Фота: сацсеткі
Свой бар «Каліноўскі» Аляксей прадаў у 2020-м з-за фінансавых праблем.
«Развёўся, а яшчэ да гэтага пандэмія, не мог проста яго ўтрымліваць, — кажа ён.
— Па сутнасці, у пачатку пандэміі бар знаходзіўся на субсідыях, не акупляў сябе абсалютна. У 2020-м пачаліся пратэсты, людзям таксама было не да забаў, бараў, Зыбіцкая стаяла пустая. Прыйшлося прадаць. Атрымалася дамовіцца захаваць назву, канцэпт да таго, як туды некаторыя прыйшлі яго дэнацыяналізаваць. Потым ужо новы ўласнік яго перайменаваў, цяпер называецца «Сумерки»».
Адкрыццё бара каштавала Аляксею каля 100 тысяч даляраў. Прадаў бар ён нашмат танней.
«Нельга прадаць МАЗ, які генеруе страты, за паўмільярда даляраў. Гэта ж бізнэс, — тлумачыць ён. —
Грошы, якія былі ўкладзеныя, адбіць не атрымалася, але і першапачаткова гэта быў не камерцыйны праект. Жыццё паказала, што ў цэлым для бара я няўдала абраў месца. Цяпер яго зрабіў бы на Кастрычніцкай.
Аляксей ў бары «Каліноўскі». Фота: Relax.by
Многія прыходзілі, пыталіся, хто такі Каліноўскі. Можа быць, гэта і была роля бара, каб некаторыя даведаліся пра яго. Публіка туды прыходзіла дзеля адпачынку, зрабіць з яго канцэпцыю нацыянальнай культуры не ўдалося. Спецыфіка Зыбіцкай паказала, што гэта не працуе. Прыйшлося карэктаваць некаторыя рэчы: напрыклад, уключаць рускую музыку, бо гэтага хацелі людзі (вялікую долю наведнікаў Зыбіцкай складалі турысты з Расіі. — «НН»). Калі хочаш, каб бізнэс хоць неяк існаваў, трэба падладжвацца пад запыт, які ёсць.
Фота: TUT.by
У мяне былі думкі аб тым, каб яго перарабіць, зрабіць бар, які будзе падыходзіць пад Зыбіцкую. А «Каліноўскі» зрабіць асобна, давесці да розуму. Думаў нават пра сетку такіх бараў».
Цяпер Аляксею прапаноўвалі адкрыць «Каліноўскі» ў Дубаі. Але ён адмовіўся.
«У Беларусі не знайшлося дастатковага пула людзей, якія захацелі б хадзіць у такі бар, бо гэта пра нашу краіну, а ў Дубаі будзе яшчэ больш складана і даражэй».
«Ва мне ўнутраны беларус быў заўсёды»
Ці сутыкаўся бізнэсмен з ціскам з боку ўлад, калі адкрываў «Каліноўскі»?
«Магчыма, калі б я гэта анансаваў загадзя, то атрымаў бы. Проста ў апошні момант, калі прыйшоў узгадняць назву, яны, хутчэй, увогуле не ведалі, што гэта за прозвішча. Магчыма, пасля адкрыцця гэта недзе абмяркоўвалася, але на мяне ніяк не ціснулі. Успомніце тыя гады: Макей нават спрабаваў у той бок неяк гнуць, у вышыванцы хадзіў.
Аб прэтэнзіях з боку ўлад пасля 2020-га не магу вам расказваць, каб гэта не паўплывала на сям'ю.
Нам усё ж трэба дзейнічаць у традыцыях партызан. Занадта мы наіўныя і добрыя. Не атрымаецца ў нас з адкрытым сэрцам, душой, белымі кветкамі. Трэба быць хітрэйшымі», — разважае суразмоўца.
Яшчэ ў 2020-м Аляксей пераехаў з Мінска ў Маскву. Яго запрасілі на пасаду кіраўніка дэпартамента замежнай нерухомай маёмасці ў адным з самых вялікіх агенцтваў у Расіі.
«Але гэты пераезд быў нават больш звязаны з асабістымі абставінамі, бо развёўся з жонкай», — кажа ён.
Пераехаў у Дубай мужчына ў канцы 2021-га.
Фота: сацсеткі
«Зрабілі прапанову стаць дырэктарам па продажы самага буйнога забудоўшчыка ў Дубаі, — расказвае ён. — З'ехаў з Расіі своечасова, вядома. Але ў цэлым працу ў Маскве разглядаў як прамежкавы этап. Далёка з'язджаць не хацеў, таму што ў Мінску ў мяне дзеці, было важна з імі часта бачыцца. А ехаць у Еўропу тады не было магчымасці з-за пандэміі».
«У Дубаі няма карупцыі, таму што чыноўнікі не ўдзельнічаюць у бізнэс-працэсах»
Аляксей параўноўвае ўмовы вядзення бізнэсу ў ААЭ і Беларусі.
«У Дубаі вельмі зручны бізнэс-клімат. І гэта асноўны трыгер для росту гэтага горада. Вельмі проста атрымаць дазвол на жыхарства, адкрыць кампанію, знайсці сваю нішу.
Тут у мяне цяпер першы досвед працы ў буйной транснацыянальнай кампаніі, якая будуе па ўсім свеце. Сама краіна шматнацыянальная, мусіць, нават больш, чым ЗША. Падабаецца размаўляць з людзьмі з розных краін. Не шкадую, што я цяпер у Дубаі. Атрымліваю вельмі класны досвед, я наогул тут першы рускамоўны топ-менеджар сярод забудоўшчыкаў.
