Адно з апошніх фота Мікалая Клімовіча ў фэйсбуку

Адно з апошніх фота Мікалая Клімовіча ў фэйсбуку

Мікалаю Клімовічу быў 61 год. Калі верыць сацсеткам мужчыны, ён скончыў Мінскі «культасвет» (цяпер — Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў) у 1982 годзе і пачаў працаваць мастацкім кіраўніком Лемяшэвіцкага сельскага Дома культуры. Потым перайшоў на працу загадчыкам іншага дома культуры і загадчыкам кавярні «Дыялог».

Паступіў у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў у 1986-м. У гэты час жыў у Маскве, працуючы сям-там на пасадах адміністратара дзіцячай перадачы, цырка. 

У 1994-м вяртаецца ў Пінск і пачынае супрацоўнічаць з рознымі медыя, а таксама ўступае ў БНФ. З таго часу мужчына доўга на адной працы не затрымліваўся і за год мог памяняць іх з пяток. Апошняе вядомае месца працы Мікалая — расклейшчык аб'яў у 2013 годзе.

Партыйны білет БНФ Мікалая Клімовіча. Фота: 1reg.org

Партыйны білет БНФ Мікалая Клімовіча. Фота: 1reg.org

Невядома дакладна, калі Клімовіч зацікавіўся грамадска-палітычным жыццём, але ў 2001 годзе ён уваходзіў у ініцыятыўную групу па стварэнні рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Прававая абарона грамадзян». Сярод стваральнікаў быў таксама праваабаронца Алег Волчак. Аб'яднанне не зарэгістравалі, а стваральнікі пасля выйгралі суд ААН.

Мікалай Клімовіч падчас стварэння «Прававой абароны грамадзян» у 2001 годзе

Мікалай Клімовіч падчас стварэння «Прававой абароны грамадзян» у 2001 годзе

У 2009-м Мікалай Клімовіч пачынае весці блог у «Жывым журнале» пад псеўданімам Мікалай Верасень. Там ён пісаў пра свае былыя подзвігі і распавядаў пра жыццё ў Пінску.

Перыядычна пра яго пісалі медыя: да прыкладу, у 2013 годзе ён прасіў пракуратуру разабрацца з «інтэрнэт-тролямі», якія ад яго імя пішуць лухту. А ў 2016-м Мікалая знялі з уліку камісіі па беспрацоўі, па яго словах — за актыўную грамадскую пазіцыю.

У ліпені 2020-га мужчыну прымусова забіралі ў псіхіятрычны дыспансер і пратрымалі там 21 дзень. Мікалай распавядаў, што яго пакінулі на такі тэрмін, каб ён выйшаў адтуль ужо пасля выбараў.

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка ў фэйсбуку

Мікалай Клімовіч. Фота: ягоная старонка ў фэйсбуку

У сакавіку 2021-га Клімовіча выклікалі на допыт у пракуратуру па справе аб паслявыбарчых пратэстах у Пінску. Мужчына распавядаў, што тады выклікалі тых, каго затрымлівалі па славутым адміністрацыйным артыкуле 23.34.

У маі 2022-га Мікалай перанёс інсульт.

Клімовіча затрымаў ГУБАЗіК у снежні 2022 года за антываенныя публікацыі ў «Аднакласніках». Ён распавёў пасля, што паказваў дакументы пра інваліднасць, але губазікаўцы толькі смяяліся з яго і адмовіліся здымаць кайданкі, змушалі распранацца і апранацца. Пасля яго змясцілі ў ІЧУ, але на наступны дзень яго адтуль забрала хуткая, і мужчыну змясцілі ў лякарню на некалькі дзён.

Мікалай Клімовіч. Фота: архіў «Медыя-Палесся»

Мікалай Клімовіч. Фота: архіў «Медыя-Палесся»

У выніку на яго завялі крымінальную справу за лайк пад карыкатурай на Лукашэнку. А таксама адміністрацыйную справу за «дэманстрацыю нацысцкай сімволікі» за карыкатуру на Пуціна. Да суда ён быў на волі.

«Любое турэмнае знявольванне для мяне — гэта смерць, таму што я павінен быць пад пастаянным наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца», — казаў пінчук перад прысудам, яго словы прыводзіў «Позірк».

28 лютага 2023 года суддзя Андрэй Бычыла прысудзіў Мікалаю Клімовічу год калоніі. 21 красавіка 2023 года яго перавялі ў калонію. А праз два тыдні ён памёр.

Чытайце таксама:

Прадстаўніца Кабінета Вольга Гарбунова пра смерць палітвязня: Колькі яшчэ трэба ахвяр, каб вы насыціліся ўладай?

Інваліда з Пінска асудзілі да калоніі за карыкатуру на Лукашэнку

У калоніі памёр палітвязень — пінскі блогер Мікалай Клімовіч

Клас
5
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
47
Абуральна
74