Фота: belarushockey.com

Фота: belarushockey.com

Міхаіл Захараў — колішні ўдзельнік «лазневага клуба» Лукашэнкі, як называюць кампанію найбліжэйшых да Лукашэнкі людзей пачатку 2000-х. Там былі таксама Юрый Чыж, Уладзімір Канаплёў, Сяргей Цяцерын, Аляксандр Шакуцін. 

У адносінах гэтых людзей з Лукашэнкам былі ўзлёты і падзенні, амаль усе прайшлі праз апалу, камусьці прыйшлося пасядзець у СІЗА. 

Захараў быў адным з доўгажыхароў лукашэнкаўскага «двара», але з моманту ўзвышэння Наталлі Эйсмант і Дзмітрыя Баскава, таксама трэнера, ён стаў губляць уплыў, а з 2021-га ўвогуле адправіўся ў прафесійны і інфармацыйны нябыт, страціўшы доступ да Лукашэнкі і да працы. 

Але, як расказалі «Нашай Ніве» абазнаныя суразмоўцы, апошнім часам Захараў стаў зноў бываць на публіцы. Ініцыятыву вярнуць старога таварыша прыпісваюць Лукашэнку. 

«Лукашэнка не фарміруе спісаў запрошаных на мерапрыемства са сваім удзелам. Каго запрашаць, вырашаюць іншыя людзі. Калі побач з'явіўся дуэт Эйсмант і Баскава, то па іх ініцыятыве Захараў быў адсунуты назад. Там прычын шмат можна знайсці і падаць іх Лукашэнку, як табе выгадна.

А цяпер, я думаю, яму проста няма з кім пагаварыць. Усё ж такі Баскаў да яго на «вы», усе навокал да яго на «вы». А Захараў — выхадзец з самай першай лазневай кампаніі, які з ім на «ты» пры ўсіх сваіх мінусах. З ім можна гаварыць. Калі Лукашэнка вязе сваё блізкае кола ў нейкія важныя для яго месцы ўнутры краіны, то просіць узяць Захарава. Калі не просіць, то іншыя людзі робяць так, каб яго не запрашалі», — патлумачыў «Нашай Ніве» чалавек, блізкі да службы пратакола Лукашэнкі. 

Міхаіл Захараў працуе памочнікам галоўнага трэнера ў хакейным клубе «Юніёр». У мінулым ён вельмі блізкі да Аляксандра Лукашэнкі чалавек, які адназначна паўплываў на захапленне Лукашэнкі гэтым відам спорту. 

Ён шмат год трэніраваў сталічнае «Юнацтва», з якім выйграваў унутраны чэмпіянат. Тройчы быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі. Але пасля таго, як каманда заняла перадапошняе месца на чэмпіянаце свету ў 2021-м, пасаду страціў і год сядзеў без працы. 

У 2020 годзе Захараў падтрымаў рэжым Лукашэнкі. 

Чытайце таксама: Цяцерын, Захараў, Корбут і Ксенія Санковіч — «брыгада» Лукашэнкі на суботніку ФОТЫ

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?