Джэк Тэйшэйра (злева) і пакуль што невядомы карыстальнік сацсеткі Discord пад нікам Lucca. Фота: агульны доступ

Джэк Тэйшэйра (злева) і пакуль што невядомы карыстальнік сацсеткі Discord пад нікам Lucca. Фота: агульны доступ

Джэк Тэйшэйра не быў адзіным, хто распаўсюджваў у інтэрнэце сакрэтныя дакументы ЗША. Немалаважную ролю адыграў і карыстальнік сеткі пад нікам «Lucca» (ці проста «Лука»). Пра гэта 14 красавіка паведаміла адразу некалькі СМІ: The Guardian, CNN і ABC News.

Ім стала вядома, што Тэйшэйра, галоўны падазраваны ва ўцечцы, які зараз знаходзіцца пад вартай, зліваў сакрэтныя дакументы яшчэ ў студзені толькі ў адзін маленькі чат сацсеткі Discord (на 20—30 чалавек). А ўжо потым нейкі карыстальнік «Лука» ў сакавіку пачаў адпраўляць гэтыя дакументы ў чат Wow Mao Zone (на 4000 удзельнікаў), адкуль у далейшым яны вырваліся з Discord і патрапілі ў 4chan, Telegram і Twitter.

СМІ змаглі звязацца з мадэратарам і некаторымі карыстальнікамі чата Wow Mao Zone, каб падрабязней даведацца пра «Луку». Па іх словах, ён вельмі хацеў прыцягнуць да сябе ўвагу.

«Лука меў добрую рэпутацыю ў чаце, хоць мы яго і не ведалі асабіста. У пачатку сакавіка ён стаў дасылаць выявы дакументаў, якія мы палічылі падробленымі і якія віселі там тыднямі. Пры гэтым часта падчас іх публікацыі Лука пінгаваў усіх астатніх карыстальнікаў, каб на яго звярнулі ўвагу», — расказалі CNN чатыры неназваныя ўдзельнікі чата Wow Mao Zone.

У той жа час адзін з мадэратараў чата пад нікам «Kralj» распавёў The Guardian, што асабіста шмат гадоў ведае «Луку», і адзначыў, што ні ён, ні «Лука», ні хто-небудзь яшчэ ў чаце спачатку не лічылі тыя сакрэтныя дакументы сапраўднымі.

«Ніхто не думаў, што яны сапраўдныя. Разумееце, гэта глупства размяшчаць дзяржаўныя дакументы на Discord. Памятаю, Лука тады сказаў: «Гэй, хлопцы, паглядзіце на гэтыя смешныя рэчы, якія я знаходжу на адным серверы». Аказваецца, гэта не так смешна, як мы думалі раней.

Лука зусім малады і добры хлопец, але трохі наіўны, калі справа даходзіць да таго, што ён робіць у інтэрнэце. Мы потым папрасілі яго не размяшчаць дакументы, але ён усё адно гэта рабіў. У выніку мы пачысцілі ўсе паведамленні, а потым увогуле выдалілі чат», — расказаў Kralj, адзначыўшы, што да яго яшчэ не звярталіся праваахоўныя органы па інфармацыю аб інцыдэнце.

На гэты момант асоба «Лукі» афіцыйна застаецца невядомай, аднак агенцтва ABC News сцвярджае, што даведалася яго сапраўднае імя, але пакуль не будзе раскрываць гэтую інфармацыю.

Меркаваны бацька карыстальніка ўскосна пацвердзіў агенцтву, што «Лука» з'яўляецца яго сынам.

Нагадаем, што на ўцечку з Пентагона ўпершыню звярнулі ўвагу ў пачатку красавіка. Сярод злітых дакументаў таксама аказалася інфармацыя аб дыверсіі ў Мачулішчах і характары пашкоджання расійскага стратэгічнага самалёта А-50.

Чытайце таксама:

Смерць Пуціна, смерць Зяленскага, «удар па Крамлі». Разведка ЗША разглядае «неверагодныя» сцэнары вайны — злівы

Тайвань амаль цалкам безабаронны перад паветраным нападам Кітая — злівы

Расія і ААЭ дамовіліся аб сумеснай барацьбе супраць ЗША і Вялікабрытаніі — злівы

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?