Ixodes scopularis Ixodes persulcatus Ixodes ricinus

Тры гэтыя віды кляшчоў сустракаюцца ў нашым рэгіёне найчасцей

Як паказваюць прагнозы энтамолагаў, з-за кліматычнага пацяплення кляшчоў у нашых лясах будзе станавіцца толькі больш і актыўнічаць яны будуць ужо цягам трох сезонаў, а не толькі летам, як раней. І ратунку ад гэтага няма: яшчэ нідзе ў свеце не ўдалося абмежаваць папуляцыю кляшчоў хімічнымі сродкамі. 

Адзіныя на сёння спосабы абароны ад кляшчоў — гэта вакцынацыя ад энцэфаліту (якая, аднак, не ратуе ад клешчавага барэліёзу, ці хваробы Лайма), а таксама выкарыстанне хімічных рэпелентаў.

У Беларусі агулам зарэгістравана 12 відаў так званых іксодавых кляшчоў з амаль 900, што існуюць у свеце. Найбольшае эпідэміялагічнае значэнне маюць сабачы клешч (Ixodes ricinus), чарнаногі клешч (Ixodes scapularis), таежны клешч (Ixodes persulcatus).

Часцей за ўсё кляшчы трапляюць на ногі і рукі, спіну і плечы чалавека. Менавіта гэтыя вобласці трэба абараняць у першую чаргу.

У якасці аховы можа выступаць адзенне, калі яно зроблена з выкарыстаннем спецыялізаваных тканін з антыклешчавым інсектыцыдным прамочваннем накшталт тканіны ад амерыканскага вытворцы Insect Shield. Распрацаваныя яшчэ ў 1970-я гады, гэтыя тканіны і сёння выкарыстоўваюцца для патрэб арміі.

З цывільных вытворцаў антыклешчавае прамочванне выкарыстоўвае ў сваіх вырабах кампанія BUFF. У іх, напрыклад, маецца асобны від шапак з прамочваннем Insect Shield, такой жа, як у формы ваяроў НАТА. Гэта не нейкія высокія тэхналогіі — баваўняныя тканіны можна і самастойна прамачыць пірэтроіднымі інсектыцыдамі. Але трэба адзначыць, што інсектыцыдныя саставы, па-першае, валодаюць толькі кантактным дзеяннем, то-бок клешч павінен кантактаваць з прамочанай часткай адзення нейкі працяглы час, а па-другое, уся эфектыўнасць знікае пасля мыцця адзення альбо пасля таго, як яно трапляе пад дождж.

Самы распаўсюджаны і практычны метад  —  гэта выкарыстанне рэпелентаў, то-бок рэчываў, якія, калі выпарваюцца, утвараюць вакол чалавека абарончы перыметр з пахам, які не адчувае чалавек, але які вельмі непрыемны для насякомых (яны пазбягаюць гэтага паху). Для большай эфектыўнасці рэпеленты павінны быць даволі лятучымі, а з гэтым звязаныя іх абмежаванні. З часам праз выпарэнне канцэнтрацыя рэчыва зніжаецца, а значыць, зніжаецца і яго актыўнасць, прытым вызначыць гэта даволі складана, бо чалавек паху рэпелентаў не адчувае і можа незаўважна, забыўшыся, страціць свой ахоўны бар'ер.

Класічныя хімічныя рэпеленты супраць кляшчоў

На сённяшні дзень так званым «залатым стандартам адпужвання» з’яўляецца такое рэчыва, як дыэтылталуамід, або ДЭТА.

Менавіта з гэтым рэчывам ідзе параўнанне эфектыўнасці ўсіх новых рэпелентаў.

ДЭТА працуе на працягу некалькіх гадзін, патрабуе перыядычнага ўзнаўлення. Чым большая канцэнтрацыя рэчыва ў саставе нейкага рэпеленту, тым даўжэй сродак будзе абараняць.

Рэчыва гэта даволі рэдка дае пабочныя эфекты, але непажадана наносіць яго на пашкоджаную скуру, сінтэтычныя тканіны (ацэтат, віскоза), пластык.

