Паводле слоў ацэншчыка, у апошнія гады ламбарды адчулі прыкметны прыток наведвальнікаў. Іх паслугамі сталі карыстацца нават тыя беларусы, якія яшчэ некалькі гадоў таму ніколі б сюды не прыйшлі.

Схема працы ламбарда выглядае так: вы закладаеце рэч і пасля таго, як яе ацэняць, атрымліваеце грашовыя сродкі. Калі доўг не будзе пагашаны своечасова, ламбард прадае рэч. Таксама ў ламбард можна аддаць нейкую рэч для рэалізацыі, а можна што-небудзь набыць.

Амаль у кожным ламбардзе сёння можна ўбачыць вітрыны. На іх — музычныя калонкі, мабільныя тэлефоны, планшэты і многае іншае. Цэны нашмат ніжэйшыя, чым у краме, бо рэчы ўжо былі ў выкарыстанні.

Як адбываецца ацэнка

Сума пазыкі вызначаецца экспертам-ацэншчыкам пасля таго, як ён ацэніць выраб.

«Аналізуем рынак: калі паступіла ў продаж рэч, запатрабаваная яна на рынку ці попыт на тавар нізкі і пакупніка знайсці будзе складана. Таксама сума ацэнкі залежыць ад стану рэчы і яе працаздольнасці, — распавёў Мікалай Задарожны. —

Раней, гадоў з пяць таму, у асноўным людзі здавалі каштоўныя металы: залатыя пярсцёнкі, ланцужкі. Прыносілі іх жанчыны сярэдняга ўзросту. А сёння 60-65% рэчаў — гэта тэхніка: бытавая, будаўнічая, гаджэты. Звычайна гэта робяць мужчыны».

Ацэншчык адзначыў, што ў апошнія гады, асабліва ў 2022-м, попыт на паслугі ламбардаў сярод насельніцтва значна вырас.

«Цэны растуць, а заробкі на тым жа ўзроўні. Таму людзі прыносяць рэчы, каб здаць «да зарплаты», — патлумачыў супрацоўнік ламбарда.

Паводле яго слоў, на наведвальнасць ламбардаў уплывае і крызіс. У такія часы заўсёды наведвальнікаў больш. Пазычыць грошай часта няма ў каго, і людзей выручаюць ламбарды.

«Заўсёды таксама павялічваецца попыт на паслугі ламбардаў у святы. Перад імі людзі здаюць рэчы, каб купіць падарункі, а пасля святаў прыходзяць, таму што патрацілі грошы, і ім не хапае да зарплаты».

Фота прадастаўленае героем матэрыялу

Фота прадастаўленае героем матэрыялу

Колькі зарабляюць ламбарды

Па каштоўных металах сярэдні працэнт — 1,1%. Да прыкладу, ацанілі пярсцёнак у 100 руб., за кожны дзень будзе налічвацца 1,1 руб., якія дадаткова заплаціць пакупнік. Па іншай маёмасці (тэхніка і інш.) сярэдні працэнт — 1,3%.

Калі заручальны пярсцёнак з золата пробы 585 важыць 2 г, то на рукі кліенту выдадуць прыкладна 150 руб.

За iPhone 7 у добрым стане кліент можа атрымаць прыкладна 200 руб.

Канкурэнты — не толькі іншыя ламбарды

Па словах Мікалая, нягледзячы на тое, што кліентаў стала больш, выручка ламбарда вырасла не моцна.

«Пяць гадоў таму асноўны прыбытак ламбарду прыносілі каштоўныя металы і ювелірныя вырабы, якія было лёгка рэалізаваць. Цяпер каштоўнага металу стала менш, больш з'явілася тэхнікі, а гэта ўжо іншыя грошы і выдаткі часу».

Акрамя гэтага, сярод ламбардаў цяпер высокая канкурэнцыя.

«Акрамя іншых ламбардаў, канкураваць даводзіцца і з анлайн-барахолкамі, дзе людзі самі выстаўляюць свае тавары на продаж, дэмпінгуюць. Шчыра скажу, рынак б/у катастрафічна перапоўнены».

Пра даходнасць

«Ламбард зарабляе ў асноўным не на рэалізацыі рэчаў, а на выдачы пазык пад заклад вырабаў. Гэта складае 70% нашай выручкі. Прыбытковасць ламбарда, яго поспех наўпрост залежыць ад умення работнікаў размаўляць з кліентамі», — упэўнены супрацоўнік ламбарда.

Эксперт-ацэншчык павінен быць ветлівым, камунікабельным, заўсёды гатовым нешта прапанаваць, паказаць чалавеку, які прыйшоў у ламбард.

«Часта наведвальнікам трэба проста з кімсьці пагаварыць, падзяліцца навінамі, распавесці пра праблемы.

Таму важна, каб ацэншчык умеў слухаць. Увогуле, прыходзяць розныя людзі, і калі ты да чалавека не прыстасаваўся, то ён пойдзе ў іншы ламбард. Таму вельмі важна захаваць пастаяннага кліента. Тады ён да цябе прыйдзе яшчэ не раз. Калі ў пазычальніка няма грошай вярнуць пазыку або для пагашэння працэнтаў, мы адкладаем гэтую рэч для чалавека, абяцаючы пачакаць. Так стараемся захаваць кліента».

Партрэт кліента

Мікалай заўважыў, што ўзровень сэрвісу ў ламбардах моцна павысіўся ў апошнія гады, уладальнікі імкнуцца ўкараняць кліентаарыентаваны падыход.

