Angelika Nußberge Ангеліка Нусбергер

Прафесарка Ангеліка Нусбергер. Стоп-кадр з відэа

Яе выступленне «Умацаванне правоў чалавека ў неспакойныя часы» адкрывае цыкл лекцый пад загалоўкам «Пункт гледжання. Слова экспертам з Германіі», якія распачало Пасольства Германіі ў Беларусі на сваім ютуб-канале.

Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр патлумачыў:

«Мы хочам даць беларусам, як унутры краіны, так і за яе межамі магчымасць падтрымліваць кантакт з Германіяй, нямецкай культурай і нямецкімі экспертамі па тэмах, якія датычацца Беларусі. Пасля вымушанага спынення працы ў Беларусі Інстытута імя Гётэ і Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) мы адкрываем новыя лічбавыя магчымасці».

Пераказваем найбольш цікаваыя і важныя моманты лекцыі.

На пачатку лекцыі Ангеліка Нусбергер заўважае, што няглядзячы на тое, што палітыкі ў сучасным свеце мала ў чым згодныя, ёсць адно пытанне, адносна якога існуе кансэнсус — мір перажывае маштабны і глыбокі крызіс. Асабліва жахліва, што пачаўся ваенны канфлікт, у якім з бязлітаснай жорсткасцю адна дзяржава спрабуе насуперак усім нормам міжнароднага права анексаваць тэрыторыі другой дзяржавы і адмаўляе права другой дзяржавы на існаванне.

Як у такой сітуацыі выглядаюць справы з правамі чалавека ў Еўропе і ва ўсім свеце? Ці актуальныя яны да сённяшняй пары? Ці існуе яшчэ адзінства ў разуменні іх зместу? Ці зможа сістэма абароны правоў чалавека і міжнароднае права выйсці з крызісу і адужэць? Ці трэба баяцца, што ў будучыні яны страцяць сваё значэнне і гэтае дасягненне цывілізацыі будзе проста лічыцца прыкметай мінулага?

Гісторыя ўзнікнення сістэмы правоў чалавека

Прафесарка адзначае, што распрацоўка стандартызацыі правоў чалавека і міжнародных дамоў, якія іх замацоўвалі як агульнапрызнаныя, ёсць адносна маладым феноменам. Тое, што правы чалавека павінны ўжывацца ва ўсім і заўсёды, было выказана ў эпоху Асветы. Яны былі абвешчаны ў французскай Дэкларацыі правоў чалавека. Аднак неабходнасць іх юрыдычнай стандартызацыі стала відавочнай толькі падчас Другой сусветнай вайны. Так у 1948 годзе нарадзілася Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека.

Усход і Захад былі адзіныя пры складанні тэксту Дэкларацыі. У распрацоўцы ўдзельнічалі і сацыялістычныя дзяржавы, хаця старшынёй камісіі была амерыканка Элеанора Рузвельт.

Прафесарка звяртае ўвагу на тое, што сацыялістычныя дзяржавы Усходняй Еўропы, асабліва Савецкі Саюз, устрымаліся пры канчатковым галасаванні. У любым выпадку, яны не прагаласавалі супраць. Так што сёння для дзяржаў Заходняй і Усходняй Еўропы існуе агульны арыенцір у пытаннях абароны правоў чалавека.

Аднак праўдзіва і тое, што Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека не ёсць дамовай. З гадамі яе змест перайшоў у катэгорыю міжнароднага звычайнага права.

Тым не менш, заўважае Ангеліка Нусбергер, у Дэкларацыі ёсць два слабыя месцы.

Першае. Не існуе суда ці камітэта, які б сачыў за выкананнем правоў, замацаваных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Другое. Палажэнні Дэкларацыі носяць вельмі агульны характар. Гэта дазваляе іх тлумачыць і ўжываць вельмі па-рознаму.

