Валерий Карбалевич Valer Karbalevich Валерый Карбалевіч

Cупадзенне Дня Перамогі — свята, якое Аляксандр Лукашэнка не мог прапусціць, і хваробы дазволіла ўсім убачыць, што ў яго сур'ёзныя праблемы са здароўем, мяркуе Валерый Карбалевіч. Фота: Наша Ніва

На гэтыя і іншыя пытанні з актуальнага палітычнага парадку дня ў эфіры ютуб-канала «Обычное утро» адказаў палітолаг Валерый Карбалевіч.

Карбалевіч адзначае, што нешчаслівае супадзенне Дня Перамогі — свята, якое Аляксандр Лукашэнка не мог прапусціць, і хваробы дазволіла ўсім убачыць, што ў яго сур'ёзныя праблемы са здароўем. У такія незвычайныя моманты сістэма ўпадае ў ступар. Яна не ведае, як рэагаваць. Ён згадвае затрымкі з рэакцыяй дзяржаўных медыя на смерць Макея ці адносна дыверсіі ў Мачулішчах. Цяпер мы назіраем нешта падобнае.

На думку палітолага, лагічна і нармальна было б абʼявіць, што «ў Аляксандра Рыгоравіча нейкі цяжкі вірус, ён не можа гаварыць». Але не ў беларускіх умовах.

«Не ў рэжымах, як у Расіі ці Беларусі, пры якіх здароўе лідара — дзяржаўная таямніца. Калі няма інфармацыі, то распаўсюджваюцца чуткі. Чуткі, як вядома, заўсёды перабольшваюць праблему. І сёння мы сапраўды бачым, што праблема са здароўем Лукашэнкі — гэта палітычная праблема нумар адзін у Беларусі. Цяпер гэта абмяркоўваюць на кожнай кухні. Улады самі стварылі сабе праблему тым, што спрабуюць хаваць сітуацыю са здароўем», — падкрэслівае Карбалевіч.

Чаму хворы Лукашэнка паехаў у Маскву?

На думку палітолага, калі б Лукашэнка не паехаў у Маскву, але зʼявіўся ў Мінску падчас урачыстасцяў, то гэта было б расцэнена і замежнай грамадскасцю і расійскай, як палітычны дэмарш:

«Лукашэнка адмовіўся ехаць у Маскву на парад. Лукашэнка спрабуе збегчы з «Тытаніка», які нясецца на скалы». І гэта мела б усе негатыўныя наступствы для яго. Таму ў Лукашэнкі не было іншага выбару, як прыехаць у такім стане, адзначае Карбалевіч.

Ён заўважае, што сведчаннем нестандартнасці і непрыемнасці сітуацыі для Лукашэнкі зʼяўляецца не толькі яго выгляд, але і тое, як гэта было абстаўлена ў інфармацыйным плане. Інфармацыю пра тое, што ён едзе, хавалі да апошняга моманту. Пра тое, што ён прыляцеў у Маскву, першымі паведамілі расійскія СМІ.

На думку палітолага, аптымальным варыянтам было б проста паведаміць, што ёсць праблемы са здароўем. І гэта выглядала б больш натуральным.

Якія наступствы будзе мець паказ хворага Лукашэнкі

Карбалевіч прапануе паглядзець на сітуацыю больш шырока: «Лукашэнка ўсё сваё папярэдняе жыццё прэзентаваў вобраз спартыўнага прэзідэнта — чалавека, які знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Сённяшнія праблемы са здароўем моцна бʼюць па такім вобразе.

Цяпер што б улады ні рабілі, што б ні казаў Лукашэнка, праблемы са здароўем будуць актыўна абмяркоўвацца і ў асяроддзі наменклатуры, і ў асяроддзі грамадства, і ў асяроддзі яго прыхільнікаў. Бо моцны кантраст паміж тым, як Лукашэнка выглядае сёння і як яго прэзентавалі 28 гадоў».

Ці магчымыя палітычныя перамены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя Лукашэнкі

Палітолаг лічыць, што стан здароўя першай асобы наўрад ці прывядзе да нейкіх палітычных перамен.

«Праблема ў тым, што беларуская наменклатура не зʼяўляецца субʼектам палітыкі ў Беларусі. У ёй практычна адсутнічаюць гарызантальныя сувязі. Яна не можа сама сябе абмеркаваць — сваё ўласнае становішча, сваю ролю, не можа пераўтварыцца ў субʼект, не можа сфармаваць свае ўласныя інтарэсы, якія адрозніваюцца ад інтарэсаў Лукашэнкі.

Лукашэнка вельмі ўдала разбураў магчымасці стварэння нейкіх кланаў, нейкіх гарызантальных сувязяў. У Беларусі няма інстытутаў, дзе б наменклатура магла абмяркоўваць сама з сабою сваё становішча, свае інтарэсы. Нават абараніць свае інтарэсы яна не можа, бо прадстаўнікоў наменклатуры рэгулярна садзяць у турму.

У Беларусі няма парламента, партыі ўлады. Лукашэнка ўдала разбурае такія інстытуты. Таму казаць пра нейкія палітычныя дзеянні ў сувязі з яго хваробай нельга. Хіба што сітуацыя можа развіцца ў вельмі дрэнны бок у плане здароўя. Тады магчымыя больш актыўныя дзеянні».

