Выява: скрыншот hotchat3000.com

Выява: скрыншот hotchat3000.com

MSCHF (вымаўляецца як «mischief» — «свавольства») — амерыканскі мастацкі калектыў, які базуецца ў Брукліне, Нью-Ёрк. Каманда стварыла шырокі спектр самых разнастайных твораў мастацтва, пачынаючы ад плагінаў для браўзераў і фатаграфій ног, створаных ШІ, і заканчваючы фізічнымі прадуктамі кшталту красовак ці недарэчных вялізных чырвоных ботаў.

Раней у гэтым годзе мастацкі калектыў запусціў гульню-сімулятар знаёмстваў Tax Heaven 3000, якая адначасова мела спрыяць вашай падатковай адукацыі, быццам дапамагаючы падрыхтаваць вашы падаткі на прыбытак (па амерыканскім заканадаўстве).

Цяпер MSCHF вярнуўся з праектам пад назвай Hot Chat 3000.

Сайт ​​hotchat3000.com уяўляе сабой фактычна анлайн-чат у фармаце «адзін на адзін», дзе тое, з кім вы размаўляеце, залежыць ад таго, наколькі вы прывабна выглядаеце па шкале ад 1 да 10. Рэйтынг, само сабой, вызначаецца штучным інтэлектам.

У гумарыстычным рэкламным роліку да праекта рэпарцёр кажа: «Стварэнне MSCHF выклікае ў людзей моцны ажыятаж. Hot Chat 3000 выкарыстоўвае ўдасканалены штучны інтэлект для ацэнкі «крутасці» чалавека і супастаўлення яго з кім-небудзь такім жа «крутым» ці не».

Пры пераходзе на так званы ​​сайт знаёмстваў карыстальнікам прапануецца альбо зрабіць фота, альбо загрузіць яго са свайго архіва. Праграма ацэньвае вашу прывабнасць па шкале ад 1 да 10 на падставе фатаграфіі — і вам дазваляецца размаўляць толькі з тымі карыстальнікамі, якія знаходзяцца ў «дыяпазоне вашай прывабнасці» (напрыклад, 5,0—5,9).

Вялікая мадэль машыннага навучання, якая выкарыстоўвалася для сайта, была навучана OpenAI на наборы даных з 400 мільёнаў пар фармату «выява-тэкст», сцвярджае Hypebeast. Мадэль па факце выстаўляе ацэнкі выявам у адпаведнасці са «сваім» разуменнем канцэпцый прыгажосці, закладзеным MSCHF.

Іншымі словамі, вынікі, якія паказваюць сучасныя вялікія моўныя мадэлі, з'яўляюцца адлюстраваннем даных, на якіх гэтыя мадэлі навучаліся. А Hot Chat 3000 па сваім жа ўласным сцвярджэнні наўмысна імкнецца выкрыць, візуалізаваць і пагоршыць гэтую непазбежную прадузятасць.

І ў канцы адзін займальны факт. Рыхтуючы гэты артыкул, мы пратэставалі новы сайт знаёмстваў на фотаздымку Кастуся Каліноўскага. Каліноўскага нейрасетка ацаніла ў 9,8 бала з 10. Выбітны беларус аказаўся настолькі прыгожы, што нейрасетцы склала праблему знайсці яму пару для гутаркі.

Чытайце таксама:

Чаму не зайшоў ананімны тындар для беларусаў?

Штучны інтэлект здольны падабраць вам ідэальнага партнёра. Сумна? Затое надзейна

«Не лайкаю мужчын з голым торсам». Беларускі расказалі, па якіх крытэрыях выбіраюць хлопцаў у Tinder 

Клас
28
Панылы сорам
6
Ха-ха
24
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?