Бібліятэкі пашыраюць час (з 19 да 23 гадзін) і фармат сваёй працы і ладзяць кніжныя выставы, публічныя чытанні, акцыі і іншыя культурныя імпрэзы, паведамляе Reform.by

Самая насычаная праграма чакаецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі. «Тэрыторыя навукі» — гэта адзінаццаць рознага кшталту інтэрактыўных выстаў з экскурсаводамі. Шмат музыкі, арт-лабараторыя, музей займальных навук.

Можна будзе здзейсніць займальнае падарожжа ў далёкае мінулае і вывучыць экспанаты археолага-антрапалагічнай выставы «Скура ды косткі», абяцаюць арганізатары мерапрыемства. А таксама адчуць сябе сапраўднымі даследчыкамі мікрасвету і каталізатараў і дакрануцца да таямніц хімічных з’яў.

«Чапаць рукамі не толькі не забараняецца, а вельмі нават дазваляецца… экспанаты інтэрактыўнай выставы музея займальных навук «ЭКСПИРИмЕНтуС»! Незвычайную калекцыю галаваломак з усяго свету высока ацэняць аматары інтэлектуальнага вольнага часу».

Таксама прапануюць блок навукова-папулярных лекцый. Антраполагі распавядуць пра тое, як змяняліся людзі на працягу апошняй тысячы гадоў. Гісторык Алег Дзярновіч раскажа пра фрэскі Крэўскага замка. Аляксандр Доўнар распавядзе пра мастацкае аздабленне старажытных рукапісаў. Таццяна Даўгач — пра эпідэміі ХІХ стагоддзя. Вадзім Урублеўскі пазнаёміць з кнігамі па генеалогіі Беларусі.

Нацыянальная бібліятэка Беларусі ўдзельнічае ў акцыі «Бібліяноч—2023» з тэмай «БібліяІмпульс». У праграме — актыўныя квесты ад кампаніі «Квесторыя», «Літаратурны салон» з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірынай Карнавухавай, шахматна-шашачныя турніры, «настолкі» ад Hobby World, «этнавечарына» з фолк-гуртом Guda і капэлай традыцыйнай музыкі «Анягож», чайны рытуал «Тры кубкі тэксту», лекцыі адваката, астрапсіхолага, астролага, нутрыцыёлага, імідж-стыліста, майстар-класы па фантастычнай ілюстрацыі, сучасных бальных танцах, індыйскім танцы і многае іншае!

Маленькіх гасцей пацешаць аквагрым, майстар-класы і ўзорны тэатр лялек «Васілёк», арт-тэатр Vershina, цыркавая студыя Fantasy, творчыя сустрэчы з дзіцячай пісьменніцай Аленай Масла і пазнавальная IT-праграма ад вучэбнага цэнтра «Айціландыя».

У акцыі прымуць удзел наступныя бібліятэкі:

У Мінску:

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (пр. Незалежнасці, 116), тэма «БібліяІмпульс»;

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка імя І.С.Лупіновіча НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15), тэма «Тэрыторыя навукі»;

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка (вул. Фабрыцыуса, 28), тэма «Начны абанемент»;

Цэнтральная дзіцячая бібліятэка імя М.Астроўскага (пр. Газеты «Праўда», 20а), тэма «Бібліяпрыцемкі «Кніга і кампанія».

Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16), тэма «Традыцыі. Тое, што нас аб’ядноўвае»;

Бібліятэка №13 (вул. Народная, 43а), тэма «Кніга. Музыка. Тэатр».

У рэгіёнах:

Навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы;

Астравецкая раённая бібліятэка.

Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк Магілёва;

сетка бібліятэк Кіраўскага раёна;

бібліятэчная сетка Клічаўскага раёна;

бібліятэчная сетка Крычаўскага раёна;

Цэнтралізаваная сетка публічных бібліятэк Слаўгарадскага раёна;

бібліятэчная сетка Хоцімскага раёна;

Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Шклоўскага раёна.

Уваход на мерапрыемствы вольны.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?