Тут важна адзначыць, што калі ад камароў падыдзе сродак з амаль любой канцэнтрацыяй ДЭТА, то для адпужвання кляшчоў трэба арыентавацца на 20—50% ДЭТА. Калі канцэнтрацыя ніжэйшая за 20%  —  клешч не рэагуе. Калі большая за 50%  —  дадатковага эфекту няма, пераплачваем за паветра.

Неабходна адзначыць, што ў некаторых сродках ДЭТА можа ўтрымлівацца з сінергістамі — рэчывамі накшталт MGK-264 ці MGK-326, якія дазваляюць дасягнуць пры меншай канцэнтрацыі асноўнага рэчыва большай эфектыўнасці.

Іншыя, дазволеныя СААЗ для выкарыстання рэпеленты, — гэта этылбутылацэтыламінапрапіянат (IR3535) і пікарыдзін (KBR2030).

Першы лічыцца біяпестыцыдам (падобны да амінакіслаты аланіну) і яго эфектыўнасць моцна залежыць ад зыходнай канцэнтрацыі ў сродку. Напрыклад,

супраць чарнаногага кляшча сродак з 15% IR3535 мае такую ж эфектыўнасць, як і сродак з 30% ДЭТА, а сродак з 30% IR3535  —  эквівалентны сродку з 60% ДЭТА. Адметная рыса рэчыва ў тым, што яно менш лятучае, чым ДЭТА, і даўжэй захоўвае рэпелентную актыўнасць.

Менавіта IR3555 часта рэкамендуецца як антыклешчавы сродак для дзяцей.

Пікарыдзін (гандлёвыя маркі Bayrepel, Autan, Saltidin) адносна ДЭТА мае меншую эфектыўнасць, але пры гэтым абсалютна інертны ў адносінах да тканін ці пластыку. Для абароны ад кляшчоў падыходзяць толькі сродкі з канцэнтрацыяй пікарыдзіну каля 20—30%. 

DETA picaridin IR-3535 the best repellents

Тры эфектыўныя рэпеленты ад кляшчоў

Чаму раслінныя рэпеленты супраць кляшчоў не дапамогуць

Часцей за ўсе нейкія народныя сродкі, якія пазіцыянуюцца як рэпеленты, уяўляюць сабой эфірны алей раслін. Тут важна разумець, што ў лепшым выпадку, калі эфірны алей і будзе мець рэпелентную актыўнасць, то ён будзе працаваць толькі ў канцэнтрацыях, параўнальных з канцэнтрацыямі адзначаных раней хімічных сродкаў. Улічваючы, што канцэнтрат расліннага эфірнага алею можа ўтрымліваць мноства (дзясяткі) розных біялагічна актыўных кампанентаў — выкарыстанне такіх сродкаў можа ўяўляць небяспеку з-за імавернасці апёкаў і атручэнняў.

Таму часцей выкарыстоўваюць слабыя спіртавыя растворы эфірнага алею, якія не надта эфектыўныя. Напэўна, таму вытворцы «эфірнаалейных рэпелентаў» ніколі не пазначаюць канцэнтрацыю дзейснага рэчыва. 

Некаторы эфірны алей раслін адпужвае кляшчоў, але ў рэальнасці карыстацца ім практычна немагчыма

Некаторы эфірны алей раслін адпужвае кляшчоў, але ў рэальнасці карыстацца ім практычна немагчыма

Афіцыйны дазвол ад СААЗ на выкарыстанне ў якасці рэпеленту мае толькі эфірны алей лімоннага эўкаліпта. Экстракт алею гэтай расліны забяспечвае абарону ад насякомых, эквівалентную нізкай канцэнтрацыі ДЭТА.

