Ёзэф Шутц закрывае твар падчас суда. Кадр з відэа Еўраньюс

Ёзэф Шутц закрывае твар падчас суда. Кадр з відэа Еўраньюс

Сам Шутц да канца адмаўляў, што быў эсэсаўцам і ахоўнікам лагера.

Тым не менш, у мінулым чэрвені суд прысудзіў яго да пяці гадоў турмы, палічыўшы даказаным, што ён у 1942-1945 гадах служыў ахоўнікам лагера Заксенхаўзен пад Берлінам і дапамагаў у забойстве трох з паловай тысяч чалавек.

Шутц падаў апеляцыю ў Федэральны суд Германіі.

У гады Другой сусветнай вайны нацысты адправілі ў Заксенхаўзен больш за 200 тысяч чалавек — палітычных зняволеных, савецкіх ваеннапалонных, габрэяў, цыган.

Дзясяткі тысяч з іх загінулі. Хтосьці памёр ад голаду і непасільнай працы, кагосьці забілі падчас медыцынскіх эксперыментаў, кагосьці ў газавых камерах або проста застрэлілі.

Імя і дата нараджэння Шутца былі знойдзеныя ў дакументах СС, але ён усё роўна сцвярджаў, што не быў эсэсаўцам і не служыў у ахове лагера, а працаваў падчас вайны на ферме.

«Я не ведаю, чаму я сяджу тут, на лаве падсудных. Я не меў да ўсяго гэтага ніякага дачынення», — заявіў Шутц у судзе.

Суд, аднак, прыйшоў да высновы, што Шутц усё ж служыў у канцлагеры і свядома і добраахвотна ўдзельнічаў у масавым знішчэнні людзей.

Германія актывізавала пошук нацысцкіх злачынцаў пасля гучнай справы Івана (Джона) Дзем'янюка, які быў экстрадаваны ў Германію з ЗША і ў 2011 годзе асуджаны на пяць гадоў турмы як былы ахоўнік канцлагераў Сабібор і Флосенбюрг і саўдзельнік масавага забойства зняволеных.

Дзем'янюк, якому на момант прысуду быў 91 год, таксама не трапіў у турму, бо таксама падаў апеляцыю і памёр у доме састарэлых да таго, як па ёй было прынятае рашэнне, у 2012 годзе.

Праз чатыры гады пасля суда над Дзем'янюком да чатырох гадоў турмы быў асуджаны «бухгалтар Аўшвіца» Оскар Грэнінг. Ён таксама дзякуючы апеляцыі так і не адправіўся за краты да самай смерці ў 2018 годзе.

У снежні да двух гадоў турмы з адтэрміноўкай была асуджаная першая за дзясяткі гадоў жанчына, абвінавачаная ў саўдзеле ў нацысцкіх злачынствах, 97-гадовая Ірмгард Фурхнер, якая служыла сакратаркай каменданта канцлагера Штуттхоф пад Данцыгам (цяпер польскі Гданьск).

Клас
7
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
6