«Цяпер беларускія прапагандысты пачнуць актыўна абмяркоўваць праблемы са здароўем Байдэна», — дзеліцца сваім прагнозам палітолаг.

Якім палітолаг бачыць развіццё сітуацыі ў выпадку смерці Лукашэнкі?

На думку Карбалевіча, у такіх персаналісцкіх рэжымах, які сёння ёсць у Беларусі, сыход ад улады першай асобы, як правіла, выклікае палітычны крызіс:

«Адна рэч, як механізм прапісаны ў Канстытуцыі, другая рэч, як гэта будзе працаваць на практыцы. Тым больш, што ў новай рэдакцыі Канстытуцыі не да канца зразумела, хто павінен браць уладу — ці Рада бяспекі, ці старшыня Савета Рэспублікі.

Могуць узнікнуць супярэчнасці і канфлікты менавіта з-за таго, як трактаваць гэтую сітуацыю, бо любы сыход з жыцця чалавека можна прадставіць як ненатуральны. На такой падставе сілавікі могуць узяць уладу. Лукашэнка сам заклаў у новую Канстытуцыю міну, якая можа ўзарвацца».

Якім будзе палітычны рэжым пасля Лукашэнкі?

Карбалевіч лічыць, што пасля таго, як Лукашэнка па нейкіх прычынах адыдзе ад улады, палітычны рэжым у Беларусі абавязкова трансфармуецца.

«Бо існуючы рэжым Лукашэнка ствараў пад сябе. І замяніць яго на гэтай пасадзе немагчыма», — адзначае палітолаг.

На яго думку, трансфармацыя будзе ісці ў бок лібералізацыі, дэмакратызацыі, нармалізацыі адносін з Захадам: «Менавіта на гэтай аснове можна неяк легітымізаваць уладу. Бо сёння палітычны маятнік так моцна закручаны ў адзін бок, што непазбежнае яго вяртанне ў нейкую норму, ці, нават, паварот у іншы бок проста па законах механікі. Таму трансфармацыя палітычнага рэжыму непазбежная».

На погляд палітолага, Лукашэнка гэта разумее і баіцца сыходзіць: «Ён разумее, што без яго рэжым непазбежна будзе мяняцца. І спрабуе гэта неяк прадухіліць. Як гэта зрабіць, ён не ведае. Адзінае зразумелае для яго выйсце — знаходзіцца пры ўладзе да самага канца. Іншых варыянтаў ён не прадугледжвае».

Пра што сведчыць сітуацыя на мяжы Беларусі з Расіяй?

На погляд палітолага, рашэнне аб увядзенні кантролю з беларускага боку на мяжы сведчыць пра тое, што Лукашэнка разумее, што ў Расіі адбываюцца нейкія даволі непрыемныя для яго і для Пуціна падзеі.

«Фактычна вайна прыйшла на тэрыторыю Расіі. Пастаянна адбываюцца выбухі, дыверсіі. Лукашэнка інстынктыўна спрабуе ад усяго гэтага адгарадзіцца, зачыніцца, схавацца. Каб крызіс, які набліжаецца ў Расіі, не перакінуўся на Беларусь».

Адносна заявы Церцеля аб прадухіленні тэрарыстычнага акту

Карбалевіч адзначае, што ён бы не звяртаў на гэта асаблівай увагі, бо інфармацыя не зʼяўляецца дакладнай і падрабязнай.

«У Церцеля такая функцыя — пужаць грамадства, наменклатуру нейкімі тэрактамі і змовамі, замахамі. І паказваць, як эфектыўна працуе яго структура. Калі ён не будзе гэтага рабіць, то будуць рабіць іншыя. У такіх сітуацыях усе кіраўнікі сілавых ведамстваў імкнуцца даказаць сваю запатрабаванасць, эфектыўнасць», — заўважае палітолаг.

Што паказаў парад на 9 Мая ў Маскве

На погляд эксперта, калі год таму, праз два з паловай месяцы пасля пачатку вайны, быў парад Перамогі, усе чакалі ад выступу Пуціна нейкіх вельмі важных заяваў. Але не дачакаліся. Гэтым разам ніхто асабліва нічога не чакаў. Яго выступ — наратывы расійскай афіцыйнай прапаганды. Адзінае, што нечакана, — зʼяўленне на Краснай плошчы кіраўнікоў краін СНД.

«Яшчэ 29 красавіка прэс-сакратар Пуціна заяўляў, што нікога на парад не запрашаюць, бо гэта не юбілейная дата. А затым, за два—тры дні да свята вырашылі мабілізаваць прыезд кіраўнікоў у Маскву. Прычым гэтым займаўся персанальна сам Пуцін.

Як ён угаворваў, што спрацавала — бізун ці пернік, пытанне, але гэта зʼяўляецца дыпламатычнай перамогай. Бо людзі, якія прыехалі на святкаванне, ускосна падтрымалі Расію ў вайне», — выказвае свой погляд Карбалевіч.

Чытайце яшчэ:

Што за «акцёры» здымаліся ў фільме АНТ пра «тэракт» на 9 Мая? Расказваем

«Шапнулі, што падхапіў заразу». Што беларускія і расійскія прапагандысты напісалі пра стан Лукашэнкі

Клас
49
Панылы сорам
7
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
23