Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падчас візіту першага ў Пекін у сакавіку. Скрыншот відэа «Пул першага»

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падчас візіту першага ў Пекін у сакавіку. Скрыншот відэа «Пул першага»

Кітай не хоча застацца сам-насам з Захадам

Роза Турарбекава акрэслівае глабальныя мэты, якія мае Кітай.

«У першую чаргу — не дапусціць далейшай канфрантацыі і разрастання канфлікту з ЗША. У выпадку пашырэння канфрантацыі — не дапусціць яе распаўсюджвання на адносіны з Еўрапейскім саюзам, бо для Кітая вельмі важнае захаванне партнёрскіх адносін з найбольш важнымі гандлёва-эканамічнымі партнёрамі, якімі з’яўляюцца ЗША і ЕС. 

Замежная палітыка Кітая апошніх дзесяцігоддзяў нацэленая на ўмацаванне іміджу Кітая як гульца, які стаіць на варце міжнароднага права — у такім іміджы Пекін пазіцыянуе сябе перад краінамі, якія развіваюцца. Менавіта таму Кітай стаў адным з гарантаў іранскага ўсёабдымнага плана, спрабаваў удзельнічаць у перамовах па Паўночнай Карэі, якая, аднак, дабіваецца прамых перамоў са Злучанымі Штатамі. 

Кітай зацікаўлены ў тым, каб не застацца сам-насам з Захадам, а для гэта трэба, каб Расія не аслабла ў вайне. Адсюль — кітайскі мірны план па Украіне, які, акрамя ўсяго, прадугледжваў спробу прыпыніць ваенныя дзеянні, каб не дапусціць канчатковага аслаблення РФ. Пройгрыш Расіі ў вайне можа справакаваць змяненне палітычнай сітуацыі ў Расіі і яе дрэйф у бок Захаду ў будучыні.

Гэта значыць, Кітай спрабуе прадухіліць паўтарэнне наступстваў Халоднай вайны: пасля развалу СССР некаторы час Расія дэманстравала выключна празаходні курс, а Кітай застаўся сам-насам з ЗША».

Іншая мэта Кітая — дабіцца адмены санкцый. Яны абмяжоўваюць партнёрства Кітая з Расіяй.

Што стаіць за дамовамі з Масквой

Многія аналітыкі адзначаюць поспех кітайскай палітыкі ў Маскве. Прычына гэтага, кажа Роза Турарбекава, у тым, што ўсе пагадненні, падпісаныя паміж Масквой і Пекінам, у большай ступені ўлічваюць інтарэсы Кітая, чым Расіі.

Сі Цзіньпін. Кадр з відэа «Пул першага»

Сі Цзіньпін. Кадр з відэа «Пул першага»

«Адзначалася, што Сі Цзіньпін адмовіў у будаўніцтве веткі па пастаўках газу ў Кітай. У фінансавай сферы Расію больш за ўсё цікавіў пераход на юані-рублі пры ўзаемных разліках, гэта задэкларавана як прынцып, але ў дакументах не прапісана. А Кітай правёў усе свае інтарэсы, якія заяўленыя даўно: па соі, па лесе, па ядзерных рэактарах на хуткіх нейронах CEFR (The China Experimental Fast Reactor). Кітай даўно хацеў абзавесціся гэтай расійскай тэхналогіяй і дабіўся таго, што Расія здымае забарону на абмен інфармацыяй у гэтай сферы, для Кітая гэта стратэгічны поспех. 

Дэкларацыя пра ўсебаковае партнёрства і стратэгічнае ўзаемадзеянне падаецца як асноўны дакумент, падпісаны падчас візіту Сі Цзіньпіна ў Маскву.

Я ўважліва прагледзела падпісаныя дакументы, бо мяне цікавіла, як далёка Кітай можа зайсці, каб абараняць Расію перад Захадам. Не вельмі далёка. Чырвоныя лініі пазначаныя дакладна.

Кітайска-расійскае партнёрства носіць ненакіраваны характар. Гэты кітайскі прынцып пакладзены ў аснову Шанхайскай арганізацыі па супрацоўніцтве (ШАС) і азначае, што супрацоўніцтва краін-удзельніц ніколі не будзе насіць анты-характар: антыамерыканскі, антыеўрапейскі, антынатаўскі. 

Другі прынцып, які кітайцы прапісалі чорным па белым: кітайска-расійскае партнёрства не носіць характар ваеннага саюза — каб выключыць любыя розначытанні, двухсэнсоўнасць. Пра ўсё астатняе — стратэгічнае ўзаемадзеянне, сяброўства навек, усепагоднае супрацоўніцтва — добра сказаў амбасадар Кітая пры ЕС: рыторыка». 