«Напэўна, гэта адна з прычын, чаму кантынгент наведвальнікаў ламбардаў памяняўся за апошнія гады. Ламбарды даўно сталі ўстановай для «звычайных людзей». Сёння сюды звяртаюцца нават тыя, хто пяць гадоў таму ніколі б у ламбард не пайшоў. Людзі бачаць, што гэтым карыстаюцца іх суседзі, знаёмыя, і ў сітуацыі, калі тэрмінова патрэбныя грошы, яны думаюць: а чаму б і мне не звярнуцца ў ламбард? Тым больш, што гэта проста, хутка і зручна, ды і невысокія працэнты.

Асноўныя кліенты — гэта беларусы 20-40 гадоў. Яны складаюць каля 55-60% усіх наведвальнікаў. Звяртаюцца ў ламбарды і прадпрымальнікі, ім бываюць тэрмінова патрэбныя грошы для бізнэсу.

Часам прыходзяць добра апранутыя, дагледжаныя жанчыны сярэдніх гадоў, яны часцей за ўсё здаюць каштоўныя металы. Рэдкія наведвальнікі — сем'і з дзецьмі, якім, мабыць, проста патрэбныя грошы «да заробку». Сустракаюцца і цалкам працаздольныя людзі, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю».

Па словах Мікалая, хапае сярод кліентаў і людзей, так бы мовіць, нізкага сацыяльнага статусу. Іх колькасць вар'іруецца ў залежнасці ад раёна горада і месцазнаходжання ламбарда.

Золата, тэхніка, футры і нават чучала чарапахі

Людзі прыносяць у ламбард зусім розныя рэчы. Раней асноўны прыбытак ламбарда складалі каштоўныя металы — іх лёгка рэалізаваць, бо прымае дзяржава. Сёння каштоўнага металу стала менш, павялічылася колькасць тэхнікі — гэта асноўны тавар, які прыносяць людзі.

«Праўда, бываюць і эксклюзівы. Аднойчы кліенты прынеслі чучала чарапахі для рэалізацыі. Мы яго ўзялі, і, дарэчы, яго даволі хутка купілі.

Узімку прыносяць футры, але мы іх не бяром, бо складана забяспечыць правільныя ўмовы для захоўвання футравых вырабаў.

Яшчэ прыносяць бытавую і будаўнічую тэхніку, старыя радыёпрыёмнікі і фотаапараты. Сустракаюцца і баяны».

Фота прадастаўленае героем матэрыялу

Фота прадастаўленае героем матэрыялу

Не абыходзіцца без здарэнняў

Памяшканне ламбарда на ноч ставіцца на сігналізацыю. Таксама маецца трывожная кнопка.

«Выпадкаў, каб нас спрабавалі абрабаваць, не было ні разу. Але сам ацэншчык павінен выконваць правілы бяспекі».

Мікалай успомніў выпадак, які адбыўся ў іншым ламбардзе, калі рабаўнік напаў на супрацоўніцу, спрабуючы ўчыніць рабунак.

«У гэтай сітуацыі сама супрацоўніца зрабіла памылку. Гэта была раніца, яна толькі заступала на змену і не папрасіла кліента пачакаць на вуліцы, адкрыла пры ім ламбард, а ён пайшоў услед за ёй», — распавёў ён.

Але, па словах Мікалая, такія выпадкі ў ламбардах — вялікая рэдкасць. А вось у чым трэба праяўляць пільнасць ацэншчыку, дык гэта ў пытаннях агляду рэчаў, якія прыносяць наведвальнікі.

«Аднойчы малады чалавек прынёс да нас пярсцёнак, — распавёў пра адзін выпадак Мікалай. — Ацэншчык пацікавіўся, дзе ён быў набыты. Мужчына адказаў, што ў ZIKO прыкладна паўгода таму. Ацэншчык паглядзеў пробу, кляймо і заўважыў, што проба савецкая, а значыць, купіць пярсцёнак паўгода таму мужчына ніяк не мог.

Як потым аказалася (ён сам потым расказаў праўду), пярсцёнак мужчына непрыкметна сцягнуў у сваёй бабулі. Ламбард яму адмовіў у паслузе».

Былі выпадкі, што жанчыны прыносілі пярсцёнкі, завушніцы, якія ім дарылі мужчыны, сцвярджаючы, што вырабы залатыя. Выяўлялася, што ўпрыгожанні зробленыя не з золата.

«Ацэншчыку трэба быць вельмі ўважлівым. Могуць прыносіць падробкі або рэчы ў непрацоўным стане, з дэфектамі. Са мной у першыя гады маёй працы ў ламбардзе бывалі выпадкі, калі кліенты хацелі падмануць. Пры такой працы не варта быць залішне даверлівым. Бывае, што закладная маёмасць можа аказацца не кліентавай. Таму ацэншчык задае ўдакладняючыя пытанні і глядзіць на рэакцыю чалавека. У сваім родзе супрацоўнік ламбарда — гэта і следчы, і псіхолаг».

Чытайце таксама:

«Такі даход, вядома, проста дах зносіць». Айцішнік атрымлівае ў Польшчы штомесяц 18 тысяч даляраў і расказвае, як гэтулькі зарабляць ды куды траціць

«Як Вікіпедыя, але толькі ў свеце картаў». Гродзенец расказаў пра сваё незвычайнае хобі

«Часам людзі кажуць, што яны дачны дом купілі танней, чым абышлася печка». Прафесійны пячнік расказаў пра тонкасці свайго занятку

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
1