Вольга і Дзяніс Івашыны ў дзень шлюбу — 20 чэрвеня 2019 года. Фота з сямейнага архіва Івашыных
«Мы абсалютна сур’ёзна ставімся да такіх пагроз, тым больш што пра падобныя ультыматумы кажуць і іншыя сваякі палітвязняў. <…> Але ў такіх умовах пагаджацца на запалохванне — значыцца даваць ім у рукі інструмент для далейшага шантажу і ціску. Таму хай не спадзяюцца, калі мелі такі намер», — паведаміла жонка Дзяніса Івашына Вольга.
22 красавіка Дзяніс Івашын мае чарговы раз тэлефанаваць родным.
«Найбліжэйшыя дні пакажуць, ці сапраўды адміністрацыя ПК-15 дасылала нам такія ультыматыўныя сігналы, ці гэта проста «добразычліўцы» стараюцца нам «дапамагчы». Мы дамаўляліся з Дзянісам на штотыднёвыя лісты, тэлефанаванні паводле графіка і пастаянныя сустрэчы з адвакатам. Наяўнасць усяго гэтага сведчыць пра тое, што з ім усё ў парадку. Адсутнасць хаця б аднаго з гэтых пунктаў будзе сведчыць пра тое, што супрацоўнікам калоніі ёсць што хаваць, што яны катуюць Дзяніса і нават збіраюцца яго забіць», — лічыць Вольга Івашына.
Гродзенскі журналіст-расследавальнік Дзяніс Івашын асуджаны на 13 гадоў 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у 150 базавых велічынь (4800 рублёў) па ч. 1 арт. 356 «Здрада дзяржаве» і ч. 1 арт. 179 КК «Незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці».





