Аляксандр Лукашэнка (сядзіць) і Уладзімір Пуцін. Чэрвень 2023 года. Фота Contributor / Getty Images

Аляксандр Лукашэнка (сядзіць) і Уладзімір Пуцін. Чэрвень 2023 года. Фота Contributor / Getty Images

«Лукашэнка паспрабуе выкарыстаць шанец»

У эфіры ютуб-канала «Обычное утро» Рыгор Юдзін адзначыў, што праз тое, што межы паміж Беларуссю і Расіяй сціраюцца, Лукашэнка некалькі разоў даваў зразумець, што на гэтай больш шырокай прасторы ў яго ёсць уласная зацікаўленасць. Калі гэтая прастора стане адзінай, то ён таксама на ёй гулец.

«Ён ставіць усіх перад выбарам. Ці вы мяне пакідаеце ў маёй прасторы, ці я буду таксама гуляць на вашай прасторы. Лукашэнка выдатна валодае тактыкай забягання наперад. І ён на гэтым некалькі разоў абыгрываў Пуціна. Ён бачыць, што прастора становіцца адзінай і што ў яго з'яўляецца шанец. Наколькі гэта імаверна, складана сказаць. Але мы маем справу з імперыяй, што цяпер абвальваецца», — адзначае Юдзін.

Рэжым Лукашэнкі — персаналізаваная хунта

Сацыёлаг адзначае, што рэжым Лукашэнкі ў паліталагічным сэнсе — хунта, якая трымаецца на гвалце. Прычым гэта варыянт персаналізаванай хунты. На думку Юдзіна, гэта своеасаблівы варыянт манархіі. А створаны новы орган улады — Усебеларускі народны сход — ён параўноўвае з Генеральнымі штатамі, якія існавалі ў перыяд саслоўнай манархіі.

«Гэта быў саслоўны орган, з якім манарх мог раіцца. Ён не меў ніякай улады. Мог падаваць толькі петыцыі на імя манарха, які сам у ім засядаў. Лукашэнка пабудаваў орган, які вельмі да гэтага падобны. Своеасаблівы рэгрэс у XVI—XVII стагоддзі. Пры гэтым я сумняваюся, што ён ведае гісторыю. Гэта было зроблена інстынктыўна:

«Нельга зусім усіх разагнаць. І я буду адзін з спецслужбамі. Давайце будзе такая пацешная штуковіна. Я буду туды прыходзіць. Там будуць паважаныя людзі сядзець. Я іх не буду крыўдзіць. Яны будуць радыя, што я як быццам бы да іх прыслухоўваюся», — тлумачыць Юдзін.

«Важны эпізод салідарнасці, які паказаў беларускі народ як субʼект, што змагаецца супраць тырана»

Вялікай перавагаю Беларусі, на думку Юдзіна, стала тое, што падзеі 2020 года вельмі істотна паўплывалі на будучыню краіны:

«Паколькі ў Беларусі быў эпізод народнага паўстання, гэта пакідае за беларускім народам права абіраць сваю ўласную будучыню. І прадстаўленне краіны, дзе тыраняць уласны народ, пакідае больш перспектыў для будучыні. У тым ліку і для будучых лідараў, якія потым усё будуць мяняць».

З пункту гледжання палітычных рэжымаў, як заўважае эксперт, паміж Беларуссю і Расіяй існуе розніца. У Пуціна вельмі магутная дэмакратычная легітымнасць. Пуціну неабходна перыядычна вырабляць нейкія лічбы, якія будуць сведчыць пра яго легітымнасць.

Лукашэнка, як падаецца Юдзіну, некаторы час назад перастаў гэтым займацца: «У Беларусі ўжо мала хто верыць у тыя лічбы, якія ён сабе малюе. Таму ён асабліва на іх і не абапіраецца. Ён не праводзіць апытанні грамадскай думкі».

За межамі гэтых адрозненняў, як кажа Юдзін, важны эпізод салідарнасці, які паказаў беларускі народ як субʼект, што змагаецца супраць тырана, гэта спадчына на гады наперад.

«Пасля падзей 2022 года зразумела, што гэта быў вельмі важны крок, бо ў іншым выпадку цяпер сітуацыя ў Беларусі была б проста катастрафічнаю», — адзначае сацыёлаг.

Рыгор Юдзін Григорий Юдин Grigory Yudin

Рыгор Юдзін лічыць, што ў Беларусі склалася персаналізаваная хунта. Скрын відэа

Прапаганда ў Беларусі

Падзеі 2020 года, па меркаванні Юдзіна, прывялі да змены наратыву прапаганды. На яго думку, гэта было патрабаванне Пуціна.

Юдзін нагадаў, што падчас пратэстаў з Расіі ў Беларусь прыбыў дэсант прапагандыстаў. І з таго часу адбыліся змены як у самой прапагандзе, так і ў асобах, якія яе распаўсюджваюць. Сацыёлаг адзначае, што адбылося выроўніванне наратываў прапаганды ў Беларусі і Расіі, а прапагандысты пачалі гаварыць на неасавецкай мове.

