«Мы з дзедам проста ў шоку, панавезлі ўсяго! Такога дакладна не чакалі», — са слязамі ў голасе гаворыць па тэлефоне бабуля.

Рэгіне Казіміраўне — 65 гадоў, Генрыху Іосіфавічу — 68, але жыццё ў іх бурліць як у маладосці. Кожны дзень мільён клопатаў: адправіць дзяцей у школу і на гурткі, накарміць абедамі/вячэрамі, прасачыць за ўрокамі, памірыць, калі пасварыліся, палаяць, калі правініліся. А яшчэ пра матэрыяльнае падумаць, каб дзеці не адчувалі сябе абдзеленымі.

Гісторыя сям'і са Смаргоні расчуліла многіх чытачоў «Анлайнера». Пасля выхаду артыкула дзясяткі людзей прасілі падзяліцца кантактамі, каб маральна падтрымаць пенсіянераў і іх унукаў. Хтосьці збіраўся адправіць ліст са словамі падтрымкі, хтосьці хацеў перадаць рэчы для дзяцей у добрым стане, хтосьці прасіў нумар рахунку, каб пераслаць грошы (хоць у артыкуле пенсіянеры настойвалі на тым, што дзякуючы выплатам ад дзяржавы ў дапамозе востра патрэбы не маюць).

Здзіўляла тое, з якой лёгкасцю некаторыя беларусы наважыліся на куплю патрэбных сям'і рэчаў. У старэйшых дзяўчынак да гэтага часу няма ноўтбука? Праходзіць менш за суткі — і ў рэдакцыю паведамляюць, што «пытанне закрытае».

Вось такі дыялог атрымаўся з чытачом:

— Ноўт замовіў. Сёння прывязуць, і «Еўрапоштай» я заўтра адпраўлю.

— Раскажыце крыху пра сябе, не ўсе могуць вось так лёгка ноўтбук дарыць…

— Я проста жыхар Беларусі.

Неабыякавых жыхароў у Беларусі аказалася шмат. Патэлефанавалі пенсіянерцы, каб удакладніць, як там з ноўтам. Ці сапраўды прывезлі, як і абяцалі?

«Ноўтбук будзе! Заўтра ў нас дастаўка! Ой, нам жа ўчора вялізны тэлевізар прывезлі, паўтара метра шырынёй! Дзеўкі мае крычалі проста як шалёныя!» — на эмоцыях расказвае Рэгіна Казіміраўна.

Яна пацвердзіла, што людзі аказаліся вельмі шчодрымі: і грашыма дапамагаюць, і адзеннем, і кнігамі. Часцей за ўсё дапамога прыходзіць з Мінска, але з рэгіёнаў таксама бываюць пасылкі.

«З Оршы даслалі шмат рэчаў, і ўсё такое добрае!»

У адзін з выхадных званок:

«Я ўжо не ведаю, што рабіць. Як нам гэтым людзям аддзячыць?! Яны яшчэ адзін ноўтбук дзецям прывезлі і кожнаму па планшэце — уяўляеце? Два хлопцы з Мінска і дзве дзяўчыны, я не ведаю — хто гэта, я не разбіраюся. Мы з дзедам у такім шоку былі, у мяне наогул слёзы ручаём. Дзед сказаў: «Вы ж маладыя, вам самім грошы патрэбныя». А яны адказваюць: «Мы маладыя, мы заробім!» І столькі ўсяго навезлі, і садавіны ўсялякай, нават нейкі «драконаў фрукт» прывезлі пакаштаваць. Каця ўсё марыла пра яго. Тры гады проста жылі сабе паціху, нікому да нас не было справы, а тут такое. Мы не чакалі, праўда».

Цяпер па вечарах сям'я глядзіць фільмы з вялікага экрана. Маленькі тэлевізар з залы перавандраваў у пакой да дзядулі. А тэлевізар ад дзядулі апынуўся на кухні — пенсіянерцы стала весялей гатаваць.

Ноўтбукі, планшэты — гэта наогул дзіцячае шчасце. Дома стала прыкметна цішэй, адзначае Рэгіна Казіміраўна.

— Задаволеныя дзеці, вядома, дзе б я ім гэта ўсё купіла? Я вось пабрала тэлефоны ўсім у растэрміноўку, дык яшчэ расплачваюся дагэтуль. А тут проста ўзялі і ўсё прывезлі.

— А можа, гэта дрэнна, што цяпер дзеці ў планшэтах?

— Ай, затое ціха. Вось Сашка, наш малодшы, увесь час браў у дзеда тэлефон, а цяпер ужо на планшэце ў футбол можа пагуляць. Я таксама падсела. Мы з дзецьмі ўрокі зробім, і перад сном я клічу Віку і кажу: уключай гэтую гульню, ну, дзе з літар словы складаюцца. Мы ўжо да 53-га ўзроўню дайшлі… Разгадваем з ёй гэтыя рэбусы.

Перад каталіцкім Вялікаднем сям'і прывезлі яшчэ адну партыю падарункаў — вялікі батут для дзяцей, садовыя арэлі і самакат.

«За самакат тут ледзь не пабіліся. Сашка адразу паехаў, а потым Віка захацела, і яны тут удваіх па хаце ездзілі, па ўсіх пакоях. Цяпер ужо на вуліцы будуць катацца. Батут вось нядаўна сабралі, а побач паставім арэлі. Мы з дзедам будзем сядзець і назіраць за дзецьмі. Можа, калі шашлыкі пасмажым, на свята якое. Я і не марыла, што вось так на старасці гадоў буду адпачываць…»

Галоўнае — каб на адпачынак часу хапіла, бо ў пенсіянеркі адной толькі расады памідораў — 40 сартоў! Пастаянна эксперыментуе. Агарод — гэта яе аддушына.

«Трэба адцягвацца мне, вядома, а то ўжо цяжкавата стала, калі ўспамінала гэта ўсё… Нават сэрца пабольваць пачало, шмат перажыванняў. Але дзеткі нашы вельмі задаволеныя, дзякуй людзям за ўсё! Учора вось дзень нараджэння быў у Насці — 15 гадоў. Нейкая жанчына з Мінска даведалася і сказала забраць падарунак — навушнікі бесправадныя. І гэта проста незнаёмы чалавек, не сваячка. Вось як бывае», — дзівіцца пенсіянерка.

А вось і сабраны батут разам з арэлямі — цяпер сям'я дакладна гатовая да летняга сезона.

Чытайце таксама:

Хлопчыку з Брэста зрабілі самы дарагі ўкол у свеце. Грошы на яго збірала ўся краіна

Пра хэйт і лячэнне распавяла маці гродзенскага хлопчыка, які трапіў у ДТЗ у Беластоку і якому беларусы сабралі 300 тысяч еўра

«Адзін малады чалавек спачатку прыходзіў да нас, а праз нейкі час прыехаў на «Вольва». Як працуе і выжывае сталоўка для бяздомных

Клас
155
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
8
Абуральна
6