Могуць адпужваць кляшчоў і некаторыя індывідуальныя рэчывы, ідэнтыфікаваныя ў саставе эўкаліптавага алею. Гэта, напрыклад, можа быць параментандыёл (PMD), хімічнае злучэнне 2-ундэканон, ён утрымліваецца, напрыклад, у садовых клубніцах ці дэкаратыўнай расліне хаўцюйнія сэрцападобная, ці злучэнне нуткатон, якое ўтрымліваецца ў эфірным алеі грэйпфрута ці кіпарыса нутканскага. 

Пакуль не мае пацвярджэння рэпелентнай актыўнасці для прымянення пры абароне эфірны алей, які працуе як біябар'ер (напрыклад, каб абараніць лецішча ад кляшчоў з лесу) і які выдзяляюць у паветра лімонная трава (цымбапагон) і ландыш.

Усе ж астатнія сродкі, у тым ліку так званыя «народныя» (накшталт лавандавага алею, чайнага дрэва, алею азадзірахты і інш.), супраць іксодавых кляшчоў абсалютна неэфектыўныя і нават наносяць шкоду за кошт таго, што даюць чалавеку памылковую надзею на бяспеку і абароненасць ад кляшчоў.

Што лепш купіць, каб засцерагчыся ад кляшчоў?

Знайсці дзейсны сродак не так проста, як можа падацца. Нават у вялікім горадзе можа спатрэбіцца шмат часу на тое, каб уважліва прааналізаваць тое, што прапаноўваецца ў аптэках ці крамах. У сваіх пошуках дзейснага антыклешчавага рэпеленту трэба кіравацца наступнымі правіламі.

  • Перавагу аддавайце толькі сродкам, у саставе якіх пазначана ўтрыманне ДЭТА, IR3535 ці пікарыдзіну. Абавязкова павінна быць пазначана канцэнтрацыя асноўнага дзейснага рэчыва, і яна павінна быць не меншая за 20, а лепш 50% ці каля таго для ДЭТА, большая за 30% — для пікарыдзіну, 15—30% — для IR3555. Перавагу эфірнаму алею мае сэнс надаваць толькі тады, калі ёсць сур'ёзныя супрацьпаказанні для прымянення хімічных сродкаў.
  • Калі на бутэлечцы няма апісання саставу ці не пазначана канцэнтрацыя —  пазбягайце такіх сродкаў увогуле. Як, дарэчы, і гэтак званых універсальных рэпелентаў супраць розных відаў насякомых.
  • Шмат хто замаўляе розныя рэчы праз інтэрнэт. Трэба адзначыць, што неабходна заўсёды параўноўваць лічбы канцэнтрацыі, пазначаныя на ёмістасці з рэпелентам, і тым, што ўказана на сайце. Часта вытворцы выдаюць жаданае за сапраўднае, а страціце ад гэтага вы. Таксама пры куплі сродку ў інтэрнэт-краме мае сэнс патэлефанаваць і папрасіць прачытаць састаў, бо нярэдка здараецца, што малюнкі на сайце пераблытаныя.
  • Не трэба звяртаць увагу на розныя «ўзмоцненыя» сродкі, дзе вытворца невялікую канцэнтрацыю дзейснага рэчыва спрабуе кампенсаваць дадаткам інсектыцыдаў. Сэнсу ў гэтым асаблівага няма, бо аэразольнае нанясенне інсектыцыду не раўназначна прамочванню тканіны. Вельмі часта вытворца такім чынам эканоміць, калі дабаўляе замест ДЭТА больш танны інсектыцыд. 
  • Пік актыўнасці рэпелентаў знаходзіцца ў вузкім дыяпазоне і да таго ж залежнасць «канцэнтрацыя—эфект» нелінейная. Гэта значыць, што ўсе сродкі з канцэнтрацыяй, якая выходзіць за межы адзначаных дыяпазонаў, не падыходзяць. Этыкетка «100% ДЭТА» — гэта не больш чым маркетынгавы ход, такіх сродкаў трэба пазбягаць.
  • Рэпелент, у адрозненне ад адзення з інсектыцыдным прамочваннем, расходуецца сам па сабе за кошт выпарэння. У сярэднім, у залежнасці ад канцэнтрацыі дзейснага рэчыва, адной апрацоўкі можа хапаць на 2—3 гадзіны. У далейшым, прытым незаўважна для самога чалавека, камароў нанесены сродак яшчэ будзе адпуджваць, а кляшчоў — ужо не. Таму патрэбна кантраляваць час знаходжання на прыродзе і перыядычна ўзнаўляць рэпелентную абарону.

