Глядзеў фотарэпартаж з акцыі беларусаў у сувязі з літоўскімі заканадаўчымі гульнямі і вока зачапілася за плакат «Беларусь і Літва — 700 год разам».

Не першы раз бачу гэтую лічбу: у мінулым годзе Уладзімір Цэслер рабіў плакат з падобным мэсэджам (ён на выяве).

У мяне да гэтай лічбы вялікія пытанні. Па-першае, калі я правільна разумею логіку аўтара ідэі, усё ж не 700, а 800. 800 год таму было ўтворанае ВКЛ, якое вельмі спрошчана можна называць саюзам літоўцаў і беларусаў.

Але ладна з гэтай памылкай. Самая вялікая праблема якраз са спрашчэннем. Чаму пачатак гэтага «разам» адносяць менавіта да стварэння ВКЛ?

Тут вельмі важны момант. ВКЛ не дала пачатак нейкаму саюзу. Хутчэй, наадварот:

ВКЛ утварылася, бо на нашай зямлі цягам стагоддзяў напрацоўваліся кантакты паміж Літвой і Руссю. Таму разам мы не 700, а як мінімум 1000 год. А хутчэй за ўсё, і больш.

Далей пытанні да слова «разам». Калі мы кажам «разам», то нібыта маем на ўвазе, што ў XIII стагоддзі ўжо былі яны (літоўцы) і мы (русь), а гэта значыцца, што мы ў мінулым дакладна і выключна русь.

Але ж гэта не так. Мы не толькі русь. І я не бяру тут літвінскія тэорыі пра славянства Літвы. На перыяд XIII стагоддзя добрая чвэрць сучаснай Беларусі яшчэ заселеная чысцюткімі незамутнёнымі балтамі. І ўсе яны ў наступныя стагоддзі перастаюць быць чысцюткімі балтамі не таму, што з'ехалі кудысьці, а таму што славянізаваліся.

Тое што, Смаргонь, Вілейка і Валожын — гэта чужое для нас у XIII стагоддзі? А ўся Полаччына ў XI таксама чужая? Тое ж самае, толькі са свайго боку, могуць спытаць і літоўцы, дарэчы.

Выходзіць, што і слова «разам», пры ўсёй зручнасці, не пасуе. Бо Беларусь і ёсць крыху Літва, крыху Русь. Таму, калі мы кажам, што мы разам з Літвой, як Русь, то ўсе мусяць разумець, што мы такое ж можам сказаць Русі (Украіне), што мы разам з Руссю… як Літва. Няпроста ўсё)

Але і гэтая праблема не самая актуальная. За словам «разам» для мяне хаваецца адна з вялікіх таямніц нашай гісторыі і сучаснасці.

Літва і Русь разам пабудавалі адну з буйнейшых дзяржаў Еўропы ад мора да мора, і, нават, калі гэты праект зламаўся, да 1991 года жылі побач у адной дзяржаве, хай і не сваёй. Гэта 1000 год набягае!

Выходзіць, літоўцы, па ўсіх аб'ектыўных паказчыках, найбліжэйшы для беларусаў народ. Найбліжэйшы, бо за гэты час у нас павінен быў назапасіцца неверагодны пласт культурных узаемаадносін.

Але гэта па аб'ектыўных маркерах, бо па суб'ектыўных — у нас нуль узаемаадносін. Як у сучаснасці, так і ў гістарычнай плоскасці — ні дыялектаў, ні анекдотаў, ні застаялых міфаў адзін пра аднаго.

Тут можна шмат пісаць, але вось маленькі, яркі прыклад, які мне падаецца дарэчным: у апошнім інтэрв'ю «Жыццё — Маліна» Зянон Станіслававіч вельмі безапеляцыйна сказаў, што Вільня наша ў самым прамым сэнсе гэтага слова.

Калі б Пазняк сказаў нешта такое пра Беласток ці Валынь, то ўся цяперашняя беларуская супольнасць за мяжой атрымала б праблем з лішкам. І не ад уладаў, а ад грамады.

А вось заявы пра Вільню прайшлі досыць незаўважна. Тут, канешне, можна выказаць меркаванне, што гэтае інтэрв'ю паглядзеў выпадкова літоўскі прэзідэнт і вырашыў праявіць характар сваім вета. Але па каментарыях пад відэа бачна, што літоўцы да яго не дужа дайшлі.

Карацей, мы адно аднога не бачым. Два народы, якія скалацілі некалі найбуйнейшую дзяржаву Еўропы і жывуць поплеч 1000 год, жывуць цяпер не заўважаючы адно аднога.

Гэта нейкая вялікая таямніца для мяне. І яе карані хаваюцца дзесьці ў мінулым. Нам з гэтым «разам» яшчэ працаваць і працаваць.

Чытайце таксама:

Літоўскі гісторык: Спроба сцерці з віленскай гісторыі Русь або рускасць як культуру — вельмі недальнабачная і блізарукая

«Рускія — нашы. Нашы на чале з Францыскам Скарынам». Літоўскі гісторык паразважаў пра рускасць у гісторыі і сучаснасці

Клас
80
Панылы сорам
15
Ха-ха
11
Ого
7
Сумна
13
Абуральна
21