Міф першы: фігура пасля родаў ніколі не будзе ранейшай

Расповед пра сябе Насця пачынае з таго, што яна сама са шматдзетнай сям’і. І ваганняў наконт таго, ці хоча яна дзяцей, у яе не было ніколі.

— Першы раз я выйшла замуж у 18 гадоў. Была вельмі не ўпэўненая ў сабе. Думала, калі не цяпер, то больш ніхто ўжо не прапануе, — смяецца дзяўчына.

Самае дзіўнае, што да нараджэння дзяцей Насця была нашмат паўнейшая. Пры мініяцюрным росце важыла 89 кілаграмаў. Пасля 30 маці шасцярых дзяцей худзейшая амаль напалову.

— Абавязкова пакажу вам фотаздымкі! — інтрыгуе гераіня.

Чацвёра старэйшых дзяцей — пагодкі. Іх Насця нарадзіла ў першым шлюбе. Старэйшаму — Марку — цяпер 14. Далей ідуць Данііл, Канстанцін і Валерыя. Малым — Яраславу і Вікторыі — 7 і 5 гадоў.

— Пасля нараджэння другога дзіцяці я наважылася прывесці сябе ў форму. Проста хацела быць як дзяўчаты майго ўзросту. Нават на пляжы не магла распрануцца: адчувала сябе вельмі некамфортна.

Праграму пахудзення прыдумала сама: кожны дзень праходзіла па 12 кіламетраў з каляскай з двума дзецьмі. Ела толькі гародніну і садавіну — акурат было лета. І ўсяго толькі за тры месяцы скінула вагу да 53 кілаграмаў. Але якасць цела была не такой, як мне хацелася, таму я пайшла на тайскі бокс.

Рацыён з часам стаў больш разнастайным, але мне проста не патрэбны такія порцыі, як раней, — не хочацца. Калі падлеткам я магла з задавальненнем з’есці палову бляхі булачак, то цяпер гэтая цяга прайшла. І пасля ніводных родаў я ўжо так не папраўлялася.

Цяпер Насцю рэгулярна прымаюць за сястру, а не маці яе дзяцей. Часам нават даводзіцца актыўна даказваць, якая ў іх насамрэч ступень сваяцтва. Пры гэтым да касметолага наша гераіня звярталася толькі аднойчы — па паказаннях. Але яна абавязкова кожны дзень знаходзіць час для хатняга догляду за сабой — дзеля ўласнага задавальнення. Асабісты лайфхак толькі адзін: касметыку яна змывае чыстай вадой без усялякіх сродкаў. Хаця не, ёсць яшчэ адзін, звязаны са здароўем: Насця наогул не прымае лекаў — толькі ў якасці самых рэдкіх выключэнняў.

Удакладняем, ці падзяляе шматдзетная маці меркаванне, што роды амалоджваюць арганізм?

Насця з гэтым згодная: усе цяжарнасці працякалі ў яе даволі лёгка. Плюс з’яўляецца нагода задумацца пра сваё здароўе і прайсці поўнае абследаванне. Але наша суразмоўніца падкрэслівае: гэта толькі асобны выпадак і яе асабістае меркаванне.

Міф другі: дзеці і кар’ера дрэнна сумяшчальныя

Цалкам у дэкрэце Насця была толькі адзін раз — з малодшай дачкой. І тое — фармальна. Якраз тады пачаўся шлях да кар’ернага росту. У астатні час яе хапала ўсяго на пару месяцаў дома.

— Сядзець дома для мяне — вось што сапраўдны жах. Я ўжо паспрабавала сябе ў самых розных сферах: ад гандлю да рамонту абутку. Да з’яўлення танных абутковых крамаў гэта было вельмі прыбытковай справай. Дома ў мяне стаяў стол, за якім я дарабляла замовы.

Цяпер Насця — дырэктар фірмы па абслугоўванні каршэрынгавых аўтамабіляў. Працу кіраўніка яна без сарамлівасці сумяшчала з пасадай касіра ў адной з сеткавых крамаў.

