Беларускія песні і стажыроўка на «Радыё Свабода». Вольга з ЗША

Вольга Казак-Анлар нарадзілася ў сям’і музыкаў — заслужанай артысткі Беларусі Валянціны Пархоменка і саліста радыё і тэлебачання Алеся Казака. Дзяўчынка з дзяцінства выступала разам з бацькамі: грала на цымбалах і спявала. У 1990 годзе — Вользе тады было 10 — уся сям’я разам з ансамблем паехала гастраляваць у ЗША.

У Амерыцы сям’я сустрэла доктара з Беларусі, які дамовіўся, каб дзяўчынку паглядзелі дактары ў Нью-Ёрку — у Вольгі быў скаліёз. Беларускія лекары прапаноўвалі «экстрэмальныя» метады лячэння: аддаць дзіця ў спецшколу, дзе «ты ляжыш, не ходзіш», сцвярджае жанчына.

«Дактары прапанавалі паназіраць мяне некалькі месяцаў і сказалі, што зробяць аперацыю бясплатна, калі яна спатрэбіцца. А гэта аперацыя, самі разумееце, каштуе сотні тысяч долараў».

Бацькі Вольгі напісалі на працу і растлумачылі сітуацыю, але іх назвалі «здраднікамі беларускага народа і Савецкага Саюза» і звольнілі, распавядае жанчына. Сям’я не ведала, што рабіць далей і ці можна ўвогуле вяртацца ў Беларусь.

«Маці вельмі плакала, для яе гэта было вельмі балюча. Бацькі любілі Беларусь і зараз любяць. Яны аддалі ўсё жыццё за яе: змагаліся за мову, культуру, песню. Яны ездзілі па ўсёй Беларусі, збіралі фальклор».

Сама Вольга хацела застацца ў ЗША. Там яна ўпершыню адчула свабоду і зразумела, што ў беларускай школе гаварылі няпраўду пра «дрэнных амерыканцаў, якія хочуць скінуць ядзерную бомбу».

Першыя гады жыцця ў Амерыцы былі складанымі. Сям’я прыехала з «парай чамаданаў», у якіх былі касцюмы і беларускія інструменты. Але Вольга хутка адаптавалася да жыцця ў новай краіне: трапіла ў клас з амерыканцамі і за тры месяцы вывучыла мову.

У падлеткавым узросце Казак-Анлар хацела быць «як усе» і адмаўлялася гаварыць па-беларуску з бацькамі. Тыя прымушалі дачку чытаць і пісаць, каб не забываць родную мову.

«Тата мне сказаў: «Я не разумею. Калі табе штосьці трэба, ты павінна размаўляць са мной на беларускай мове». Бацькі казалі, што я вырасту і зразумею, чаму гэта так важна ведаць і захоўваць».

Пазней валоданне беларускай ёй сапраўды спатрэбілася — жанчына стажыравалася на «Радыё Свабода» ў Чэхіі. Там яна перакладала навіны з англійскай.

«Я напісала першы артыкул і прыйшла да галоўнага на радыё. Ён амаль усё падкрэсліў чырвонай ручкай. Мне засталося тры гадзіны да эфіру, а там столькі памылак! Думаю: «Божа мой, што я нарабіла? Навошта я ўзяла гэтую стажыроўку?» — смяецца Казак-Анлар.

Паступова памылак рабілася ўсё менш, а праца на радыё істотна дапамагла палепшыць мову. Вольга кажа, што яе сям’я заўсёды трымалася блізка да беларускай суполкі, шмат выступала перад прадстаўнікамі іншых нацый і пашырала беларускую культуру.

Жанчына лічыць сябе «беларускай амерыканкай». Яна адзначае, што вельмі любіць беларускую культуру, мову і песню ды спрабуе перадаць гэта сваім дзецям. Старэйшая дачка разумее беларускую мову, а малодшы нават на ёй размаўляе.

«Я ў дзяцінстве сустрэла ўкраінку, якая казала: «Треба ходити з гордо піднятою головою, якщо ти українець». Мы таксама павінны хадзіць з горда паднятай галавой, таму што мы беларусы», — кажа Вольга.

У Беларусі Вольга не была ўжо 30 гадоў, але дагэтуль добра памятае вуліцу Сурганава ў Мінску і ведае нумар тэлефона сям’і. Успаміны пра Беларусь, асабліва пра вёскі бабуль і дзядуль, вельмі цёплыя, кажа яна.

«Я шмат часу праводзіла ў Брэсцкай вобласці. Памятаю, як хата выглядала і пахі, калі смажаць сала ці бабуля штосьці пячэ».

Вольга часта наведвала бабулю ў Гомельскай вобласці, пакуль не адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Бабуля памерла ад анкалогіі менш чым праз год.

