Лізавета, Мінск, 28 гадоў

Нейкіх вялікіх інсайтаў на псіхатэрапіі ў мяне не здарылася. Самая каштоўная інфармацыя з таго перыяду — ніякіх больш тэрапеўтаў з дзяржаўных клінік! Я хадзіла на прыёмы некалькі гадоў таму, і ў свой час яны мне расхісталі псіхіку яшчэ больш. Да мяне як да пацыенткі стаўленне было проста «для птушачкі» або для закрытай справаздачнасці.

У прыватных паліклініках нармальных лекараў можна было тады па пальцах пералічыць, ды і трапіць да іх на той момант не дазвалялі фінансы. Пасля шпіталізацыі на Бехцерава і выпіскі адтуль панічныя атакі пачасціліся ў некалькі разоў. І ў цэлым у мяне ўсё яшчэ праблемы з нервамі і эмацыйным станам, якія патрабуюць большага і паглыбленага лячэння.

Валерыя, Мінск, 21 год

Неяк я глядзела сторыс адной маёй любімай псіхатэрапеўткі, і гэтая сторыс пераклікалася з маёй сітуацыяй. Псіхатэрапеўтцы задалі пытанне: «Мой хлопец хоча свабодных адносін, а я жудасна раўную. Як мне перамагчы сваю рэўнасць?»

На гэта тэрапеўтка адказала, што дзяўчына хацела сфармуляваць пытанне аб тым, як утрымаць побач з сабой чалавека з абсалютна палярнымі ад яе каштоўнасцямі, таму што яна жудасна баіцца адзіноты і будзе рабіць усё, каб захаваць нават тое, што ёй не падыходзіць.

Гэта мне вельмі адгукнулася, таму што адзін з маіх інсайтаў на тэрапіі быў прыкладна пра тое ж: калі твой партнёр, з якім у нейкі момант становіцца некамфортна, мае абсалютна супрацьлеглыя тваім каштоўнасці і іншую пазіцыю, то не заўсёды трэба падладжвацца пад яго і шукаць кампраміс. Тым больш толькі са свайго боку.

Тут важна прааналізаваць сітуацыю, адпусціць партнёра, як бы гэта ні было балюча, і знайсці таго чалавека, які будзе цалкам адпавядаць вашым жаданням. Альбо ж варта нейкі час пабыць аднаму і падумаць, што для цябе сапраўды важна.

Пытанне «Як мне цяпер?» стала для мяне яшчэ адным інсайтам. Пра гэта я ўспамінаю, калі адбываюцца нейкія не вельмі прыемныя сітуацыі ці калі я задумваюся над тым, як зрабіць лепш для іншага чалавека. Тады я пытаюся ў сябе: «А як мне?» Таму што часта мяне можа хваляваць, што падумаюць іншыя людзі, але пры гэтым я забываюся пра свае пачуцці і камфорт.

Кацярына, Вільня, 22 гады

Самыя галоўныя веды, якія да мяне вельмі доўга спрабавалі данесці і якія, здаецца, я да гэтага часу да канца не выкарыстоўваю ў жыцці, — гэта тое, што пакуль ты сам не захочаш, ты не вылечышся. Ніякі псіхатэрапеўт або псіхолаг табе не дапаможа, пакуль ты сам не будзеш гатовы да нейкіх змен.

Напрыклад, мне нядобра ў трывожна-дэпрэсіўным стане, мне гэты дыягназ пастаўлены з восені 2022 года. Пры гэтым ніякія таблеткі, ніякая тэрапія не дапамагалі, пакуль я сама не захацела выйсці з гэтага стану. Гэта значыць, пакуль мне не надакучыла адчуваць сябе дрэнна і разумець, што гэта вельмі моцна перашкаджае ў жыцці, нічога не змянялася.

Вядома, не ад усіх дыягназаў можна пазбавіцца па пстрычцы пальцаў, проста захацеўшы гэтага. Але такая штука дапасоўваецца і да адносін з іншым чалавекам, і проста да нейкіх жыццёвых сітуацый. Гэта самая першая фраза, якую я ўспомніла, калі пачула ваша пытанне, — значыць, яна і самая важная.

Напэўна, гэта самая карысная ідэя, якую я вынесла з усяго досведу ў тэрапіі. А ўсяго псіхатэрапеўтаў у мяне было чатыры чалавекі.

Аляксандр, Варшава, 32 гады

Я хаджу да псіхолага, на сеансах з якім у нас звычайна праходзяць проста размовы «за жыццё». Гэта ж працяглы працэс, таму ўсе змены адбываюцца паволі, памаленьку, такія будаўнічыя цаглінкі. Менавіта таму нічога сакральнага быццам бы не было. Хутчэй за ўсё, я выявіў, што ў мяне была праблема з прыняццем некаторых зразумелых канцэптаў.

Глабальна пасля паходу да псіхолага свет з чорна-шэрай палітры перайшоў у чорна-шэра-зялёную. Зразумеў, што варта дадаць нейкі рух у жыццё, а не проста сядзець на месцы і чакаць, калі з неба нешта само спусціцца перада мной.

У мяне была кансультацыя з псіхіятрам, я хацеў даведацца, ці няма ў мяне чаго-небудзь, што трэба лячыць медыкаментозна. Здаецца, усё ў парадку, але пасля размовы я пачаў больш разумець, наколькі дрэнна хлопцам, якія сядзяць на таблетках. Эмпатыя і спачуванне да іх пасля гэтага неяк павялічыліся.

Марыя, Мінск, 24 гады

На ваша пытанне мне адразу прыйшла ў галаву фраза, якую сказала адна з мінулых псіхатэрапеўтак: «Людзі з псіхалагічнымі праблемамі не слабыя. Яны проста вельмі шмат змагаліся».

Тады гэта здалося мне крыху дзіўным: я сяджу і рыдаю, а псіхатэрапеўтка гаворыць пра сілу. Але мне і праўда тады стала крыху лягчэй, быццам я змагла прызнаць, што можна крышку расслабіцца.

У цэлым псіхатэрапія і асобныя псіхолагі мне шмат чаго далі, я нібы пачала жыць лягчэй: перастала хвалявацца па дробязях і вырашаць пытанні іншых людзей. Зразумела, што пара расслабіцца.

Чытайце таксама:

Інтэрв’ю з тым самым доктарам Андрэем Белавешкіным — пра беларускую мову, «русский мир» і псіхалагічнае здароўе. «Пасіўная пазіцыя заўсёды вядзе да стрэсу»

«Мой прынцып — не ўмешвацца ў палітыку». Пагаварылі з шатландцам, які пераехаў у Мінск і здымае ў сталіцы хвалебныя відэа на YouTube

Клас
11
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
0