Паўднёва-заходняя Грэнландыя была заселена скандынаўскімі імігрантамі прыкладна ў 985 годзе нашай эры, калі Эрык «Рыжы» быў высланы з Ісландыі за два забойствы і пераехаў на захад. Сям'я Эрыка і іншыя каланізатары стварылі Усходняе і Заходняе паселішчы, якія існавалі да знікнення вікінгаў у XIV стагоддзі (Заходняе паселішча) і ў сярэдзіне XV стагоддзя (Усходняе паселішча). Першыя запісы пра скандынаваў у Грэнландыі паходзяць як з «Кнігі ісландцаў», так і з «Сагі пра Эрыка Рыжага».

Ruins of the Hvalsey Church (XIII c. AD) Руіны царквы XIII ст. ў Хвалсі

Руіны царквы XIII стагоддзя ў Хвалсі ў ваколіцах Какартока. Фота: Wikimedia Commons

Жыццё ў паселішчах было неадʼемна звязана з зямлёй. Археалагічныя сведчанні аб знаходжанні вікінгаў у Грэнландыі ўключаюць руіны, а таксама косткі людзей і жывёл.

Апошняе пісьмовае сведчанне скандынаўскай прысутнасці ў Грэнландыі — гэта запіс аб вясельнай цырымоніі ў царкве Хвалсі ва Усходнім паселішчы ў пачатку XV стагоддзя, а радыевугляродныя даследаванні паказваюць на тое, што вікінгі заставаліся тут яшчэ паўстагоддзя.

Даследчыкі раней меркавалі, што пакінуць Грэнландыю вікінгаў прымусілі такія фактары, як змена клімату і эканамічная выгада. Вынікі новага даследавання, апублікаванага ў Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS) паказваюць, што ў гэтым ключавую ролю адыграла павышэнне ўзроўню мора.

Вядома, што паміж XIV і XIX стагоддзямі Еўропа і Паўночная Амерыка перажылі перыяд значнага паніжэння тэмпературы, які ўвайшоў у гісторыю пад назваю малы ледавіковы перыяд. У выніку ледзяное покрыва Грэнландыі значна ўзрасло. Дактарант Гарвардскага ўніверсітэта Марыса Борэджын (Marisa Borreggine) у 2021 годзе прэзентавала лічбавую мадэль працэсу распаўсюджвання абледзянення па Грэнландыі.

Па словах Борэджын, па меры прасоўвання ледзянога шчыта яго маса, якая ўвесь час узрастала, абцяжарвала субстрат пад ім. Гэта рабіла прыбярэжныя раёны больш схільнымі да падтаплення. У той жа час рост гравітацыйнага прыцягнення паміж ледзяным шчытом, які пашыраўся, і вялікімі масамі марскога лёду выштурхнуў больш марской вады на ўзбярэжжа Грэнландыі.

Гэтыя два працэсы маглі выклікаць шырокамаштабныя навадненні ўздоўж берагавой лініі — «менавіта там, дзе месціліся паселішчы вікінгаў», — адзначыла Борэджын.

Пасяленні вікінгаў у Грэнландыі

Усходняе паселішча Паўднёвай Грэнландыі. На ўрэзцы паказана ўся Грэнландыя (цёмна-шэрым колерам намалявана ледзяное покрыва сёння, светла-шэрым — суша, а белым — акіян). Восем чорных зорак паказваюць месцазнаходжанне пасяленняў вікінгаў, якія разглядаюцца ў артыкуле, а таксама Нанорталік, дзе былі сабраныя даныя адносна ўзроўню мора

Навукоўцы праверылі гіпотэзу, змадэляваўшы прыблізны рост лёду на паўднёвым захадзе Грэнландыі за 400-гадовы перыяд скандынаўскага знаходжання там. Яны дадалі ў мадэль свае разлікі павышэння ўзроўню мора за гэты час. Затым былі прааналізаваны карты вядомых месцаў пасялення вікінгаў, каб убачыць, як іх вывады супадаюць з археалагічнымі сведчаннямі, якія адзначаюць канец прысутнасці вікінгаў у Грэнландыі.

Іх мадэль паказала, што прыкладна з 1000 да 1400 года павышэнне ўзроўню мора вакол Грэнландыі прывяло да затаплення паселішчаў вікінгаў на 3,3 метра, закрануўшы каля 204 квадратных кіламетраў прыбярэжнай зямлі. Згодна з мадэлямі, гэта прывяло да таго, што пад вадой апынуліся землі, на якіх вікінгі займаліся земляробствам і выкарыстоўвалі як пашу.

Акрамя таго, аналіз чалавечых парэшткаў з царкоўных двароў і рэштак жывёл з наваколля пасяленняў паказвае, што пачынаючы з пачатку XII стагоддзя вікінгі спрабавалі адаптавацца да змянення ўзроўню мора і страты сушы. Так, яны паступова перавялі свой рацыён з наземнага (жывёльнага) на марскі (цюлені).

Даследчыкі таксама адзначаюць, што пагаршэнню ўмоў знаходжання вікінгаў у Грэнландыі і іх канчатковаму сыходу спрыяў шэраг фактараў, сярод якіх змена клімату і навакольнага асяроддзя, змена ландшафту, попыту і прапановы эксклюзіўных прадуктаў для замежнага рынку, узаемадзеянне з інуітамі на поўначы.

Вучоныя лічаць, што ў раёне скандынаўскіх пасяленняў Грэнландыі клімат малога ледавіковага перыяду мала адрозніваўся ад клімату сярэднявечнага цёплага перыяду (950—1250 гады нашай эры). Трэба памятаць і пра іншы фактар.

Вікінгі трапілі ў Грэнландыю ў перыяд высокага попыту на маржовыя косці ў Еўропе. Яны былі пастаўшчыкамі гэтага прадмета раскошы да спынення гандлю паміж іх паселішчамі і Еўропай у 1400-х гадах, калі косці маржоў паступова выцеснілі косці сланоў, якія прывозілі з Афрыкі і Азіі.

Таксама існуе шмат крыніц, якія сведчаць аб напружаных адносінах паміж скандынавамі і інуітамі.

Чытайце яшчэ:

Аналіз старажытнай ДНК выявіў, што вікінг — прафесія, а не этнас

Гісторык: Варагі загаспадарылі на Русі, бо заслугі ставілі вышэй за выслугу

Князь Ігар & Co.: Русь як гандлёвая карпарацыя, якая займалася аптовымі пастаўкамі рабоў

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?