Па словах Сцяпана, дзед ягонай бабулі служыў у Рускай імператарскай арміі і ў 1896 годзе разам з калегамі сачыў за парадкам на гуляннях на Хадынскім полі ў Маскве з нагоды каранацыі Мікалая II.

Самога цара каранавалі ў Крамлі, а масавыя гулянні з гэтай нагоды былі запланаваны на Хадынцы, дзе для мясцовых жыхароў падрыхтавалі адмысловыя падарункі — каля 400 тысяч камплектаў «царскіх гасцінцаў». У падарункавы набор уваходзілі каўбаса, пернік, прысмакі і кубак з царскім вензелем. Усё гэта было завязана ў яркую паркалёвую хустку.

Пачуўшы пра падарункі, на Хадынку сабралася вельмі шмат народу, у выніку чаго адбылася масавая цісканіна. Паводле афіцыйных звестак, у ёй загінулі 1389 чалавек. У тым, што здарылася, многія пабачылі страшнае прадвесце, якое не прарочыла новаму імператару добрай долі, што ўрэшце і адбылося.

«Хадынка». Карціна Уладзіміра Макоўскага

«Хадынка». Карціна Уладзіміра Макоўскага

Продак Сцяпана ў тых падзеях не пацярпеў і пасля службы вярнуўся да сябе на радзіму — у вёску Брадзец пад Беразіном, прысвяціўшы сябе працы на зямлі. А ўспамінаючы пра службу, расказваў і пра Хадынку, адкуль прывёз гэты кубак.

«Не ведаю, як ён яго там займеў, але дадому ён вярнуўся з тым самым кубкам, — распавядае Сцяпан, — што заўсёды знаходзіўся ў вёсцы і быў у нашай сям'і.

Дзе ён захоўваўся пасля рэвалюцыі, не ўяўляю, але ўжо калі стаў у больш свядомым узросце прыязджаць у вёску, то бачыў, што бабуля ў кубку пастаянна захоўвала зерне, якое потым выносіла курам.

Спачатку ніякай каштоўнасці яму [кубку] не надавалі, аднак потым дзядуля прывёў яго ў парадак, адмыў і паставіў у сервант за шкло. Так ён і стаяў там, пакуль бабуля і дзядуля не памерлі. Потым частку рэчаў разабралі іх дзеці, а я сабе пакінуў кубак як памяць, сувенір, і цяпер ён знаходзіцца ў мяне дома.

Першапачаткова я таксама не надаваў яму значэння, але потым праз інтэрнэт даведаўся, што ён уваходзіў у падарункавы каранацыйны набор, які царская сям'я прыгатавала ў якасці падарунка для насельніцтва.

А ўнікальны ён тым, што яго выпусцілі выключна пад гэтую падзею і больш ніколі не выраблялі».

Як тлумачыць Сцяпан, хоць у кубку і ёсць невялікая дзірачка, а таму ён непрыдатны для выкарыстання, але звонку выглядае вельмі прэзентабельна. Па ягоных словах, кошт такога кубка цяпер ацэньваецца ў 90 тысяч расійскіх рублёў — гэта прыкладна каля 3300 беларускіх. Аднак, мяркуючы па ўсім, расставацца з артэфактам ці адпраўляць яго ў музей мужчына не плануе:

«Пакуль ён стаіць у мяне дома як памяць пра бабулю і дзядулю і менавіта так для мяне каштоўны».

Чытайце таксама:

У цэнтры Мінска прадаюць хату, якой больш за 100 гадоў

«Адзін раз знайшоў 15 рымскіх манет. Другі — залаты дукат». Скарбашукальнік з Усходняй Беларусі раскрыў сакрэты сваіх удач

«Ніколі такога не здарыцца, што можна будзе сказаць: мы ўсё знайшлі». Краязнавец, вымушаны выехаць за мяжу, робіць шыкоўныя знаходкі і там

Клас
22
Панылы сорам
3
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
0
Абуральна
6