Папа Францішак. Фота: AP

Папа Францішак. Фота: AP

У пятніцу пантыфік узяў удзел у канферэнцыі, прысвечанай дэмаграфічнаму крызісу ў Італіі, і распавёў пра тое, як адна з верніц адчыніла сумку і папрасіла яго «блаславіць яе малога». Аднак у сумцы было не дзіця, а невялікі сабака, піша Бі-бі-сі.

«Тут я выйшаў з сябе і зрабіў ёй вымову. Сказаў, што цяпер мноства дзяцей галадае. Навошта ж вы мне прыносіце сабаку?» — заявіў Францішак, сарваўшы пры гэтым апладысменты аўдыторыі.

У Італіі — адзін з самых нізкіх паказчыкаў нараджальнасці ў Еўропе. Летась у краіне нарадзілася менш за 400 тыс. дзяцей, што складае гістарычны мінімум. Пры гэтым агульнае насельніцтва Італіі да пачатку 2022 года скарацілася на 250 тысяч чалавек (сваю ролю пры гэтым адыграла не толькі падзенне нараджальнасці, але і пандэмія каранавіруса).

Па словах Папы, у Італіі для стварэння новай сям'і патрэбныя «тытанічныя намаганні», і дазволіць сабе гэта могуць толькі багатыя людзі.

У сваім выступе пантыфік сказаў, што падзенне нараджальнасці кажа пра тое, што маладыя людзі губляюць веру ў будучыню і пакутуюць ад нявызначанасці. «Сапраўднымі праблемамі сталі пошук стабільнай працы, вельмі высокі кошт арэнды жылля і недастатковыя заробкі», — заявіў Францішак.

Чаму падае нараджальнасць

Эксперты згаджаюцца, што адной з прычын падзення нараджальнасці ў Італіі застаюцца цяжкасці з пошукам працы для моладзі.

Акрамя таго, жыхары краіны часта скардзяцца на мясцовую сістэму догляду дзяцей: па даных дабрачыннай арганізацыі Save The Children, шэсць з дзесяці італьянскіх маці не могуць адправіць сваіх дзяцей у дзіцячыя сады.

Многіх цяжарных жанчын у Італіі вымушаюць сыходзіць з працы, а некаторых звальняюць пасля таго, як яны пачынаюць чакаць дзіця.

Нараджальнасць падае ў многіх краінах свету, уключаючы Японію, Паўднёвую Карэю, Партугалію і Пуэрта-Рыка. Аднак для Італіі пагроза скарачэння насельніцтва асабліва сур'ёзная.

Гэта трэцяя па памеры эканомікі краіна еўразоны, і да 2050 года колькасць яе жыхароў можа зменшыцца на 25% (па даных на канец 2022 года насельніцтва Італіі складала каля 59 млн чалавек). Пры гэтым жыхары краіны хутка старэюць. За апошнія 20 гадоў колькасць італьянцаў, узрост якіх перавысіў 100 гадоў, вырасла ўтрая.

Італію часта называюць «краінай пустых калысак», у красавіку ўладальнік кампаній Twitter, Tesla і SpaceX Ілан Маск напісаў у сваім твітары: «Італія знікае!»

Эксперты і ўлады папярэджваюць, што падзенне колькасці насельніцтва можа прывесці да беднасці.

Міністр эканомікі Італіі Джанкарла Джыаргеці заявіў, што да 2042 года скарачэнне нараджальнасці ў краіне прывядзе да зніжэння ВУП на 18%.

Чытайце таксама:

Папа Францішак: Фінансавыя скандалы шкодзяць добраму імені Касцёла

«Усё яшчэ жывы». Папу Францішка выпісалі са шпіталя

Папа Францішак заснаваў для беларускіх грэка-католікаў Апостальскую адміністратуру

Клас
8
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
17
Абуральна
4