У якасці дапаможніка пры выбары дзейснага рэпеленту можна выкарыстаць інфармацыю з артыкула, дзе падрабязна прааналізаваны сродкі, прапанаваныя ў продажы, дасяжныя на тэрыторыі Беларусі і памежных краін.

Заўвага пра рэпеленты для дзяцей

Асобна трэба сказаць колькі слоў пра рэпеленты для дзяцей. У большасці выпадкаў «дзіцячы рэпелент» — гэта рэпелент, у якога вельмі сур'ёзна зніжана колькасць дзейснага рэчыва. З аднаго боку, лічыцца, што нізкая канцэнтрацыя знізіць цяжар працякання алергічнай рэакцыі (калі такая ўзнікне). З іншага ж боку, асноўная мэта прымянення рэпеленту — абараніць чалавека ад насякомых, а не праверыць алергічную рэакцыю. Таму

пошук менавіта «дзіцячых» рэпелентаў не мае сэнсу. З пералікам на канцэнтрацыю дзейсных рэчываў такія сродкі забяспечваюць усяго 10—15 хвілін бяспекі, потым іх патрэбна наносіць зноў.

Таксама трэба адзначыць, што розныя сурагатныя рэпеленты (у тым ліку з сумесямі эфірнага алею) з незразумелым саставам намнога менш, чым ДЭТА, вывучаны з пункту гледжання таксічнай і алергічнай бяспекі. Таму атрымаць ад іх мацнейшую алергічную рэакцыю ці апёк намнога прасцей, чым ад старога праверанага дзесяцігоддзямі сродку.

Да таго ж, напрыклад, Амерыканская акадэмія педыятрыі ў сваіх справаздачах адзначала, што «рэпеленты, якія ўтрымліваюць 10% ДЭТА, могуць лічыцца такімі ж бяспечнымі для дзяцей, як і рэпеленты, якія ўтрымліваюць 30% ДЭТА». Большасць даследчыкаў лічыць, что любыя хімічныя рэпеленты мае сэнс выкарыстоўваць для дзяцей узростам ад двух гадоў. Дзяцей меншага ўзросту і немаўлят патрэбна бараніць ад насякомых з дапамогай антымаскітных сетак. 

Калі вы вырашылі бараніць дзяцей ад кляшчоў з дапамогай сродкаў для дарослых, то варта прытрымлівацца наступных парад:

  • Не наносіць сродак на рукі малых дзяцей (дзеці лазяць рукамі ў рот), вакол вачэй і вушэй (можна нанесці няшмат).
  • Не дазваляйце ўдыхаць, глытаць рэпелент, распыляйце так, каб сродак не трапляў у вочы. Каб нанесці рэпелент на твар дзіцяці, спачатку нанясіце яго на сваю далонь, а потым ужо паспрабуйце расцерці па твары дзіцяці.
  • Нельга наносіць рэпелент на раны і пашкоджаную скуру (у тым ліку на сонечныя апёкі, раздражнёныя і расчэсаныя месцы на скуры, месцы ўкусаў насякомых).
  • Выкарыстоўвайце рэпелент толькі на адкрытым паветры і мыйце скуру вадой з мылам пасля ўваходу ў памяшканне.
  • Не прымяняйце рэпеленту адначасова з сонцаахоўным крэмам. Лепш за ўсё спачатку нанесці крэм, пачакаць 20—30 хвілін і толькі тады наносіць сродак супраць кляшчоў. Лічыцца, напрыклад, што ДЭТА прыкладна на 30% змяншае ахоўнае дзеянне сонцаахоўнага крэму.
Клас
63
Панылы сорам
12
Ха-ха
10
Ого
16
Сумна
36
Абуральна
82

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?