Rebecca Ferguson in Silo

Джульета (Рэбека Фергюсан) у серыяле «Сховішча». Фота: Apple TV+

Silo — постапакаліптычная гісторыя, у якой апошнія жывыя людзі Зямлі хаваюцца ў падземным бункеры, і адпаведна свет паўстае ў шэрых, карычневых, цёмна-балотных колерах.

Ніхто не выходзіць з бункера, бо шырока распаўсюджана меркаванне, што паветра за яго межамі таксічнае. Жыхары могуць назіраць за пейзажам праз гіганцкі экран унутры сталовай. На ім можна ўбачыць руіны, што абсыпаюцца, раскіданыя паўсюль абломкі, і няма нічога, што можна было б лічыць жывым. Калі нехта ў бункеры кажа, што хоча выйсці за яго межы, яму дазваляюць, і гэта нават суправаджаецца адметнай цырымоніяй, але чалавек ніколі не вяртаецца назад, таму гэта раўназначна смяротнаму прысуду.

Сховішча кіруецца строгімі правіламі і знаходзіцца пад наглядам судовага дэпартамента. Гэта амаль таталітарная дзяржава, і грамадства літаральна іерархічнае: рабочыя знаходзяцца «ў глыбіні», а тыя, хто «наверсе», маюць больш высокі статус.

Як і ў вядомай антыўтопіі Оруэла, кіраўніцтва ўмешваецца ў рамантычныя адносіны: у Silo яны павінны быць санкцыянаваны ўладамі. Гісторыя пачынаецца, калі шэрыф Холстан (Дэвід Аелоўа) і яго жонка Элісан (Рашыда Джонс) атрымліваюць дазвол на нараджэнне дзіцяці. Калі ім адкрываецца інфармацыя, якую яны не павінны былі ведаць, яны пачынаюць сумнявацца ў правілах бункера.

Потым серыял пераводзіць фокус на іншага персанажа — Джульету (Рэбека Фергюсан), жанчыну-механіка, якая працуе на генератары, які вельмі важны для падтрымання жыцця людзей у сховішчы. З Рэбекай таксама здараецца асабістая гісторыя, якая прымушае яе пераасэнсаваць правілы бункера.

Уласныя расследаванні зводзяць Холстана і Джульету разам. Спрабуючы высветліць, што ж адбылося, яны паглыбляюцца ў больш сур'ёзныя таямніцы сховішча і свету вакол яго. Ім выпадае задача дайсці да праўды.

Rashida Jones and David Oyelowo in Silo

Рашыда Джонс у ролі Элісан і Дэвід Аелоўа ў ролі Холстана ў першай серыі «Сховішча». Фота: Apple TV+

Серыял, безумоўна, крытыкуе аўтарытарызм, класавую сістэму і даследуе тэму перапісвання гісторыі — актуальную як ніколі. Не менш надзённа гучаць і тэмы ізаляцыі (асабліва пасля пандэміі) і кантролю над жаночымі целамі. «У кожным эпізодзе гэтага шоу так шмат цікавага, што хацелася б, каб людзі маглі ўдзельнічаць у дыскусіях, як у вялікім кніжным клубе, пасля прагляду кожнай серыі», — адзначае кінааглядальнік Браян Талерыка.

Крытыкі таксама звяртаюць увагу на цудоўную ігру ўсяго акцёрскага складу, у прыватнасці, расстанне і ахвяры Джонс і Аелоўа выглядаюць так, як быццам яны сапраўдная пара. Але рэй вядзе, безумоўна, стаічная Рэбека Фергюсан, якая ідэальна пасуе да сваёй ролі.

Мастакі-дэкаратары і майстры камп’ютарнай графікі старанна працавалі над стварэннем атмасферы бункера, у якім савецкая архітэктура спалучаецца з сярэднявечным стымпанкам — так сховішча ў серыяле становіцца амаль самастойным персанажам.

У цэлым гледачы серыяла плюсавалі, адзначыўшы таксама нядрэнны сцэнар, хоць і з агаворкай, што кожная ідэя і вобраз Silo будзе нагадваць ці адсылаць да ўжо знятых ці напісаных антыўтопій, не прапаноўваючы нічога радыкальна новага.

Мабыць, адзінае, але істотнае супрацьпаказанне да прагляду — гэта калі вы стаміліся ад бясконцага апакаліпсісу ў рэальным жыцці, заглыбленне ў чарговую змрочную, гнятлівую рэальнасць можа стаць пераборам.

Вас таксама могуць зацікавіць:

Што паглядзець. «Адны з нас» (The Last of Us) — абсалютна захапляльная антыўтопія

Рамантычная камедыя, музычны баёпік і гістарычная драма — тры самыя папулярныя фільмы на Netflix

Серыял «Місіс Дэвіс»: гэты сюжэт вас дакладна здзівіць

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1