Для дасягнення кампрамісу і згоды ўсіх дзяржаў, якія прымалі ўдзел у стварэнні Дэкларацыі, шмат якія спрэчныя пытанні былі пакінутыя адкрытымі. Напрыклад, права на жыццё замацавана, але не зразумела, ці супярэчыць гэтаму праву смяротнае пакаранне. Ці сумяшчальнае яно з ім.

Іншы прыклад. Існуе права на прытулак (артыкул 19 «Кожны чалавек мае права шукаць прытулак ад пераследу ў іншых краінах і карыстацца гэтым прытулкам»). Аднак размова ідзе толькі аб праве шукаць і карыстацца прытулкам, але не аб праве на даванне прытулку. Такі абавязак не вынікае з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Таму, лічыць прафесарка, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека была толькі першым крокам у пабудове міжнароднай сістэмы абароны правоў чалавека. Каб зрабіць сістэму эфектыўнай, трэба было зрабіць яшчэ шмат крокаў.

У другой палове XX стагоддзя адзін за другім распрацоўваліся новыя дагаворы з мэтай дэталёвага вызначэння, якія правы ўваходзяць у міжнародныя мінімальныя стандарты, што абавязковыя для выканання ўсімі дзяржавамі, і як яны павінны трактавацца ў дэталях.

Толькі ў 1960-х гадах змаглі дасягнуць згоды па тэкстах двух дамоваў па правах чалавека — Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Спатрэбілася яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, каб гэтыя дамовы набылі моц. Яны былі падмуркам і звязвалі ўсе дзяржавы Заходняй і Усходняй Еўропы. У далейшым правы чалавека былі дадаткова дыферэнцыраваныя ў вялікай колькасці спецыялізаваных дамоў.

Прафесарка звяртае ўвагу, што Еўропа стала лідарам у стандартызацыі правоў чалавека, прыняўшы Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека (1953 год). Яна была непрымальная для камуністычных дзяржаў Усходняй Еўропы.

Ангеліка Нусбергер адзначае, што па сваім змесце нормы Еўрапейскай канвенцыі былі аналагічныя гарантыям універсальнага ўзроўню. Але вырашальным фактарам стала тое, што была створана сістэма маніторынгу. За выкананнем правоў чалавека ў той час сачылі два інстытуты: Еўрапейская камісія па правах чалавека і Еўрапейскі суд па правах чалавека.

Да іх могуць, і гэта вырашальны момант, звяртацца таксама асобныя грамадзяне, якія скардзяцца на парушэнне іх правоў. Дзякуючы гэтым пазовам канкрэтызаваліся прававыя нормы, пацвярджалася іх прымяненне ў асобных выпадках і запускаліся ўнутрыдзяржаўныя прававыя рэформы. Адначасова ішло далейшае развіццё сістэмы правоў, ліквідаваліся асобныя прабелы.

Прафесарка заўважае, што ўсё гэта прывяло не да адзінства, а да падзелу Еўропы.

Ні адна дзяржава Усходняй Еўропы не ўдзельнічала ў развіцці сістэмы абароны правоў чалавека. Аднак у сацыялістычных дзяржавах незадаволенасць адсутнасцю свабоды была вельмі распаўсюджанай. Сведчаннем гэтага сталі паўстанні, якія падаўляліся крывавымі ваеннымі метадамі (ГДР 1953 года, Венгрыя 1956 года, Чэхаславакія 1968 года, польскі рух «Салідарнасць» пачатку 1980-х гадоў).

Ангеліка Нусбергер згадвае пра карэнны грамадскі пералом, што адбыўся ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў, калі ва ўсіх без выключэння сацыялістычных дзяржавах Усходняй Еўропы адбылася змена сістэмы. Правы чалавека і палітычныя свабоды адыгрывалі пры гэтым вельмі важную ролю. З улікам гэтага не дзіўна, што ўсе былыя сацыялістычныя дзяржавы пасля далучыліся да Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека.