Апошні візіт старшыні КНР паказаў, што да Расіі ставяцца ўжо як да малодшага партнёра, лічыць экспертка. 

«Распаўсюджаная памылка — лічыць, што Кітай падпісанымі дакументамі дэманструе ўзровень партнёрства. Гэта заўсёды было рыторыкай. Кітайцы спецыяльна прыдумляюць прыгожыя фармулёўкі, каб заахвоціць малодшага партнёра старацца яшчэ больш». 

Кітай не даў зброю, Пуцін дастаў ядзерную дубінку

Чаму менавіта пасля візіту Сі Цзіньпіна Пуцін заявіў пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі? Паводле сумеснай дэкларацыі, якую падпісалі Пекін і Масква, яны ўзялі на сябе абавязацельствы не садзейнічаць распаўсюджванню ядзернай зброі за нацыянальныя межы. 

«Сусветныя СМІ неабачліва паспяшылі аб’явіць, што Расія цяпер будзе выконваць ролю таннай аўтазапраўкі для Кітая. Мне здаецца, не варта забывацца, кім з’яўляецца Пуцін. Гэты чалавек можа прымаць рашэнні, якія супярэчаць нормам міжнароднага права.

У тэорыі міжнародных адносін ёсць паняцце «дзяржава-чэленджарка» — гэта дзяржава, якая кідае выклік існуючай сістэме міжнародных адносін. Мне здаецца, што Расія ўсё больш нагадвае такую «дзяржаву-чэленджарку», бо гэтая сістэма яе не задавальняе, яна хоча вярнуцца ў «вялікае мінулае», якое мы можам трактаваць па-рознаму: ці то ў Савецкі Саюз, ці то ў імперскія часы.

Пуцін паказвае, што ён усё яшчэ ўзначальвае супердзяржаву, што яму ніхто не ўказ. А па-другое, я думаю, што гэта не спантаннае рашэнне, а хатняя загатоўка, пытанне ўпіралася толькі ў адно — калі Пуцін яе прыменіць. Я перакананая, што Лукашэнка быў у курсе гэтага плана». 

Роза Турарбекава мяркуе, што, магчыма, рэч у тым, што Кітай не асмеліўся даць зброю Пуціну.

«Пуцін зразумеў, што Кітай не той партнёр, які дапаможа яму перамагчы ў вайне. У Крамлі таксама стратэгі сядзяць, яны выпрацоўваюць розныя планы на розныя выпадкі.

Мне здаецца, размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі — якраз запасны план на выпадак, калі Пекін, з аднаго боку, не можа дамагчыся спынення вайны, з другога боку — не дае зброю.

Гэта вельмі дрэнны сцэнарый для Расіі, але на гэты выпадак падрыхтавалі план з тактычнай ядзернай зброяй». 

Рашэнне размясціць тактычную ядзерную зброі ў Беларусі — гэта камень у кітайскі агарод, разважае Турарбекава.

«Уявіце сабе: вы пазіцыянуецеся як адказны актар, на якога спадзяецца ўся міжнародная супольнасць (а яна цяпер сапраўды мае нейкія ілюзіі наконт кітайскага мірнага плана).

І тут да вас прыязджаюць з Мінска на перамовы, усё адбываецца напярэдадні візіту Сі Цзіньпіна ў Расію. У выніку старшыня КНР адмаўляецца ад званка Зяленскаму, чым дэманструе нейтралітэт прарасійскага характару, едзе ў Маскву, сустракаецца з Пуціным, дэманструе ўсяму свету падтрымку Расіі. З’язджае адтуль — і атрымлівае ўслед заяву Пуціна, якую інакш, як камень у кітайскі агарод, я назваць не магу. Мякка кажучы, у Пекіне былі непрыемна здзіўленыя гэтай заявай». 

Амбасадар Кітая выказаўся не па-кітайску

Днямі амбасадар Кітая ў Еўрасаюзе аб’явіў, што Кітай не падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, а заява аб «бязмежным сяброўстве» паміж Масквой і Пекінам — не больш чым рытарычны прыём.

«Шчыра скажу, не прыгадаю, каб кітайскі дыпламат (а амбасадар у ЕС — дыпламат вельмі высокага рангу) у такой рэзкай форме абарваў Крэмль, гэта не па-кітайску.

Я назірала за рыторыкай кітайскіх уладаў яшчэ з 2007—2008 гадоў, з часоў расійска-грузінскай вайны. Ужо тады кітайцы былі вельмі незадаволеныя Пуціным: незадаволеныя тым, што вайна пачалася проста падчас Пекінскай алімпіяды.