Усе гады эміграцыі іх сям’я сачыла за падзеямі ў Беларусі. На CNN, жартуе жанчына, Беларусь паказваюць толькі тады, калі адбываецца нешта дрэннае.

«Мне хацелася б, каб у Беларусі ўсё наладзілася. Каб усе былі шчаслівымі, здаровымі і ганарыліся, што яны беларусы. Каб Беларусь была дэмакратычнай краінай і беларусы не хацелі быць кімсьці іншымі».

Ілюстрацыя: Ніка Кузняцова / «Медыязона»

Ілюстрацыя: Ніка Кузняцова / «Медыязона»

Мары вярнуцца ў Беларусь і бульба замест рысу з фасоляй. Галіна з Бразіліі

32-гадовая Галіна (імя змененае) — таксама з сям’і музыкаў. У Бразіліі яна апынулася ў 1998 годзе — тата пачаў працаваць там у аркестры і паклікаў жонку з дачкой да сябе.

Партугальскай мовы дзяўчынка не ведала і перад школай наведвала падрыхтоўчы клас.

Некаторыя рэчы ў Бразіліі здаваліся Галіне дзіўнымі: напрыклад, карнавал з адкрытымі ўборамі і любоў бразільцаў да дзяцей — яны спакойна могуць падысці паціскаць нават незнаёмых. Дома з бацькамі Галіна заўсёды размаўляла на рускай мове, а праз некалькі год пасля пераезду пачала саромецца, калі маці звярталася да яе па-руску ў грамадскіх месцах.

«Я ёй кажу: «Мама, давай на вуліцы размаўляць па-партугальску, людзі на нас глядзяць». І мама кажа: «А чаго саромецца? Ты не бразільянка, ты беларуска».

С мамай аўтаматычна пераходжу на рускую, яна прывучыла», — распавядае Галіна.

Амаль 10 гадоў яна сумяшчае працу скрыпачкі ў аркестры з выкладаннем рускай мовы бразільцам. Першы занятак адбыўся выпадкова: папрасіла замяніць знаёмая. Галіне нечакана спадабалася, і яна вырашыла працягваць вучыць рускую мову сама і выкладаць яе іншым.

Беларускую мову жанчына не ведае, але чула беларускія словы ад бабулі, што жыве ў вёсцы. З ёй Галіна спрабавала размаўляць «з беларускім акцэнтам».

«Бабуля тады такая: «О, усё разумееш». Я кажу: «Не разумею, але стараюся».

Ёй заўсёды падабалася прыязджаць у Беларусь, бадай, адзінае, што выклікала непрыемныя ўражанні, — няветлівыя супрацоўнікі ў крамах.

Да 19 гадоў яна марыла пераехаць у Беларусь, а потым паступіла ў бразільскі ўніверсітэт, знайшла сяброў і «змірылася» з лёсам. Апошні раз жанчына была на радзіме ў 2014 годзе, а цяпер знайсці квіткі на самалёт амаль немагчыма. Галіна спадзяецца, што хутка зможа наведаць Беларусь разам з сынам і дачкой.

Жанчына распавядае, што з Беларусі яе сям’я захавала некаторыя звычкі: не хадзіць дома ў абутку, прысесці «на дарожку» — да гэтага яна прывучае і дзяцей. Сям’я адзначае праваслаўныя Вялікдзень і Раство, святкуе Новы год, гатуе салат з крабавых палачак і халадзец.

«Мама да гэтай пары толькі бульбу можа есці, а ў Бразіліі звычайна ядуць рыс з фасоляй».

Галіна лічыць сябе напалову беларускай і напалову бразільянкай. Яна адчувае, што адрозніваецца ад звычайных бразільцаў і беларусаў.

«Я ў Бразіліі вырасла, правяла большую частку свайго жыцця. Але я заўсёды ўспамінаю Беларусь, памятаю вакзал, і ў мяне на ўсіх вокладках: на тэлефоне, на камп'ютары — дагэтуль ёсць Беларусь».

«Жыве Беларусь» і беларуская з перакладчыкам. Вольга з Канады

Бацькі прывезлі Вольгу ў Канаду ў 2000 годзе, тады дзяўчынцы было 15. Пераязджаць яна не хацела, але пасля таго, як па афіцыйных выніках рэферэндуму 1996 года ў Канстытуцыю ўнеслі змены, прапанаваныя Аляксандрам Лукашэнкам, мама і тата Вольгі вырашылі, што так будзе лепей.

