 2015 годзе, як кажа Васіль Сімакоў

«Тое, што сёлета адбываецца з надвор’ем, можна назваць анамаліяй. Але такіх зʼяваў становіцца ўсё болей», — адзначае ён.

Засуха найбольш небяспечная для сельскай і лясной гаспадарак. Гэтыя галіны кліматычназалежныя і наладжаныя пад пэўныя ўмовы надвор'я.

«Калі мы кажам пра сельскую гаспадарку, то яна падцягвае за сабою харчовую прамысловасць.

Напрыклад, змены клімату актуалізуюць праблемы з малочнай прадукцыяй: яе захоўваннем, транспартаваннем», — адзначае эксперт.

Пакуль усход Беларусі пакутуе ад сушы, захад залівае. Залева ў Гродне. Фота: vgr.by

Пакуль усход Беларусі пакутуе ад сушы, захад залівае. Залева ў Гродне. Фота: vgr.by

Для сельскай і лясной гаспадарак распрацоўваюцца стратэгіі іх развіцця ў святле змянення клімату, а вось у харчовай прамысловасці пра тое, на думку Валіся Сімакова, яшчэ не задумваюцца.

Ён дадае, што ацэнкі змены клімату на сельскую і лясную гаспадаркі рабіліся ў тым ліку і з дапамогаю міжнародных праектаў, якіх цяпер няма.

З наступствамі змянення клімату сутыкаецца і беларускага энергетыка.

У апошнія гады павялічыліся экстрэмальныя з’явы — вятры, наледзі, якія прыводзяць да аварый і разбурэнняў. А гэта дадатковыя выдаткі на рамонт і ўзнаўленне інфраструктуры, працягвае кліматолаг. 

Дэфіцыт вады — з’ява нібы далёкая ад энергетыкі, але можа стварыць праблему для беларускіх ГЭС і ДРЭС. А дакладных даследаванняў пра такі ўплыў няма. 

Для ахалоджвання рэактараў атамнай станцыі таксама патрабуецца багата вады.

Яе бяруць з натуральных вадаёмаў — ахаладжальнікаў. Калі колькасць вады ў іх падае, а тэмпература павышаецца, гэта можа стварыць праблемы для работы БелАЭС

Змяненне клімату, павелічэнне колькасці засушлівых дзён і выкарыстанне чалавекам вялікага аб’ёму вады актуалізуе пытанне аб захаванні лясных экасістэм і балот.

«Балоты працуюць як губка. Яны ўтрымліваюць ваду і застаюцца моцным фактарам у балансаванні мікраклімату», — тлумачыць эксперт.

Акрамя колькасці вады паўстае пытанне яе якасці.

Якасная пітная вада становіцца каштоўным рэсурсам, які не заўсёды выкарыстоўваецца рацыянальна. Часам і гараджане, і дачнікі для палівання кветнікаў і агародаў бяруць пітную ваду і тым самым садзейнічаюць зніжэнню ўзроўню грунтавых вод.

«У нас не прынята ставіцца да вады беражліва, як да золата. Ва ўспрыманні беларуса, вады ў нас шмат і пагрозы таго, што Беларусь ператворыцца ў пустыню, няма, таму не задумваюцца пра рацыянальнае расходаванне», — заўважае Сімакоў.

Кліматолаг супакойвае: цяперашняя засуха ў Беларусі пакуль не экалагічная катастрофа, а да сур’ёзных наступстваў змен клімату можна часткова адаптавацца і атрымаць нават ад пацяплення выгады.

«Мы павінны быць падрыхтаванымі, што хвалі спёкі ўсё часцей будуць наведваць нас», — падсумоўвае Васіль Сімакоў. 

У найбліжэйшыя дні ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі тэмпература паветра будзе сягаць 31 градуса. Надвор’е ў заходняй Беларусі больш лагоднае, там тэмпература крыху вышэйшая за 20 градусаў. Чакаюцца навальніцы.

Глядзіце таксама:

Спёка вяртаецца. Як сябе паводзіць у такое надвор’е?

Выпаленая Еўропа. Кантыненту пагражаюць рэкордная засуха, спёка і пажары другі год запар

У Еўропе сёлета росквіт «сухога турызму». Але гэта радуе не ўсіх

У Клімавіцкім раёне жанчыны выклікалі дождж пры дапамозе адмысловага абраду ФОТЫ

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?