какаін

Пакункі з какаінам, канфіскаваныя ў эстонскім порце Мууга. Фота: Дзяржаўная пракуратура Эстоніі

Вайна і адмова большасці ўкраінскіх мафіёзі далей супрацоўнічаць з расійскімі «калегамі» зрабілі немагчымым выкарыстанне звычайных кантрабандных маршрутаў, якія пралягалі праз Украіну. Гэта вымусіла шукаць іншыя шляхі, што адбілася на цэнах і прыбытку злачынных сіндыкатаў.

Пра гэта піша The Economist, спасылаючыся на аналітычны цэнтр Глабальнай ініцыятывы супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці (GITOS).

Да вайны GITOS ставіла Украіну на 34-е месца сярод 193 краін па індэксе злачыннасці і на 3-е месца ў Еўропе. Краіна мела вельмі дрэнныя ацэнкі ўзроўню карумпаванасці.

У 2019 годзе Уладзіміра Зяленскага абралі прэзідэнтам на антыкарупцыйнай платформе, і яго адміністрацыя сапраўды ўзмацніла барацьбу з арганізаванай злачыннасцю, але Украіна заставалася звязанай з сусветнымі крымінальнымі рынкамі. Кантрабандная «супермагістраль» злучала яе праз усходнія акупаваныя ў 2014 годзе тэрыторыі з Расіяй.

Працягвалі квітнець хабы кантрабанды ў Адэсе, Мікалаеве ды іншых чарнаморскіх партах. У краіне па-ранейшаму працавалі заводы па вытворчасці забароненых тавараў на экспарт.

Такая інфраструктура, адзначаюць аналітыкі, падтрымлівала розныя бізнэс-мадэлі. Праз Украіну праходзіў транзітны маршрут гераіну з Афганістана. Праз парты Чорнага мора ішоў какаін з Лацінскай Амерыкі, зброя ў Азію і Афрыку.

У 2020 годзе Украіна абагнала Кітай і стала найбуйнейшай у Еўропе крыніцай нелегальнага тытуню. Спецыялісты адзначаюць, што ў краіне расла вытворчасць амфетамінаў. У 2020 годзе было ліквідавана 67 нелегальных лабараторый.

Усё змяніла вайна, стварыўшы «асяроддзе непрымальнай рызыкі для міжнароднага незаконнага гандлю», гаворыцца ў новай справаздачы ўрада ЗША. Спынілася альбо моцна абмежаванае суднаходства ў чарнаморскіх партах. На мяжы Украіны з Расіяй і Беларуссю праляглі акопы і мінныя палі.

Крымінальны свет быў пазбаўлены крыніц працоўнай сілы ў выніку прызыву ва Украіне, а ваеннае становішча спыніла шырокі спектр злачыннай дзейнасці. Перасоўванні ноччу былі ўскладненыя каменданцкай гадзінай. Украінскія «мафіёзі» сталі цурацца сваіх расійскіх «калег».

Эфекты ад гэтага сталі адчувацца ва ўсім свеце, бо змяніліся шляхі кантрабанды. Аналітыкі спасылаюцца на турэцкіх мытнікаў, якія адзначаюць рост патоку гераіну і метамфетаміну праз мяжу з Іранам.

Яны таксама прыводзяць даныя літоўскіх памежнікаў, якія ў першым квартале 2022 года адзначылі чатырохразовы рост кантрабанды тытунёвых вырабаў у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года. У эстонскім порце Мууга ў мінулым годзе было канфіскавана 3,5 тоны лацінаамерыканскага какаіну на суму каля паўмільярда еўра.

На думку аналітыка, вайна адкрыла новыя кароткатэрміновыя магчымасці для бандытаў ва Украіне. Адна з іх — кантрабанда людзей. Паводле ацэнак ААН, каля 100 тысяч чалавек з 5 мільёнаў украінскіх бежанцаў, якія знаходзяцца пад «часовай абаронай» у Еўропе, могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі. Акрамя гэтага, існуе рынак нелегальнага вывазу людзей прызыўнога ўзросту з Украіны.

Спецыялісты адзначаюць, што доўгатэрміновы ўплыў вайны акажа згубны ўплыў на злачыннасць у Расіі. Дзяржава ўзмацніла сувязі з арганізаванай злачыннасцю, якія існавалі да гэтага, але рэдка выкарыстоўваліся. Злачынцаў масава вярбуюць у армію і ПВК «Вагнер». Праз арганізаваныя злачынныя групоўкі Расія спрабуе здабываць электроніку, пастаўкі якой забароненыя санкцыямі.

Доўгатэрміновая перспектыва складаная. Галоўная небяспека — на рынку можа з'явіцца вялізная колькасць нелегальнай зброі, як і пасля кожнай вайны. Але на гэты момант, цытуюць аўтары артыкула прадстаўніка Інтэрпала, гэтага не назіраецца.

Іншая небяспека звязаная з вытворчасцю наркотыкаў. У артыкуле адзначаецца, што ўрад ЗША нядаўна паведаміў пра рост больш разгалінаваных сетак меншых наркалабараторый ва Украіне, якія выкарыстоўваюць інтэрнэт для продажу і паштовую сістэму для дастаўкі.

Але галоўнае, што адзначаюць аўтары артыкула: разрыў фізічных і сацыяльных сувязяў паміж украінскай і расійскай злачыннымі сеткамі дае Украіне вялікі шанс на дэалігархізацыю і вывад «шэрай эканомікі» ў легальную плоскасць.

Чытайце яшчэ:

Амерыканскі гангстар у Нясвіжы: карупцыя, падробка дакументаў і прастытуцыя

Польскія памежнікі разграмілі найбуйнейшую ў гісторыі групу, якая займалася кантрабандай цыгарэт

У ЕС плануюць палегчыць канфіскацыю маёмасці, здабытай злачынным шляхам. Гэта кране расіян і беларусаў

label.reaction.like
70
label.reaction.facepalm
8
label.reaction.smile
10
label.reaction.omg
24
label.reaction.sad
9
label.reaction.anger
24