Таццяна Пыцько

Таццяна Пыцько

У праваабаронцаў ёсць падставы меркаваць, што затрыманне адбылося ў межах крымінальнай справы. Але пакуль немагчыма сказаць, ці затрыманая Таццяна Пыцько паводле той самай справы, якая тычыцца яе мужа. 

Відэаператара-фрылансера Вячаслава Лазарава вінавацяць паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці») за сувязь з недзяржаўным медыя, прызнаным у Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Ужо 4 месяцы яго трымаюць ў віцебскім СІЗА-2.

Сябры адзначаюць, што ёсць праблемы з ліставаннем: доўгі час ад Вячаслава няма ніякіх звестак. Таму невядома, на якім этапе знаходзіцца расследаванне ягонай справы і ці скора яна трапіць у суд. Маці мела адзінае спатканне з ім — у хуткім часе пасля затрымання. Больш спатканняў ёй не дазваляюць. 

Вячаслаў Лазараў не мае адваката. Цяпер гэта звыклая сітуацыя для ўсёй Беларусі: абаронцы асцерагаюцца займацца справамі «палітычных», каб не страціць працу. 

У распараджэнні следства знаходзіцца аргтэхніка Вячаслава Лазарава. У дзень затрымання 9 лютага па месцы яго рэгістрацыі міліцыянты правялі ператрус: забралі мабільныя тэлефоны, відэакамеру і іншую апаратуру.

Таксама ператрус сілавікі правялі па месцы жыхарства ягонай жонкі Таццяны Пыцько, якая жыла асобна. З кватэры Таццяны забралі ноўтбук і два тэлефоны. Ёсць імавернасць, што следчыя знайшлі там нешта такое, што палічылі падазроным.

У 2018 і ў 2019 годзе Вячаслава Лазарава двойчы каралі штрафамі паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП за «Незаконны выраб прадукцыі медыя». Падчас жнівеньскіх падзей 2020 года Лазарава затрымлівалі за фатаграфаванне «аўтазакаў», але тады міліцыянты пратрымалі яго некалькі гадзін у ІЧУ і вызвалілі без складання пратакола. Таццяну Пыцько таксама прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці: у 2020 годзе яе аштрафавалі за ўдзел у «несанкцыянаваных мерапрыемствах».

Клас
3
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
13
Абуральна
74