9 мая Еўрапейская кінаакадэмія прыняла ў свае шэрагі 462 новых сяброў. Разам з амерыканскім акцёрам Уільямам Дэфо (які ў кінаакадэміі прадстаўляе Італію), нямецкім рэжысёрам Фрэнкам Пэтцольдам («На Заходнім фронце без змен»), дацка-амерыканскім акцёрам Эліятам Кросетам Ховам («Зімнія браты»), сербскай актрысай Яснай Джурычыч («Quo Vadis, Aida?») ды іншымі прафесіяналамі ў адзін з самых вядомых кінаінстытутаў свету быў прыняты беларускі рэжысёр, аўтар фільмаў «Кураж», «Возера радасці» Аляксей Палуян, піша Reform.by.

На гэты момант у сябрах Еўрапейскай кінаакадэміі чатыры кінематаграфісты з Беларусі: рэжысёр-дакументаліст Віктар Аслюк, кінааналітык, праграмны дырэктар Ігар Сукманаў, прадзюсарка, заснавальніца і дырэктарка фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская і рэжысёр, сцэнарыст Аляксей Палуян.

Аўтар нашумелага фільма «Кураж» («Смеласць») так пракаментаваў Reform.by сваё ўступленне ў сям’ю European Film Academy.

— Гэта вельмі прыемны і сімвалічны крок, — адказаў ён. — Прыемны, бо адбываецца інтэграцыя беларускага незалежнага кінематографа яшчэ глыбей у еўрапейкія інстытуты. Сімвалічны, бо наша незалежная культура вяртаецца туды, дзе гістарычна мела сваё месца — у Еўропу.

—Асабліва прыемна стаць часткай вялікай прафесійнай супольнасці, якая падзяляе каштоўнасці аўтарскага кінематографа, — падкрэсліў ён. — Спадзяюся ў наступны год іншыя мае беларускія калегі і каляжанкі далучацца да нас.

Сёння беларускі рэжысёр, які жыве ў Берліне, працуе над новай стужкай — поўнаметражным гульнявым фільмам пад рабочай назвай «У чаканні Бернау» — гісторыяй пра тое, як дыктатарскія рэжымы змяняюць асобу чалавека.

— Гэта таксама будзе гісторыя пра розніцу паміж пакаленнямі ў сённяшняй Беларусі, — дадае аўтар.

— Гэты падзел [паміж пакаленнямі] ў жніўні 2020 стаў агромністым, — лічыць Аляксей Палуян, — і яго ўжо ніяк не спыніць.

Кінематаграфіст акурат цяпер заканчвае працу над рэжысёрскім сцэнаром карціны; а ўлетку распачнецца перадвытворчы перыяд праекта: пошук акцёраў, лакацыі і каманды.

Аляксей Палуян таксама заўзяе за яшчэ адну важную ініцыятыву — Беларускую незалежную кінаакадэмію. Нагадаем, што ён з’яўляецца адным з шасці заснавальнікаў новага інстытута, мэта якога — зрабіць чутным голас беларускіх незалежных кінематаграфістаў у свеце, садзейнічаць стварэнню беларускага кіно. Развіццё і прасоўванне гэтага важнага праекта, яго падтрымка — таксама ў прыярытэтах кінадзеяча.

— Спадзяюся, што маё сяброўства ў Еўрапейскай кінаакадэміі дапаможа яшчэ больш шчыльнаму супрацоўніцтву гэтага інстытута з Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, — падкрэсліў рэжысёр.

European Film Academy была заснавана ў 1989 годзе яе першым прэзідэнтам Інгмарам Бергманам і 40 кінематаграфістамі для прасоўвання інтарэсаў еўрапейскай кінаіндустрыі. Стварэнне еўрапейскай кінасупольнасці кінематаграфістаў і тым самым павышэнне цікавасці і даступнасці еўрапейскага кіно для супольнасці аматараў кіно з’яўлялася і з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў яе дзейнасціі. Кінаакадэмія прасоўвае еўрапейскае кіно, кульмінацыяй чаго штогод становіцца Месяц еўрапейскага кіно і ўручэнне Еўрапейскай кінапрэміі, а гэтаксама садзейнічае прафесійным зносінам фільммэйкераў.

Сёння арганізацыя налічвае больш за 4000 сяброў з 52 краін.

Чытайце таксама:

Створана Беларуская незалежная кінаакадэмія

Адразу два беларусы ўвайшлі ў журы прэстыжнай кінапрэміі «Залаты глобус»

«Беларусьфільм» пачаў здымкі блокбастара паводле рамана Караткевіча

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0