— Мой дзень пачынаецца а 7-й. Праца касірам з графікам 2/2 з 9 да 18. А другая праца — у начную змену, з 9 вечара і да раніцы. Так што ў некаторыя дні сон практычна не прадугледжаны.

Насця трапіла ў гэты бізнэс дзякуючы мужу. Ён сам займаўся сухой хімчысткай аўтамабіляў. А ў жонкі з’явілася вялікая цікавасць да справы. Спачатку практычна без аплаты пачала з падбору персаналу і паступова дарасла да дырэктара. Цяпер яна непасрэдны начальнік мужа, што, па словах абаіх, на стасункі пары ніяк не ўплывае.

— У нас атрымліваецца дакладна размяжоўваць, дзе сям’я, а дзе праца. І з самага пачатку было зразумела, што менавіта ў Ільі сям’я — прыярытэт, у той час як я заўсёды імкнулася да кар’еры. Малодшую дачку мяне ўгаварыў нарадзіць муж. Але мы адразу дамовіліся: усе начныя пад’ёмы — толькі на ім. Так усё і было. Гатуе ў нашай сям’і таксама звычайна муж.

— А не складана было пераключацца з ролі кіраўніка ў ролю падначаленага?

— У мяне няма кароны на галаве. У любой справе ёсць дакладныя правілы, якіх ты мусіш прытрымлівацца. І ўсё будзе ў парадку. Ды і як дырэктар я вельмі лаяльная. Магу сказаць: як жыццё, коцікі? Як вы там, булачкі мае? І калі трэба, сама дапамагу мыць машыну. А яны мяне паважаюць і надоўга застаюцца ў фірме. Пры гэтым і працаваць на касе мне шчыра падабалася. Так што ніякіх сакрэтаў: толькі чалавечыя стасункі на роўных — чым бы ты ні займаўся.

Міф трэці: у шматдзетнай сям’і дзеці застаюцца без увагі

Што тычыцца дзяцей, у Насці такая ж філасофія: з імі трэба мець зносіны на роўных.

— Я дзецям усё кажу прама. У мяне ёсць свая праца, у іх свая — гэта вучоба і абавязкі па хаце. Калі яны хочуць нешта атрымаць, гэта трэба зарабіць. Усё як у жыцці. Пры гэтым я не прымушаю іх гнацца за адзнакамі. Як казаў Марк Твен, «я ніколі не дазваляў школе ўмешвацца ў маю адукацыю». А яшчэ надзвычай важна прызнаць, што дзеці розныя, у кожнага свой характар. Яны не могуць паводзіць сябе аднолькава. Калі гэта прымаеш, становіцца значна прасцей.

Галоўнае, што бацькі імкнуцца прывіць сваім дзецям, — гэта самастойнасць. І клопат адно пра аднаго. Таму нават у пачатковай школе ўрокі ўсе робяць самі.

— Насамрэч, у вялікай сям’і дзеці шмат чаму вучацца адно ад аднаго. Пакуль старэйшы лічыў палачкі ў першым класе, малодшы круціўся побач і таксама ўсё запомніў. Ды і ў цэлым, калі дзяцей у сям’і шмат, іх прасцей выхоўваць. Яны самі сябе займаюць, а не патрабуюць сталага нагляду дарослых. Пры гэтым ім дастаткова і зносін, і ўвагі — не толькі ад бацькоў, але і ад братоў і сясцёр. Не разумею, чаму гэта рэдка ўлічваюць?

Міф чацвёрты: з дзецьмі нельга ўладкаваць асабістае жыццё

Не можам не задаць далікатнае пытанне: а пасля разводу не страшна было застацца з чатырма дзецьмі адной?

— Не. У мяне ж ужо была свая сям’я — мае дзеці. Так што я не была адна. Ды і зусім не хацелася адносін, без іх было прасцей. Не трэба па ўсёй кватэры збіраць чужыя шкарпэткі, — усміхаецца Насця.