Прафесарка звяртае ўвагу, што адзіным выключэннем стала Беларусь. Там змена сістэмы была вельмі хутка вернутая назад. Канстытуцыйная рэформа 1996 года анулявала ўсе дасягненні. У выніку старая сістэма працягвала існаваць пад новай шыльдай.

Ангеліка Нусбергер адзначае, што грамадскі пералом 1980-1990-х гадоў разглядаўся як трыумф правоў чалавека і вяршэнства закону (за выключэннем развіцця падзей у Беларусі). Тым не менш, праз тры дзесяцігоддзі пасля вялікіх перамен, сімвалам якіх стала падзенне Берлінскай сцяны і якія Фрэнсіс Фукіяма назваў «канцом гісторыі», узнікае пытанне, ці правільным зʼяўляецца меркаванне, што правы чалавека сталі паўсюль пераважаць. Калі б гэта паўсюль было так, правы чалавека не перажывалі б цяпер крызіс.

Чаму правы чалавека пад пагрозай

Доктар права Ангеліка Нусбергер адзначае, што скепсіс адносна практыкі ўжывання правоў чалавека ва ўсім свеце сёння асабліва распаўсюджаны ў некаторых краінах, якія з захапленнем далучыліся да іх сістэмы. У іншых краінах скептычнае стаўленне выражана латэнтна, не так істотна.

Прафесарка адзначае, што кардынальная змена курсу адбылася ў Расіі. Пасля пачатку агрэсіўнай вайны супраць Украіны Расія была выключана з Савета Еўропы.

Аднак працэс аддалення краіны ад еўрапейскай сістэмы абароны правоў чалавека ўсё больш праяўляўся ў папярэднія гады. Шэраг рашэнняў Еўрапейскага суда, асабліва тых, што лічыліся асабліва рэлевантнымі з палітычнага пункту гледжання, не былі прыведзены да выканання.

Для блакавання выканання рашэнняў быў створаны спецыялізаваны юрыдычны механізм. Канстытуцыйны суд Расійскай Федэрацыі атрымаў паўнамоцтвы прымаць канчатковае рашэнне аб адпаведнасці рашэнняў Еўрапейскага суда па правах чалавека Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі.

Такім чынам, Расія парушыла прынцыпы міжнароднага права, бо насуперак Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дамоў (1969 год — Рэд.) устанавіла прыярытэт заканадаўства сваёй дзяржавы над міжнародным.

Праблема была ў тым, што іншыя краіны-чальцы Савета Еўропы не адрэагавалі на гэтыя дзеянні з дыпламатычных меркаванняў. Захоўвалася надзея, што агульная аснова і перавагі сумеснай працы з Расіяй перажывуць супярэчнасці і раскол. Сёння, кажа прафесарка, у рэтраспектыве становіцца відавочным, што такая ацэнка была памылковай.

Ангеліка Нусбергер адзначае, што не адна Расія адвярнулася ад еўрапейскай сістэмы абароны правоў чалавека. Гэта датычыць і іншых краін. Да іх неабходна аднесці Азербайджан і Турцыю, а таксама Польшчу і Венгрыю.

На погляд прафесаркі, сітуацыі ў гэтых краінах розняцца. Але ёсць некалькі агульных момантаў. Ва ўсіх гэтых дзяржавах ва ўладзе знаходзяцца ўрады, якія ўсімі сіламі імкнуцца супрацьстаяць іх змене, прымаюць законы, што змяняюць выбарчае права, абмяжоўваць правы апазіцыі, свабоду прэсы і манапалізуюць права на яе. Каб падобныя законы не былі прызнаны неканстытуцыйнымі, неабходна пазбавіць паўнамоцтваў Канстытуцыйны суд. Што адбылося ў Польшчы і Венгрыі.

Аднак, заўважае прафесарка, крытыка залішне шырокіх паўнамоцтваў міжнародных суддзяў, якія займаюцца пытаннямі правоў чалавека, чуваць і ў краінах з вельмі ўстойлівымі дэмакратычнымі структурамі. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ці Швецыі.