Тым больш што ў Кітая ёсць прынцыпы і ўласнае ўяўленне пра бяспеку: яны лічаць злом сепаратызм, экстрэмізм і тэрарызм. Зразумела чаму: Абхазія і Паўднёвая Асеція ў Грузіі такі ж сепаратызм, якім лічыцца Тыбет, Сіньцзян і Тайвань у Кітаі. Тады Кітай фактычна ўпершыню адмовіў Расіі ў падтрымцы ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, кітайскую пазіцыю падтрымалі ўсе краіны Цэнтральнай Азіі, што стала для Расіі непрыемным сюрпрызам».

На фоне мяккай рыторыкі, якую звычайна ўжывае Кітай, заява іх амбасадара ў ЕС — амаль публічная поўха Крамлю. Гэта можа сведчыць пра тое, што закрытыя камунікацыі паміж Пекінам і Масквой праваліліся: Роза Турарбекава мяркуе, што Пекін спрабаваў адгаварыць Пуціна. 

«Амбасадар Кітая робіць такі стрэл, і амаль адразу ж Эмануэль Макрон і Урсула фон дэр Ляен вылятаюць у Пекін. І ўсё становіцца на свае месцы: хутчэй за ўсё, перамовы паміж Расіяй і Пекінам праваленыя, еўрапейцы скарысталіся момантам і накіраваліся ў Пекін, каб перацягнуць Кітай на свой бок». 

Вынікі гэтага візіту, лічыць экспертка, можна будзе ацаніць праз час — трэба паглядзець на эфект.

Беларусі няма ў глабальных планах Кітая

Якая роля адведзеная Беларусі і Лукашэнку ў кітайскіх планах? Роза Турарбекава заўважае: Лукашэнка хацеў бы быць для Кітая транспартным калідорам, партнёрам, на якога можна абаперціся. Кітай у яго планах мусіў выступаць у ролі другой апоры, нароўні з Крамлём, у замежнай палітыцы. Але гэта далёка ад рэальнасці.

Лукашэнка падчас візіту ў Кітай. Фота: «Пул першага»

Лукашэнка падчас візіту ў Кітай. Фота: «Пул першага»

«Існуюць законы гасціннасці, асабліва ўсходняй гасціннасці: вы ж не кажаце госцю, што ён непрыгожы, бедны і нікому не цікавы чалавек, нават калі ён насамрэч такі. На яго словы вы ветліва ківаеце, можа быць, нават знойдзеце для яго камплімент,

— разважае экспертка пра візіт Лукашэнкі ў Пекін. — Тым больш што кітайцам заўсёды падабалася антыамерыканская лукашэнкаўская рыторыка, а Лукашэнка заўсёды адчуваў, чым можа дагадзіць кітайскаму кіраўніцтву. Але кітайскае кіраўніцтва — рацыянальныя людзі, яны аддзяляюць рыторыку ад спраў. 

Для Кітая Беларусь не з’яўляецца транспартным хабам. Такой яна не з’яўляецца з пратэстаў 2020 года. Рост гандлю паміж Кітаем і Беларуссю сведчыць толькі пра тое, што ў Беларусі, акрамя Кітая, засталося нямнога партнёраў, з якімі захаваўся ранейшы ўзровень гандлёвых адносін. Гэты ўзровень трымаецца недзе на адзнацы 5,5 мільярда даляраў: для Кітая гэта амаль нішто, для Беларусі вельмі многа, за адным непрыемным выключэннем — у нас адмоўнае гандлёвае сальда». 

Кітай наўрад ці разглядае тэрыторыю Беларусі, як і Расіі, у якасці асноўнага гандлёвага шляху — праз небяспеку ў рэгіёне. Кітайскі бізнэс узважвае рызыкі. Таму марскі шлях як быў асноўным, такім ён і застаецца, кажа Роза Турарбекава.

«Транскантынентальны паўночны маршрут праз Расію быў для Кітая адным з асноўных сухапутных транспартных калідораў у Еўропу, але пры гэтым ён заставаўся маргінальным: большая частка грузаў ішла морам, бо танкерныя перавозкі заўсёды таннейшыя, чым сухапутныя. 

Да таго ж, Кітай задзейнічае альтэрнатыўныя шляхі і пускае некаторыя цягнікі ў абход Расіі яшчэ з пачатку вайны. 

І дзе ва ўсім гэтым раскладзе Рэспубліка Беларусь? У глабальных планах яе няма. Засталася толькі рыторыка».

Кітай апублікаваў сваю пазіцыю па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне

У Кітаі заявілі, што не падтрымліваюць ваенную агрэсію Расіі і не прызнаюць Крым расійскім

Макрон: Кітай павінен прыняць меры ў сувязі з тым, што Пуцін размясціў ядзерную зброю ў Беларусі

Кітай прапанаваў не размяшчаць ядзерную зброю за мяжой

Клас
40
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
12