Але меркаванне — гэта адно, а рэальнасць — зусім іншае. Гісторыя знаёмства Насці і Ільі, як у серыяле. Спачатку ён пісаў ёй у сацсетцы, але быў заблакаваны: маладая маці тады была яшчэ ў першым шлюбе. А праз колькі гадоў знаёмыя папрасілі Насцю ненадоўга пусціць пажыць хлопца, які быў праездам з Піцера. І ім аказаўся Ілья.

— Дзверы майго дому заўсёды адчыненыя. Стаяла лета, дзеці ў бабуль. Таму я пагадзілася без праблем. К таму моманту я ўжо каля трох гадоў была без адносін. Ілья адразу пачаў вельмі прыгожа заляцацца. У нас пачаўся раман, але я хутка зразумела, што гэта мне не патрэбна. Я не была гатовая да стасункаў. Ды і ён здаваўся мне проста хлопчыкам, хоць розніца ва ўзросце ў нас усяго два гады. 

Нечаканым паваротам аказалася цяжарнасць Насці. Але сваё рашэнне яна не змяніла: зноў сыходзіцца з хлопцам не планавала і вырашыла выхоўваць дзіця ў вялікай сям’і сама.

— Калі сыну быў год, Ілья прыехаў і сказаў: я хачу быць з табой. І дзеля гэтага пайду на ўсё. 

Разам сям’я ўжо шэсць гадоў.

— А вас зусім не палохала такая колькасць дзяцей? Гэта ж вялікая адказнасць, — удакладняем у Ільі.

— Вядома, адразу такія думкі былі. Грамадства ў цэлым не прымае майго ўчынку, гэта чамусьці лічыцца дзікасцю. Але калі я кахаю жанчыну, чаму я не магу любіць яе дзяцей?

Ілья спакойна прызнае, што яму патрэбны чалавек, які б яго накіроўваў. І Насця ідэальна з гэтым спраўляецца — толькі пачуцці да яе змаглі яго спыніць, інакш бурная маладосць магла б працягвацца да пенсіі.

— А вам хутка ўдалося наладзіць кантакт з дзецьмі? 

— Так, яны ж тады былі зусім маленькімі. Ён іх адразу пакарыў сваімі кухарскімі здольнасцямі. Але цяпер такія складаныя стравы чамусьці не гатуе, — жартуе з мужа Насця. Дзеці шмат гадоў называюць Ілью татам.

Міф пяты: ранняе бацькоўства ставіць крыж на цікавым жыцці

Зразумела, што асабістыя гісторыі таксама не ведаюць умоўнага ладу, таму разважаць «а што было б, калі…» Насцю не просім. Але пытаемся, якія парады яна будзе даваць уласным дочкам.

— Я лічу, што аптымальны час для стварэння сям’і — 20—21 год. І так, трэба імкнуцца ствараць менавіта сям’ю, а не адносіны. Якая альтэрнатыва: марнаваць маладосць? Калі энергіі і здароўя максімум, гэты час якраз можна прысвяціць дзецям. А калі яны падрастуць, ужо свядома будаваць кар’еру і жыць для сябе.

У мяне шмат знаёмых дзяўчат, якія раней не думалі пра сям’ю, а цяпер не атрымліваецца. І ў мяне да іх адно пытанне: а што вы рабілі да 30? Якія такія важныя справы ў вас былі? Калі ж з дзецьмі невялікая розніца ва ўзросце, з імі можна выбудоўваць даверлівыя сяброўскія адносіны.

А часу для сябе будзе дастаткова. Асабіста я планую пражыць да 120. У мяне ёсць адпаведная схільнасць: бабулі 90 — і вы б бачылі яе агарод! Мой баявы характар якраз ад яе.

Паўторым словы нашай гераіні: уся гісторыя — толькі яе асабістае меркаванне, якое атрымлівае вось такое ўвасабленне ў рэальнасці.

Клас
43
Панылы сорам
9
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
10