Абедзве гэтыя краіны маюць сістэмы, якія фарміраваліся стагоддзямі і вельмі адрозніваюцца ад сістэм іншых краін. У Швецыі перадусім за кошт вялікага значэння прамой дэмакратыі і рэферэндумаў. А ў Вялікабрытаніі ідэі парламенцкага суверэнітэту і абсалютнага дамінавання парламента.

Ангеліка Нусбергер адзначае яшчэ большы фактар, які павышае расчараванасць у сістэме правоў чалавека, — магчымасці ўплыву міжнароднага права. Забарона агрэсіўнай вайны ёсць асноватворным прынцыпам міжнароднага права. Пасля абуральнага парушэння гэтага асноўнага прынцыпу ўзнікае пытанне аб эфектыўнасці сістэмы міжнароднага права. Так, супраць Расіі была ўведзена вялікая колькасць санкцый. Краіна таксама ў значнай ступені апынулася ў міжнароднай ізаляцыі.

Тым не менш на сённяшні момант прававыя сродкі не дазволілі ні перадухіліць ваенны напад, ні пакласці яму канец.

Такім чынам, скептычнае стаўленне да эфектыўнасці міжнароднага права распаўсюджваецца і на міжнародную сістэму абароны правоў чалавека.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне пра будучыню сістэмы міжнароднай абароны правоў чалавека

Прафесарка адзначае, што, няглядзячы на праблемы, з Савета Еўропы выключана толькі Расійская Федэрацыя. А Еўрапейская канвенцыя па правах чалавека страціла сваё дзеянне ў дачыненні да будучых парушэнняў правоў чалавека толькі ў гэтай краіне. Краху ўсёй сістэмы ўдалося пазбегнуць.

Аднак пытанне ў тым, што можна зрабіць, каб не толькі захаваць міжнародную сістэму абароны правоў чалавека, але і працягнуць яе ўмацоўваць?

Прафесарка лічыць, што Расія спрабуе ўбіць клін паміж Усходам і Захадам менавіта ў пытаннях абароны правоў чалавека. Таму асноўнай задачай зʼяўляецца супрацьстаяць усім тэндэнцыям расколу па пытаннях правоў чалавека.

Зразумела, у шмат якіх сферах існуюць розныя інтэрпрэтацыі правоў чалавека. Тым не менш неабходна настойліва выступаць за захаванне ўзроўню цывілізацыі, дасягнутага ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і прызнанне ўніверсальных мінімальных стандартаў.

Гэтыя стандарты асабліва важныя для краін, кіраўніцтва якіх прыцясняе сваё насельніцтва і пры гэтым сцвярджае, што яно высока цэніць іншыя правы чалавека, ці што правы чалавека, якія дзейнічаюць у міжнароднай супольнасці, не зʼяўляюцца правільнымі.

У рэшце рэшт, сцвярджае прафесарка, нядаўнія падзеі з расколам паміж Расіяй і Беларуссю з аднаго боку і астатнімі краінамі Еўропы з другога, пацвярджаюць, што ўрокі, вынесеныя чалавецтвам з узнікнення дыктатарскіх сістэм 1930-х гадоў, якія абумовілі Другую сусветную вайну, былі абсалютна правільныя. Мір і абарона правоў чалавека цесна звязаныя паміж сабою.

У канцы сваёй лекцыі Ангеліка Нусбергер выказала думку, што моцная грамадзянская супольнасць не дазваляе ўцягнуць сябе ў несправядлівую вайну. Ёсць надзея, што пасля заканчэння сённяшняй вайны значэнне міжнароднай абароны правоў чалавека атрымае новае маштабнае пацвярджэнне.

Правы чалавека па-ранейшаму маюць патэнцыял да змены свету да лепшага.

Глядзіце цалкам:

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?