Адаптацыя была нялёгкай — на непажаданую эміграцыю наклаўся пераходны ўзрост, і Вольга замкнулася ў сабе: не хацела хадзіць у школу і займацца баскетболам, які падабаўся раней. Пазней паводле парады выкладчыцы дзяўчына вярнулася ў спорт, пачала стасавацца з канадскімі дзецьмі і патроху прывыкла да новай краіны.

Наступным разам яна трапіла ў Беларусь у 19 гадоў і зразумела, што сваім домам ужо лічыць Канаду. «Думаю, рэч ва ўзроўні жыцця. Мабыць, самае галоўнае — гэта перспектывы. Я бачыла іх больш у Канадзе», — тлумачыць Вольга.

Вяртаючыся ў Беларусь, Вольга заўважала, што яе знаёмыя і сябры пачалі размаўляць па-беларуску і цікавіцца культурай. Сама дзяўчына ў той час не задумвалася пра сваю ідэнтычнасць.

«У мяне тата размаўляе па-беларуску. Гэта было ў сям'і ўвесь час. Тата ўзяў з сабой наш сцяг, калі мы прыехалі. Мае бацькі ўвесь час глядзелі навіны. Мы святкавалі беларускія святы, наш Вялікдзень. Бацькі ўвесь час спрабавалі нейкія traditions пакідаць».

У 2020 годзе беларусы Канады выходзілі на акцыі салідарнасці з пратэстоўцамі. Вольга пазнаёмілася з некаторымі і пачала займацца сацсеткамі і мерапрыемствамі беларускай суполкі.

«Спрабую сабраць нашых беларусаў тут, бо мы, як я заўважыла, раствараемся ў іншых суполках — людзі больш [адносяць сябе] да расійскага боку або да ўкраінцаў».

Зараз жанчына актыўна вывучае мову: слухае падкасты, музыку, чытае навіны і размаўляе па-беларуску. Пакуль, прызнаецца яна, даводзіцца карыстацца гугл-перакладчыкам для праверкі. Дзеці Вольгі называюць беларускую мову «Жыве Беларусь».

«Часта чулі гэта на [беларускіх] мерапрыемствах. У мяне ёсць пару беларускіх дзіцячых кніжачак.

Мы чытаем перыядычна, калі яны нешта не разумеюць, я перакладаю на англійскую. Не ведаю, ці будуць яны адчуваць сябе беларусамі, але бэкграўнд у іх будзе».

Сама жанчына лічыць сябе на 50% беларускай і яшчэ на 50% — канадкай.

«Я не адчуваю сябе аўтсайдарам. Мне вельмі зручна ў Канадзе жыць. Але калі ў мяне людзі пыталі, адкуль я, я заўсёды казала, што я з Беларусі і што не, мы не частка Расіі».

Беларусы ў Сібіры і незвычайная гаворка. Кацярына з Расіі

Кацярына (імя зменена) ад нараджэння жыве на Іркуччыне. Яе продкі апынуліся ў Сібіры яшчэ ў 30-я гады мінулага стагоддзя — згодна з сямейнай легендай, прыехалі па лепшую долю.

«Я — гэта чацвёртае пакаленне перасяленцаў. Дваццаць гадоў я назіраю за сваімі сваякамі, і яны ўжо гучней кажуць, што маюць беларускія карані».

Яна дадае, што «беларускасць» у сям’і захавалася толькі дзякуючы таму, што бабуля з дзядулем жылі ў вёсцы, а вёскі беларусаў-перасяленцаў у Сібіры мала адрозніваюцца ад вёсак у самой Беларусі.

Вольга і яе сястра разам былі ў бабулі з дзядулем на канікулах, слухалі іх аповеды і спявалі беларускія песні. Маці жанчыны — музыка па адукацыі — займалася беларускімі народнымі спевамі і адкрыла гурток у школе, куды хадзілі і Вольга з сястрой. Яны пасябравалі з суполкай беларусаў і зацікавіліся культурнай спадчынай.

«Я 20 гадоў займаюся беларускай культурай, беларускай грамадскай дзейнасцю. Я прыйшла з фальклору, з песні. Потым пачала вывучаць беларускія строі, бо былі патрэбныя касцюмы. У музеях заўсёды наведвала этнаграфічныя аддзелы, калі прыязджала ў Беларусь».

За гэты час жанчына вывучыла беларускую: не па кніжках, а ў размовах з іншымі беларусамі. Беларускія словы Вольга чула з дзяцінства, але не ведала, што яны не з рускай мовы — думала, што бабуля дзіўна размаўляе.

«Людзі заўважалі, што ў мяне ёсць нейкі акцэнт. Я размаўляла то па-руску, то па-беларуску».

