У лісце гаворыцца, што павышэнне дазволіць забяспечыць бясстратную працу кампаніі ў 2023 годзе і захаваць для яе магчымасць далейшага развіцця. Але ў такога падвышэння ёсць адваротны бок — пастаўкі падаражэюць для заходніх краін, якія могуць пачаць шукаць іншыя крыніцы сыравіны. 

Нафтаправод «Дружба» ідзе па тэрыторыі Расіі да беларускага Мазыра, а ў Беларусі разгаліноўваецца на дзве ніткі: паўночная ідзе ў напрамку Польшчы і Германіі, а паўднёвая — праз Украіну ў Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю. Як тлумачаць крыніцы «Коммерсанта», павышэнне тарыфу мяркуецца на абодвух напрамках. 

Так Беларусь спрабуе кампенсаваць страту абʼёмаў на паўночным напрамку пасля таго, як у пачатку года Германія і Польшча спынілі імпарт расійскай нафты і пачалі купляць нафту ў Казахстана ў значна меншых абʼёмах. У цэлым па выніках года пастаўкі з Казахстана наўрад ці перавысяць 1 млн тон, што прыкладна ў 20 разоў менш, чым раней пастаўлялася з Расіі.

У «Гомельтранснафта Дружба» адзначылі, што сёлета з-за санкцый з боку Еўропы пастаўкі расійскай нафты па тэрыторыі Беларусі значна скараціліся. У прыватнасці, грузаабарот за першыя тры месяцы года па транзітных напрамках аказаўся на 38,6% ніжэйшы за ўзровень, заяўлены «Транснафтай» пры планавым пераглядзе тарыфаў, а ў напрамку Польшчы і Германіі — на 55,2%.

У цэлым у студзені — сакавіку прапампоўка па сістэме «Дружба» ўпала ў 4,7 разу, у тым ліку ў напрамку Польшчы і Германіі — у 12,1 разу да ўзроўню мінулага года. У студзені — чэрвені адмоўная дынаміка захаваецца. Па выніках года Мінск прагназуе падзенне ўзроўню транзіту нафты на 45,9% адносна заяўленых пры пераглядзе ставак паказчыкаў, а ў напрамку Польшчы і Германіі — на 71,2%. 

У лісце «Гомельтранснафта Дружба» гаворыцца, што зніжэнне грузаабароту прыводзіць да стратнасці кампаніі: па выніках першага квартала страта склала 329 млн рублёў, а па выніках першага паўгоддзя можа вырасці да 1,26 млрд рублёў.

Пры гэтым кампанія спрабуе павысіць эфектыўнасць, паўторна павялічыўшы тарыфы на ўнутраную транспарціроўку нафты на беларускія НПЗ і аптымізаваўшы колькасць супрацоўнікаў. 

З аналагічнай просьбай аб павышэнні тарыфу ўжо выступала «Укртранснафта» — аператар украінскага ўчастка «Дружбы». Кампанія падавала заяўку на двухэтапнае падаражанне транспарціроўкі з бягучых €13,6 да €21 за тону з 1 жніўня, але ў выніку Кіеву ўдалося ўзгадніць павышэнне толькі на 25% з 1 чэрвеня да € 17. Гэта ўжо другое павышэнне стаўкі з пачатку года: з 1 студзеня тарыф у напрамку Славакіі і Венгрыі вырас на 18,3% да €13,6 за тону.

Калі прапанова беларускага боку будзе ўзгоднена, пастаўкі падаражэюць не толькі для Германіі і Польшчы, куды зараз ідзе выключна казахстанская нафта, але таксама для Чэхіі, Славакіі і Венгрыі. У выніку, мяркуюць эксперты, усе гэтыя краіны могуць пачаць шукаць альтэрнатыўныя крыніцы сыравіны.

Чытайце таксама:

Цэны на газ у Еўропе могуць стаць адмоўнымі гэтым летам

Павялічылі кошт праезду па беларускіх платных дарогах

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0