Пэтр Павэл. Фота: AP Photo/Petr David Josek

Пэтр Павэл. Фота: AP Photo/Petr David Josek

Пэтр Павэл, які ў мінулым быў генералам NATO, заявіў у інтэрв'ю газеце The Guardian, што ўкраінская армія сёлета будзе мець толькі адзін шанец для наступу. Таму ён і перасцярог ад жадання прыспешваць УСУ, якія, на яго думку, нясуць сур'ёзныя страты, піша Бі-бі-сі.

Падчас апошніх сустрэч у Кіеве з Уладзімірам Зяленскім і Дзянісам Шмыгалем чэшскі лідар сказаў, што ва Украіны больш не будзе элементу нечаканасці, які спрыяў поспеху на Харкаўшчыне і Херсоншчыне летась.

Па словах Павэла, падчас наступу ўкраінскія сілы ў любым выпадку панясуць «жудасныя страты», але контрнаступ можа быць паспяховым. Ён дадаў, што атака, сярод іншага, надзвычай затратная з пункту гледжання аснашчэння асабістага складу, лагістыкі боепрыпасаў і паліва.

Павэл распавёў, што падчас сустрэчы з прэм'ер-міністрам Украіны на мінулым тыдні заклікаў украінскае кіраўніцтва не «паддавацца на заклікі да хуткіх дзеянняў да таго, як яны будуць цалкам гатовыя».

«У некаторых ёсць спакуса падштурхнуць іх, каб прадэманстраваць нейкія вынікі. Для Украіны будзе вельмі дрэнна, калі гэты контрнаступ пацярпіць няўдачу, бо другога шанцу ў яе не будзе, прынамсі ў гэтым годзе», — падкрэсліў ён.

Са слоў Павэла, Зяленскі папрасіў яго і славацкую калегу Зузану Чапутаву даць узбраенне для дзвюх механізаваных брыгад да пачатку наступу.

«Мяркуючы па ўсім, яны ўсё яшчэ лічаць, што не маюць усяго неабходнага для пачатку паспяховай аперацыі», — адзначыў прэзідэнт Чэхіі.

Павэл дадаў, што гаворка ішла аб пастаўках каля 35 танкаў і 100 бронемашын, што цяпер будзе «вельмі складана».

«Чэхія ўжо паставіла не менш за 100 танкаў, асабліва Т-72, многія з якіх былі мадэрнізаваныя, прыкладна такая ж колькасць БМП, артылерыі, гранатамётаў і шмат боепрыпасаў, — растлумачыў прэзідэнт краіны. — У нас ёсць некаторыя магчымасці ў галіне сістэм СПА з пэўнай колькасцю ракет, і гэта ім дапаможа».

Чэшскі прэзідэнт адзначыў, што Кіеву не варта «недаацэньваць расіян, бо ў іх дастаткова жывой сілы, у іх усё яшчэ дастаткова тэхнікі, нават калі яна старая і, магчыма, яе менш, але ўсё ж у іх ёсць вялікая колькасць артылерыі і шмат боепрыпасаў».

«Яны не такія ўжо бездапаможныя з пункту гледжання абароны. І, вядома, быць у абароне ім прасцей, бо ўкраінцы нясуць вялікія страты, нават калі будуць добра падрыхтаваныя. Атакаваць такога ворага, як Расія, будзе складана, і расіян не застануць знянацку ў другі раз», — адзначыў прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што Захад павінен быць гатовы да таго, што вайна можа скончыцца з вынікам, які не прадугледжвае поўнай перамогі Украіны.

«Думаю, мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб падтрымліваць украінцаў і дапамагаць іх поспеху. Але з унутранага пункту гледжання, мы павінны быць гатовыя да іншых варыянтаў развіцця падзей», — заявіў Павэл.

Чытайце таксама:

Украіна стала хаваць ад саюзнікаў дэталі будучага контрнаступу — СМІ

У ЗША пабойваюцца, што ўкраінскі контрнаступ абернецца крывавай бойняй — СМІ

Полк Каліноўскага рыхтуецца да ўкраінскага контрнаступу

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
2