Яна часта наведвае сяброў у Беларусі — апошні раз прыязджала ў студзені мінулага года. Жанчына адначае, што культурнае жыццё ў Беларусі заўсёды віравала: кожны дзень Вольга наведвала спектаклі, канцэрты, выставы і імпрэзы, але пасля 2020 года гэта змянілася.

Вольга актыўна сачыла за навінамі пасля жнівеньскіх пратэстаў, але зараз навіны не чытае — толькі калі штосьці гучыць з «кожнага праса».

«Я нават не паверыла, калі ў 2020 годзе людзі выйшлі. Можа, гэта павінна было адбыцца, каб беларусы пачалі адчуваць сябе беларусамі. Бывае, так разважаеш. Я сябе лічу беларускай, паўсюль кажу пра гэта».

Ілюстрацыя: Ніка Кузняцова / «Медыязона»

Польскі лялькавод з дыпломам і Tinder па-беларуску. Павел з Беластока

Акцёр і рэжысёр-лялькавод Павел Станкевіч нарадзіўся ў Беластоку, ягоныя бацькі таксама з Падляшша. Станкевіч кажа, што часта сутыкаецца з непаразуменнем, калі называе сябе беларусам, прычым пытанні ўзнікаюць і з беларускага, і з польскага бакоў.

«Беларусы з Беларусі мяне пытаюць, чаму я сябе так называю: «Ты ж у Польшчы жывеш, ты нарадзіўся тут, значыць, ты паляк». Я тады пытаюся: «А што, у Гародні палякаў няма?»

Падрыхтаваны адказ ёсць і для палякаў.

«Адзін з маіх братоў мае жарт, якім я карыстаюся, калі які-небудзь польскі нацыст у мяне жорстка так пытаецца, калі я прыехаў са сваёй Беларусі. Я тады кажу: «Выбачай, я, прынамсі, 400 гадоў таму, а ты?» — распавядае ён.

Летам 2020 года Павел прыехаў у Мінск. Ён шукаў дзяўчат у Tinder і «прымушаў размаўляць па-беларуску». Станкевіч кажа, што на той час добра разумеў беларускую мову, але актыўна ёй не карыстаўся.

«Мясцовыя беларусы маюць сваю беларушчыну ў такой велізарнай пашане, што калі ты не размаўляеш па-беларуску, то ты проста крыху «не наш». Ты быццам павінен умець сам па сабе, як мне здавалася.

Я шмат гадоў прасіў бацьку дапамагчы мне навучыцца мове. Кажу адзін сказ, у ім адразу [заўважаюць] дзесяць памылак. Я сказаў: «Выбачай, пайдзі ты лесам, я не змагу такім чынам нічому вывучыцца», — распавядае ён.

Большую частку сваёй летняй паездкі ў Беларусь Павел правеў у вёсцы Юравічы. Там ён упершыню цэлы вечар размаўляў па-беларуску, але мясцовыя зразумелі, што Станкевіч «не адсюль» і нават баяліся прадаваць яму яйкі з падворка, згадвае ён.

Павел паехаў з Беларусі перад выбарамі, бо скончылася віза. З дня выбараў Павел не мог адарвацца ад навін і разам з паплечнікамі думаў, як падтрымаць беларусаў. Яны хутка скончылі справы з фондам «Тутака», арганізавалі канцэрт салідарнасці з беларусамі і дагэтуль працуюць над развіццём беларускай культуры — і традыцыйнай, і сучаснай. Бурлівая дзейнасць дапамагла Паўлу вывучыць беларускую мову — размаўляць па-беларуску даводзілася штодзённа.

Станкевіч падкрэслівае, што мог бы займацца культурніцкай дзейнасцю і ў Варшаве, дзе жыў працяглы час, але беларуская культура лепш развіваецца на натуральным падмурку, на Падляшшы. На яго думку, там можна быць карысным не толькі для беларусаў з Беларусі, але і для беларусаў з Польшчы.

«Мне здаецца, што ў нас падобныя праблемы. Канечне, у Беларусі культуру знішчае перадусім вусаты. Але паняцце сораму за сваю нацыю, праблемы з мовай ёсць і там, і там. Тут людзі таксама сядзяць шчаслівыя, што ёсць чарка-скварка, і не разумеюць, што з такім падыходам праз пакаленне нас ужо не будзе. А калі нас тут не будзе і ў Беларусі не пашанцуе, то што тады?»

Чытайце таксама:

«Як мы тут загніваем у гэтай Еўропе». 71-гадовая беларуска, гераіня Дудзя, завяла свой канал у Ютубе

Сокалава-Воюша не пазнаць. Што стала са знаным бардам 1980-х?

«Адчайныя часы патрабуюць адчайных крокаў». Як беларуска з Бабруйска стала спявачкай у Іспаніі

Клас
16
Панылы сорам
2
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
2