Аляксандр Фядута падчас суда. Фота: БелТА

Аляксандр Фядута падчас суда. Фота: БелТА

Былыя калегі Аляксандра Фядуты па зняволенні на ўмовах ананімнасці расказалі, што ў выніку шматлікіх хранічных і набытых захворванняў ён быў этапаваны ў калонію ўжо з кійком, так перасоўваецца і цяпер.

Зрэшты, фізічны стан не стаў нагодай для адміністрацыі папраўчай установы, каб пакінуць вязня ў рэзерве — ён мусіць разам з іншымі хадзіць на працу ў так званую прамысловую зону.

Цяжкія нагрузкі і хваравітыя сімптомы не маглі не пакінуць свайго следу: 58-гадовы Аляксандр Фядута выглядае знямоглым, ён моцна схуднеў і асунуўся, кажуць сведкі.

«Палітычны» статус аўтаматычна цягне шэраг наступстваў абмежавальнага характару. Напрыклад, на няпэўны час спадар Аляксандр пазбаўлены перадач і спатканняў з роднымі, выключэнне зроблена толькі для неабходных лекаў. Уся іншая сувязь са знешнім светам падтрымліваецца праз лісты і планавыя тэлефанаванні.

Былыя сядзельцы таксама наракаюць, што на палітвязняў моцна ціснуць за любыя згадкі пра іх у СМІ — у такім выпадку пагражаюць караць увесь атрад, што выклікае пэўную нервознасць.

Нягледзячы на прэсінг, Аляксандр Фядута працягвае даследчую дзейнасць. Так, у вольны час займаецца літаратуразнаўчым аналізам п’есы Міхаіла Булгакава «Батум», дзе паказаны пачатак крывавага шляху маладога Іосіфа Сталіна. Не выключана з’яўленне сцэнарыя.

Дарэчы, дагэтуль не акрэслены лёс ягоных рукапісаў-каментароў да рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», над якімі літаратуразнаўца пачаў працаваць яшчэ ў следчых ізалятарах. Тэксты нават забіралі на «экспертызу», але ўрэшце вярнулі, не знайшоўшы крамолы. Цяпер матэрыял на рэдактуры, ці ўдасца выдаць кнігу ў агляднай перспектыве — невядома.

Як бы там ні было, палітвязень намагаецца падтрымліваць бадзёрасць духу і верыць у лепшыя часы для сябе і ўсёй Беларусі. 

Нагадаем, Аляксандра Фядуту затрымалі ў Маскве 11 красавіка 2021 года ў выніку сумеснай «спецаперацыі» ФСБ Расіі і КДБ Беларусі ў межах справы аб спробе дзяржаўнага перавароту. Паралельна схапілі палітыка Рыгора Кастусёва і юрыста Юрася Зянковіча. Усім выставілі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса — «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».

Разгляд аб’яднанай справы пачаўся 29 ліпеня 2022 года ў Мінскім раённым судзе. Аляксандр Фядута прызнаў віну часткова і не пагадзіўся з агучанымі бокам абвінавачання матывамі. Праз месяц пасяджэнняў пракурор Міхаіл Кавалёў запатрабаваў для палітвязня 12 гадоў зняволення.

5 верасня суддзя Уладзімір Арэшка крыху «змякчыў» запытаны тэрмін і пакараў журналіста 10 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

29 лістапада Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле.

Чытайце таксама:

Фядута ў апошнім слове на судзе: Абвінаваўца іранізуе, ці не высокія матывы сталі прычынай маіх дзеянняў. Але, гэта так!

Гісторык Пашкевіч: Фядута ведае, што такое месца ў гісторыі, і думае пра яго нават за кратамі

«Злуюся на гэтага «змоўшчыка», але люблю гэтага хлопца». Жонка Фядуты атрымала спатканне з мужам

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
6