Яніна Сазановіч і Ян Рудзік у студыі

Яніна Сазановіч і Ян Рудзік у студыі «Белсату». Кадр з відэа

Па словах Яніны Сазановіч, вызваленне Пратасевіча для яе не стала нечаканасцю. Яна кажа, што па-чалавечы ёй шкада яго.

«Мне цікава, што з ім такога здарылася ў дзяцінстве, калі будуецца твая чалавечнасць і цалкам тваё я, што ён так сябе паводзіць. Чаму ён з усмешкай кажа, што «паедзе на раку». Гэта было і падчас прэс-канферэнцыі адразу пасля пасадкі. Тады ён таксама ўсміхаўся і казаў, што ўсё добра. Мне шкада, што з ім такое здарылася, што ён цяпер у такім стане».

Разам з тым яна прапануе паглядзець на сітуацыю з іншага боку: «У самалёце былі два чалавекі. Софʼя Сапега таксама пісала прашэнне аб памілаванні. Але яна ў турме. Мы бачым, як яна і ўсе астатнія палітвязні сябе паводзяць. Напрыклад, Эдуард Бабарыка, які тры гады прасядзеў проста за тое, што ён сын былога кандыдата ў прэзідэнты. Чаму Марыя Калеснікава парвала пашпарт? Чаму мы не ведаем пра стан здароўя Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі? Яны ўсё роўна змагаюцца, не ідуць на здзелкі ні з кім».

Пра далейшы лёс Пратасевіча

Ян Рудзік нагадаў, што ён у сваім тэлеграм-канале месяц таму прадказваў, што праз месяц—два, максімум праз паўгода Пратасевіч напіша прашэнне аб памілаванні і выйдзе. Атрымалася нават хутчэй.

Рудзік упэўнены, што гісторыя Пратасевіча з вызваленнем не скончаная.

«Відавочна, што яго будуць выкарыстоўваць далей па поўнай. Таму што гэта была вельмі «дарагая забава» з самалётам. Проста так зняць яго з гэтых усіх працэсаў было б нелагічна. Спектакль будзе працягвацца далей. Мы не ведаем, які будзе канец у гэтай гісторыі, чаго рэжым хоча».

Рудзік мяркуе, што Пратасевіч можа быць новай, больш прасунутай версіяй Васкрасенскага — «Васкрасенскі 2.0». Бо асобе Пратасевіча надавалася значна больш увагі. Рудзік бачыць усё вельмі песімістычна.

«Нешта мне падказвае, гледзячы на лёс Ромы не толькі цяпер, але і да таго, як ён трапіў назад у Беларусь, што сітуацыя можа быць нашмат больш страшнай, чым мы сабе ўяўляем».

Што хацеў паказаць рэжым Лукашэнкі памілаваннем Пратасевіча

Ян Рудзік бачыць пэўны сімвалізм у тым, што ў той жа дзень, калі стала вядома пра памілаванне Пратасевіча, пачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам.

«Рэжым Лукашэнкі любіць выкарыстоўваць маятнік. З аднаго боку, паказваць Рому, прашэнне якога тыдзень таму было падпісана, але толькі цяпер яго паказалі, у дзень пачатку суда над Эдуардам».

Такі падыход Рудзік тлумачыць наступным чынам: «Яны хочуць гэтым паказаць, што калі ты ідзеш на супрацоўніцтва са следствам, цалкам падпарадкоўваешся, тады цябе выпускаюць задаволенага, і ты «едзеш на рэчку». Калі ты не ідзеш на супрацоўніцтва, то твой лёс будзе, як у Эдуарда Бабарыкі. Будзеш сядзець невядома за што і невядома колькі. І невядома, чым гэта скончыцца. Гэта нам напамін аб тым, з кім мы маем справу».

Яніна Сазановіч лічыць, што нельга верыць нікому з таго боку. Бо яны будуць гуляць у не вельмі сумленную гульню, і ў выніку дадуць тэрмін.

«Калі гаварыць пра нейкі давер, то трэба, каб адпусцілі ўсіх палітзняволеных», — прапаноўвае Сазановіч.

Выпадак з памілаваннем Пратасевіча, паводле суразмоўцаў, ні ў якім разе нельга разглядаць як сігнал тым, хто цяпер знаходзіцца ў апазіцыі да Лукашэнкі і жыве за межамі Беларусі, вярнуцца, пакаяцца і быць памілаванымі.

«Трэба несці адказнасць»

На думку Яніны Сазановіч, пытанне адносна таго, як кожны з нас павёў бы сябе ў сітуацыі Рамана Пратасевіча, цяжкае. У той жа час, як чалавек, які яго ведаў асабіста, яна не мае «ніякай літасці» да яго.

«Што зрабіў Раман, калі самалёт пайшоў на пасадку ў Беларусі? Ён нават не паспрабаваў выдаліць даныя. Гэта можна патлумачыць стрэсам. Але я ведала яго асабіста. Таму мяне зусім не здзіўляе, як ён сябе паводзіць, што кажа і як мяняе бакі. У мяне няма ніякай літасці да яго».

Ян Рудзік стрымліваецца ад таго, каб даваць нейкія ацэнкі: «Не нам судзіць. Бог яму суддзя».

У той жа час, ён згадаў цытату з кнігі Эрнста Юнгера «Сыход у лес»:

«Калі ты далучаешся да палітычнай барацьбы, нават калі ідзеш проста галасаваць супраць, то ўжо павінен быць гатовым да таго, што цябе, хутчэй за ўсё, забʼюць. Таму трэба несці адказнасць».

Ён дадае: «Вось мы цяпер бачым, што адбываецца, калі людзі не бачылі, якая адказнасць на іх кладзецца, і да чаго гэта можа прывесці».

Чытайце яшчэ:

Што можа азначаць памілаванне Пратасевіча? Тлумачаць аналітыкі

Пратасевіч у апошнім слове каяўся і прасіў не пазбаўляць яго волі

Клас
80
Панылы сорам
22
Ха-ха
18
Ого
23
Сумна
48
Абуральна
62

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?