«Пуцін вырашыў, што бракуе нечага імперскага. Вельмі мала пра «дзяды ваявалі», «Захад, які нам пагражае». Але я бачу, што ў Беларусі гэта вельмі ўмерана ўспрымаецца. Ёсць пэўная колькасць людзей, якія адчуваюць настальгію па савецкім перыядзе, але здаецца, гэта ўжо ўчарашні дзень. І ва ўмовах, калі гэта не працуе, Лукашэнку застаецца прадаваць так званую гобсаўскую канструкцыю.

Быў такі філосаф Томас Гобс, які гаварыў пра тое, што калі вы не хочаце, каб усе з усімі ваявалі, то павінен быць моцны лідар, які ўсіх будзе замяняць. Замест таго, каб усе баяліся адно аднаго, няхай яны баяцца аднаго. Гобс — аўтар кнігі «Левіяфан».

Цяпер Лукашэнка павялічвае страх у грамадстве і прадае гэту ідэю як нейкую гарантыю бяспекі: «Калі не я, то ў вас тут будзе поўны калапс», — адзначае Юдзін.

Але трэба разумець, як заўважае сацыёлаг, што прапаганда ў такіх сітуацыях працуе па прынцыпе тлумачэння людзям, чаму ім трэба прымаць тое, што ёсць.

«Яна не ўпэўнівае іх у тым, што гэта добры варыянт, а дае ім нейкія інструменты, каб нічога не рабіць. У Расіі гэта асноўны інструмент прапаганды. Яна ўпэўнівае людзей, чаму не трэба нічога рабіць», — тлумачыць аналітык.

Калі гаварыць пра сітуацыю ў Беларусі, то, на думку Юдзіна, беларуская прапаганда часткова таксама пабудаваная. «Адзіны спосаб нешта змяніць — гэта сілавы. Калі цяпер сілы няма, то мы будзем вам тлумачыць, чаму існая сіла добра. Прапаганда тлумачыць, чаму трэба прымаць існую сілу. Яна нібы супакойвае людзей, прымушае змірыцца з рэальнасцю».

Ці магчымы развал Расіі

У Расіі сацыёлаг не бачыць асновы для абʼяднання. Існуе толькі імперская ідэя. Але яна не мае зместу. «Тое, што сёння нясе свету Пуцін, нікога не прываблівае. Ніхто не хоча ў гэтым удзельнічаць», — адзначае Юдзін.

Але, з другога боку, эксперт не бачыць у Расіі ніякага жадання развальвацца. Натуральным шляхам для Расіі ён лічыць глыбокую федэралізацыю.

«У Расіі даўно стаміліся ад самадурства людзей у Маскве», — дзеліцца сваімі назіраннямі Юдзін.

Фашызацыя расійскага грамадства

Юдзін заўважае, што шмат хто з экспертаў заўважыў прыкметы фашызму адразу пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну. Па шэрагу параметраў палітычны рэжым у Расіі выглядае як фашысцкі. І ў яго ёсць праблемы з мабілізацыяй.

«З аднаго боку, Пуцін сам баіцца фашызаваць грамадства, бо гэта азначае ўключэнне яго ў субʼектнасць улады. Людзі атрымліваюць магчымасць ініцыятывы. Гэтага Пуцін заўсёды баяўся. У яго, хутчэй, не армейскае, а паліцэйскае мысленне. А з другога боку, столькі часу мабілізоўвалі людзей, што яны прывыклі да таго, што ад гэтага ўсяго трэба трымацца як далей. Таму ў Расіі прысутнічае пасіўны супраціў».

Сацыёлаг прызнае, што частка насельніцтва Расіі фашызавалася. Але гэта, на яго думку, адбылося праз адчай. Гэта вынік бесчалавечнай сацыяльнай палітыкі, якую праводзіў Пуцін.

«Галоўная небяспека фашызацыі ў тым, што пры ёй зʼяўляецца жаданне збіцца ў зграю і даць каму-небудзь па мордзе, пакуль ён табе не даў. Але пакуль градус гэтага жадання ў Расіі і тым больш у Беларусі не вельмі высокі.

Але калі гэты запыт зʼявіцца, то Лукашэнка якраз той самы апартуніст, які можа на гэтым паспрабаваць згуляць. Як толькі ён бачыць новую прастору для гульні, то неадкладна ў яе заскоквае і пачынае гуляць па сваіх правілах. Наколькі гэта рэальна, складана рабіць выснову. Але ў тым, што ў яго ў галаве бываюць такія думкі, я не сумняваюся», — адзначыў у канцы размовы Юдзін.

Чытайце яшчэ:

«Расія нідзе не заканчваецца». Рыгор Юдзін патлумачыў, што вынікае з гэтай формулы Пуціна

«Усе хлусяць». У чым корань пуцінскай ідэалогіі?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?