Студэнта, якога асудзілі за жаданне дапамагаць Украіне, будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», піша «Вясна».

Андрэй Маслаў — студэнт 1-га курса, якога ў жніўні 2022 года асудзілі да 2,5 года калоніі за «падрыхтоўку да ўдзелу ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі іншай краіны» (ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК). На судзе хлопец расказаў, што «хацеў дапамагаць Украіне», прыярытэт — валанцёрская і гуманітарная дапамога.

Адбываць пакаранне Андрэя накіравалі ў бабруйскую калонію №2. У канцы лютага 19-гадовага палітвязня змясцілі на месяц у ПКТ. 

У Бабруйску 6 чэрвеня над хлопцам распачнецца суд паводле ч. 1 арт. 411 КК за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Справу будзе разглядаць суддзя Іна Круголь. Пры гэтым у сакавіку анархіст Яўген Рубашка пісаў на волю, што Андрэю адразу пасля прыбыцця ў калонію сказалі, што «будуць круціць па арт. 411 КК».

Падтрымайце палітвязня: ПК № 2, 213800, Бабруйск, Сікорскага, 1, Андрэй Алегавіч Маслаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
6