Але не падабаецца мне тут клімат, улетку вельмі горача. Цяпер ужо плюс сорак. Хоць зімой нармальна, проста заўсёды сонечна», — расказвае ён.
Па назіраннях Аляксея, у ААЭ дзяржава ніякім чынам не ўдзельнічае ў справах бізнэсу.
«Яна ўвогуле недзе далёка знаходзіцца ад усіх бізнэс-працэсаў. Адзіны орган, з якім кантактуеш, — гэта зямельны дэпартамент, які адказвае за ўзгадненне, рэгістрацыю. Але гэты зямельны дэпартамент пабудаваны на камерцыйнай аснове, гэта кампанія, якая аказвае кансалтынгавыя паслугі. Такім чынам створана самае сапраўднае канкурэнтнае асяроддзе. У Беларусі ж самая галоўная праблема — гэта чыноўнікі, якія перашкаджаюць развіццю бізнэсу», — тлумачыць Аляксей.
Фота: асабісты архіў
Яшчэ адзін з яўных плюсоў, якія называе Аляксей, — адсутнасць карупцыі.
ААЭ занялі 21-е месца сярод 180 краін свету ў міжнародным рэйтынгу ўспрымання карупцыі, складзеным арганізацыяй Transparency International.
«І гэта дзякуючы таму, што ў справах бізнэсу няма чыноўнікаў.
У Беларусі чыноўнікі штучна ствараюць праблемы, а потым намякаюць, што іх могуць дапамагчы вырашыць. Заканадаўства вельмі няясна зроблена, самі чыноўнікі не ведаюць адказаў на тыя ці іншыя пытанні. Гэта стварае магчымасць для манеўраў: не бяруць адказнасць за свае рашэнні, а калі і бяруць, то намякаюць, што гэта не за бясплатна. Правілы непразрыстыя, незразумелыя. Дзіўна ўвогуле чуць, што ў нас змагаюцца з карупцыяй. Зроблена якраз адваротнае, карупцыя стымулюецца. І вось апошнія справы бізнэсменаў, якіх абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў, — гэта шантаж на дзяржаўным узроўні (напрыклад, пагром медыцынскіх цэнтраў, затрыманне ўладальнікаў сеткі крам «Мода Макс» і іншыя справы. — НН).
Фота: сацсеткі
Наш беларускі падыход: мы прыстасоўваемся, хаця чаму павінны? Самі неяк вырашылі, што гэта нармальна. Мне падаецца, гэта насамрэч праблемы нашага грамадства, менталітэту. Мы дазволілі гэта», — лічыць Аляксей.
«Казаў пра апалітычнасць, каб не прыцягваць увагі»
У ранейшым інтэрв’ю ў 2019 годзе Аляксей казаў, што ён чалавек максімальна апалітычны, «палітыка моцна раз’ядноўвае». Пацікавіліся, як змяніліся яго погляды з таго часу.
«Тады я казаў тое, што трэба было казаць, каб не прыцягваць увагі, — тлумачыць ён. — Мэта бара — нагадаць людзям, што ў нас ёсць свая гісторыя, героі. Мог бы злавіць вялікі хайп на ўсім гэтым, але, мусіць, я многа каму не спадабаўся сваімі выказваннямі, але ў мяне была такая мэта. Партызаніў, скажам так.
Ва мне ўнутраны беларус быў заўсёды. Найбольшы ўплыў на мяне аказала мая настаўніца гісторыі Беларусі. Прышчапіла любоў да радзімы. А сама цікавасць была ў мяне заўсёды».
Бізнэсменаў, якія засталіся ў Беларусі, Аляксей не крытыкуе і нічога ім не раіць. «Яны неяк выжываюць», — кажа ён.
Ён лічыць, што права кожнага — вырашаць, што яму рабіць у гэтай сітуацыі ў Беларусі, зыходзячы са сваіх прынцыпаў.
«Думаю, што ў кожнага чалавека на першым месцы спачатку стаіць яго сям'я, радзіма, а потым усё астатняе. Асабіста я прымаў рашэнне, зыходзячы з гэтых фактараў.
Мне ва ўсёй гэтай сітуацыі крыўдна іншае: беларусы, па сутнасці, пагадзіліся з тым, што іх можна выгнаць з іх дома.
Ніколі ніводнага права чалавек не атрымліваў проста так. Яно было здабыта крывёй і барацьбой. Не трэба чакаць, што нехта прынясе яго. У Заходняй Еўропе, ЗША людзі так жывуць, таму што яны гэтага дабіліся.
Нам павінна стаць усім сорамна за тое, што мы разбегліся», — расказвае ён.
На пытанне, куды цяпер беларусам варта інвеставаць грошы, Аляксей узгадвае выказванне Джона Ракфелера: «Інвеставаць трэба тады, калі па вуліцах цячэ кроў».
«З пункту гледжання бізнэсу, цяпер ідэальны час для інвестыцый у Беларусі. Усе актывы знаходзяцца на максімальна нізкай цане, можна купіць нерухомую маёмасць дастаткова танна. Вось так працуе бізнэс. Вядома, цяпер дынаміка для бізнэсу адмоўная, але прыйдзе час і яна стане станоўчай», — падсумоўвае ён.
Чытайце таксама:
На месцы бара «Каліноўскі» адкрыўся новы — з рускамоўнай назвай
«Бар «Каліноўскі» — усё». Лукашэнкаўцы прыйшлі з рэйдам на Зыбіцкую
Беларусы адкрылі ў Вільні карчму ў доме, дзе Каліноўскі збіраўся з паўстанцамі





